Співакоў…

Учора ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Рэспублікі Беларусь феерычнай праграмай “Корпс” Нацыянальнага балета Марселя (рэжысёры Эміа Грэка і Пітэр К. Шольтэн) завяршыўся V Міжнародны фестываль “Уладзімір Співакоў запрашае…”. Шэсць дзён наша краіна жыла вялікай музыкай, якую прывёз да нас дырыжор, народны артыст СССР і Расійскай Федэрацыі, мастацкі кіраўнік Нацыянальнага філарманічнага аркестра Расіі і Дзяржаўнага камернага аркестра “Віртуозы Масквы” Уладзімір Тэадоравіч Співакоў. Прычым “Віртуозаў Масквы” мелі магчымасць пачуць не толькі жыхары сталіцы, але і Магілёва ды Гомеля ў абласных філармоніях.

А перад пачаткам гэтага яскравага творчага марафону маэстра даў прэс-канферэнцыю. За нейкія паўгадзіны ён здолеў сказаць шмат сур’ёзных і важных рэчаў, з якімі сёння хочацца пазнаёміць нашых чытачоў.

“Часцінка Беларусі заўсёды са мной. У Маскве, у Доме музыкі, знаходзіцца бюст Рахманінава ў бронзе выканання беларускіх скульптараў. Гэты выбітны падарунак мне зрабіў на дзень нараджэння прадзюсар і арганізатар нашага фестывалю Максім Берын. Гэта, сапраўды, выбітны падарунак, бо падарункі мне рабіць цяжка. Дарагія рэчы я не нашу і не люблю. А вось нешта такое, што застаецца ў душы, што стварае гармонію, што прымірае з рэчаіснасцю… Гэта вельмі дорага”.

“Я ніколі не перастаю здзіўляцца: ваша краіна Беларусь — гэта краіна скарбаў. І самае галоўнае, што вы беражліва ставіцеся да гэтых скарбаў. Для мяне гэта вельмі важна. Таму што для таго, каб думаць добра пра цяперашняе і будучыню, неабходна памятаць пра тое, што было да гэтага, пачынаючы ад вашых веткаўскіх стараверскіх абразоў. Вашы стараверы жылі ў міры і згодзе, і гэта знайшло сваё адлюстраванне ў іх іканапісе. Я захапляюся гэтым мастацтвам. На працягу пэўнага перыяду свайго жыцця, калі яшчэ можна было нешта знайсці ў антыкварных крамах Беларусі, Украіны, Літвы, Бранскай вобласці, я нават збіраў гэтыя абразы. І сярод вашых сучасных мастакоў таксама ёсць тыя, перад якімі я гатовы зняць капялюш. Магу назваць чалавека, якога я лічу проста геніяльным. Гэта Аляксандр Кішчанка. Некалькі яго рэчаў, якія я аднойчы пабачыў, засталіся ў маёй памяці назаўсёды”.

“Да Беларусі я заўсёды ставіўся менавіта як да краіны, а не як да рэспублікі, нават калі яна называлася Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікай”.

“З Беларуссю мяне звязвае ў першую чаргу мама, у якой было шмат сябровак з вашай краіны. Разам яны прайшлі блакаду ў Ленінградзе. А блакаднікі — гэта незвычайныя людзі. Яны звязаны такімі сувязямі, якіх не існуе ва ўсіх іншых людзей. Яны ўсе былі аб’яднаны ідэяй чалавечай прыналежнасці… І яшчэ хачу сказаць, што добра ведаю пра тое, як паводзілі сябе беларусы падчас вайны. Не так, як многія іншыя”.

