Спорт і вольны час

У рамках шостага школьнага дня 19 мая прайшоў VI гарадскі турнір па міні-футболе паміж камандамі ўстаноў адукацыі Магілёва, прымеркаваны да Дня работнікаў фізічнай культуры і спорту. Мэтай мерапрыемства стала папулярызацыя здаровага ладу жыцця і ўмацаванне сяброўскіх адносін сярод моладзі. Турнір праходзіў на базе Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя № 1.

І месца заняла каманда “КДІ”, прадстаўнікі МДАЛ № 1, ІІ месца — каманда сярэдняй школы № 4 Магілёва, ІІІ месца — каманда “2014”, прадстаўнікі МДАЛ № 1. Усе ўдзельнікі гэтых каманд былі ўзнагароджаны медалямі і ганаровымі граматамі. Лепшым гульцам уручаны памятныя статуэткі: лепшым варатаром стаў Аляксандр Радомскі (каманда “КДІ”), лепшым бамбардзірам названы Іван Семянок (каманда “2014”), а звання “Лепшы гулец” удастоены навучэнец сярэдняй школы № 4 Магілёва Арцём Бычанок.

Галоўны суддзя спаборніцтваў Уладзімір Вячаслававіч Рымкевіч, загадчык кафедры фізічнай культуры і здароўя Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя № 1, быў строгі і аб’ектыўны, нягледзячы на тое, што ў турніры бралі ўдзел 2 каманды гэтай установы адукацыі. Педагагічныя калектывы і навучэнцы цёпла падтрымлівалі свае каманды, і нават капрызы надвор’я не адбіліся на настроі гульцоў і заўзятараў.

Віншуем пераможцаў і прызёраў, дзякуем за гульню ўдзельнікам і жадаем далейшых спартыўных поспехаў!

Алена СТУДНЕВА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 4 Магілёва.