Спорт для ўсіх

- 11:34Спартыўныя падзеі

Дабрачынная акцыя “Спорт для ўсіх”, арганізаваная Нацыянальным алімпійскім камітэтам сумесна з Мінскім гарадскім выканаўчым камітэтам, прайшла днямі ў сталічнай школе № 91 імя Хасэ Марці. У рамках акцыі навучэнцам школы быў перададзены спартыўны інвентар: баскетбольныя мячы, турысцкі рыштунак, лыжы, штанга.

Школа імя Хасэ Марці вядомая не толькі тым, што яе выпускнікамі з’яўляюцца вядомыя артысты, медыкі, навукоўцы нашай краіны. Менавіта тут вучыліся многія прадстаўнікі хакейнай зборнай Беларусі: Канстанцін Захараў, Міхаіл Грабоўскі, Аляксандр Андрыеўскі, Андрэй Расолька, Руслан Салей.
У школе ёсць класы для дзяцей з парушэннямі слыху. Каманды навучальнай установы неаднаразова станавіліся пераможцамі гарадскіх спаборніцтваў сярод дэфалімпійцаў, у тым ліку і па гульнявых відах спорту.
“Калі ў некага складваецца ўражанне, што Нацыянальны алімпійскі камітэт удзяляе ўвагу толькі спорту вышэйшых дасягненняў, то яно памылковае, — адзначыў першы віцэ-прэзідэнт НАК Рэспублікі Беларусь Максім Рыжанкоў. — Мы стараемся актыўна падтрымліваць масавы спорт, і дзіцячы спорт у прыватнасці. Акцыя “Спорт для ўсіх” — адно з такіх мерапрыемстваў. Вельмі важна, каб у дзіцяці з самых першых крокаў, у дзіцячым садку, у школе фарміравалася звычка займацца спортам. Таму разам з Мінгарвыканкамам мы вырашылі распачаць пастаянны праект, у рамках якога будзем наведваць школы разам з вядомымі спартсменамі і прэзентаваць інвентар для заняткаў спортам.
Так супала, што пачатак акцыі адбыўся якраз падчас святкавання Дня Перамогі. Перамога нашых дзядоў у Вялікай Айчыннай вайне стала асновай будучага жыцця. Сёння сваёй працай мы можам працягнуць былыя заслугі беларускага народа. Хочацца думаць, што сённяшнія дзеці таксама зробяць свой уклад у скарбонку незалежнасці нашай краіны, у скарбонку спорту і здароўя”.
Разам з Максімам Рыжанковым, намеснікам старшыні Мінгарвыканкама Ігарам Карпенкам, Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Куба ў Рэспубліцы Беларусь Херарда Суарэсам Альварэсам навучальную ўстанову наведалі знакамітыя спартсмены і ветэраны.
“Я ўпершыню прыязджаю з такім візітам у школу, — прызналася двухразовая прызёрка Алімпійскіх гульняў па мастацкай гімнастыцы Ксенія Санковіч. — Мы ўсе адчуваем, наколькі важна гэта для дзяцей. Прыемна бачыць тут фотаздымкі спартсменаў, выдатную спартыўную базу, тое, што ў школе праводзіцца шмат спаборніцтваў. Думаецца, галоўная мэта нашага мерапрыемства — убачыць шчаслівыя і зацікаўленыя вочы дзяцей”.
“Роўна год назад мы былі ў адной са сталічных спартыўных школ, — успамінаў алімпійскі чэмпіён па веславанні на каноэ Дзмітрый Даўгалёнак, — адміністрацыя школы запланавала сустрэчу дзяцей з вядомымі спартсменамі на 40 хвілін. Аднак дзеці не адпускалі чэмпіёнаў больш за дзве з паловай гадзіны. Тады мы адчулі, што падобныя мерапрыемствы, спартыўны інвентар у падарунак сапраўды запальваюць нешта ўнутры. Магчыма, гадоў праз 10—15, даючы інтэрв’ю, адзін з алімпійскіх чэмпіёнаў скажа: усё пачалося з таго, што нашай школе падарылі лыжы”.
Экс-цэнтравы беларускай зборнай чэмпіён Еўропы U-23 па баскетболе Аляксандр Куль — нярэдкі ўдзельнік спартыўных акцый.
“Агульная мэта такіх сустрэч — паказаць сучасным дзецям, што сёння акрамя камп’ютарных гульняў і вуліцы ёсць яшчэ і спорт, — падкрэсліў спартсмен. — І неабавязкова быць прафесіяналам. Важна заставацца здаровым!”
Акцэнтам мерапрыемства стала правядзенне малых алімпійскіх гульняў, дзе лепшым спартсменам школы было даручана запальваць алімпійскі агонь і ўзнімаць сцяг, а таксама футбольнай таварыскай сустрэчы.

Наталля АЛЁХІНА.
Фота Настассі МАРЫНІНАЙ.