“У маім узросце, напэўна, не варта думаць пра нейкія юбілейныя даты, але яны зусім нечаканым чынам навальваюцца на цябе. Вось у гэтым годзе ў Францыі будзе — можаце сабе гэта ўявіць? — 30-ы Кальмарскі фестываль, які я ладжу. За яго я атрымаў з рук былога Прэзідэнта Францыі Нікаля Сарказі найвышэйшую ўзнагароду гэтай краіны — афіцэрскае званне ў Ганаровым легіёне. Кожны год гэты фестываль прысвечаны нейкай вельмі важнай асобе, якая жыла ці жыве і асвятляе шлях іншым людзям. 30-ы Кальмарскі фестываль будзе прысвечаны Яўгену Кісіну, удзельніку першага фестывалю. Гэта чалавек, які вырас на маіх вачах. Калі яму было 10 гадоў, мы ігралі з ім разам, ездзілі па ўсім свеце. Я ганаруся тым, што вывеў гэтага маленькага генія на арбіту, нягледзячы на тое, што Міністэрства культуры было супраць таго, каб ён іграў недзе за межамі Маскоўскай вобласці. А сёння гэта велічыня суасветнага маштабу. Не будзем гаварыць пра месцы, бо месцы ў мастацтве не раздаюцца. Гэта проста гіганцкая фігура”.

“Што тычыцца фестывалю “Уладзімір Співакоў запрашае…”, калі вы пагледзіце на тое, хто за гады яго правядзення быў у Беларусі, вы не зможаце не здзівіцца. І, безумоўна, у першую чаргу на памяць прыходзіць імя Дзмітрыя Хварастоўскага, з якім мы тут разам выступалі, рэпеціравалі, жылі разам у адной гасцініцы, абедалі, вячэралі, падоўгу гутарылі… Страта Дзмітрыя — незаменная. Гэта вялікае-вялікае для нас гора. І таму нядаўна я выступіў з ідэяй стварыць фонд у падтрымку яго дзяцей. Мяне падтрымалі Ганна Нятрэбка, Юсіф Эйвазаў, Максім Берын, яшчэ шэраг сяброў і аднадумцаў. Многія людзі думаюць, што Хварастоўскі быў вельмі багаты чалавек. Але гэта толькі выгляд быў такі — паспяховага, прыгожага, шыкоўнага мужчыны. Трэба проста разумець, колькі каштуе жыццё за мяжой, адпаведнае яго статусу. Вы нават не можаце ўявіць, колькі трэба зарабляць, каб мець магчымасць жыць у адпаведнасці з маштабам такой асобы. Я спалохаўся за яго дзяцей. Я хачу, каб яны атрымалі добрую адукацыю”.

“Я зусім не гляджу тэлебачанне. Але мне пішуць людзі, напрыклад, з Іспаніі ці Германіі, маўляў, бачылі ваш майстар-клас па Беларускім тэлебачанні. А нядаўна мы ездзілі ў Італію, у Верону, і там да мяне падышоў беларускі журналіст: “Я з Мінска. Можна ў вас папрасіць 10—15 хвілін для гутаркі?” Я кажу: “Толькі пасля канцэрта”. І мы пасля канцэрта, сапраўды, пагаварылі з ім. У выніку атрымалася тэлеперадача. Людзі глядзелі, пасля гаварылі мне, што вельмі цёпла ўсё было… Я ўсё гэта кажу для таго, што ў нас непарушныя сувязі. І гэта праяўляецца часам вельмі нечакана, як з тым жа вашым журналістам. Гэта ж трэба было мяне знайсці ў Вероне!”

“Не ведаю, наколькі можна глядзець наперад… Але быў такі геніяльны дацкі філосаф Сёрэн К’еркегор, які гаварыў: “Калі імкнешся наперад, губляеш спакой. А калі спыняешся, то можаш страціць сябе”. Думаю, што лепш згубіць спакой і не спыняцца ніколі… Я літаральна ўчора выступаў у зале Чайкоўскага — за ўвесь канцэрт змяніў чатыры кашулі. Як кажуць сёння маладыя людзі, кайфануў па поўнай. Да вас таксама захапіў не адну кашулю. Шчыра кажучы, я працую сёння ў такім рэжыме… як бы гэта сказаць… як быццам хачу паспець усё зрабіць”.

“Мастацтва не можа сядзець у клетцы. Як птушка, яно павінна ляцець па краінах і кантынентах без усялякіх межаў. Для мяне вельмі важна захоўваць і пашыраць наша агульнае культурнае поле, агульную культурную прастору”.

“Публіка залежыць ад таго, што яна чуе. Я не разумею артыстаў, якія пагардліва ставяцца да публікі, маўляў, я такі разумны і таленавіты, а публіка ўмее толькі хаваць. Па-першае, публіка можа быць і больш інтэлектуальнай, і больш інтэлігентнай, чым той, хто на сцэне выступае. А па-другое, публіка разумее і адчувае якасць і клас. Я разам са сваімі калегамі сумленна стаўлюся да канцэртаў. Гэта не спяваць пад фанаграму. Гэта — думаць, сядзець з партытурай у самалёце падчас далёкага пералёту, а потым выкладвацца да канца на сцэне… Тады пасля канцэрта ты выходзіш з чыстым сумленнем перад людзьмі, якія прыйшлі на твой канцэрт”.

“У сёлетнюю фестывальную праграму я невыпадкова ўключыў камерную сімфонію Дзмітрыя Шастаковіча “Памяці ахвяр фашызму і вайны”. Я доўга думаў пра гэты твор і, здаецца, зразумеў яго сэнс і сутнасць. Ведаеце, калі паглыбляешся ў нейкі твор, ты становішся яго часткай. З’яўляецца адчуванне, што гэта як бы і твой уласны твор. І я зразумеў, што Дзмітрый Дзмітрыевіч напісаў гэтую сімфонію не толькі ў памяць ахвяр фашызму і вайны, але і ў памяць пра сябе. Некалі я сказаў сваёй жонцы: “Шастаковіч у гэтай сімфоніі ўяўляе, што яго забілі і што ён глядзіць на гэты свет з нябёс. Як Шэкспір глядзіць на нас усіх. Гэтая сімфонія — яго своеасаблівая эпітафія”. Мінула 15 гадоў пасля таго, як я гэта сказаў, і выйшла кніжка перапіскі Дзмітрыя Шастаковіча з пісьменнікам Ісаакам Глікманам, з якім ён сябраваў. І вось уяўляеце! У адным з лістоў я чытаю: “Сёння закончыў восьмы квартэт сімфоніі. Паколькі я думаю, што ні аднаму чалавеку не прыйдзе ў галаву напісаць што-небудзь у памяць пра мяне, я вырашыў гэта зрабіць сам”.

“У мяне вельмі добрае ўражанне ад вашага Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра. Гэта выдатныя музыканты на чале са сваім маэстра Аляксандрам Анісімавым. Адзінае, што мне хацелася б, — каб была палепшана база, што тычыцца інструментаў. Але гэта, безумоўна, няпроста…”

“Я вельмі хацеў бы, каб у Мінску з’явіўся аналаг Дома музыкі ў Маскве. Мне здаецца, што для гэтага надышоў час. Я 8 гадоў адстойваў ідэю будаўніцтва такой установы ў Маскве. Хадзіў бясконца да Лужкова на паклон, ажно неяк на нашым канцэрце ў Вялікай зале кансерваторыі апынуліся разам Барыс Мікалаевіч Ельцын і Юрый Міхайлавіч Лужкоў. І я тады звярнуўся да іх абодвух. Ельцын тады паглядзеў на Лужкова: “Юрый Міхайлавіч, трэба будаваць…” А ўжо на наступны дзень а 9-й раніцы я быў у Лужкова ў кабінеце, дзе мы гаварылі пра будаўніцтва Дома музыкі. І сёння ён ужо стаў візітоўкай культурнага жыцця расійскай сталіцы”.

“Людзі павінны разумець, што мастацтва — гэта не забава. І што яно часта не згаджаецца з тым, што адбываецца на іншых — немастацкіх — мерыдыянах”.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота Дзмітрыя ЕЛІСЕЕВА.