Спорт крочыць поплеч з маладзёжнай культурай

- 10:39Актуально, Апошнія запісы, Рознае

8 верасня ў Мінску адбылося адкрыццё пятай юбілейнай рэспубліканскай акцыі “Тыдзень спорту і здароўя” .

1_DSC0439(сайт)У цырымоніі адкрыцця ўзялі ўдзел намеснік прэм’ер-міністра Анатоль Афанасьевіч Тозік, намеснік міністра адукацыі Віктар Віктаравіч Якжык, намеснік старшыні Мінгарвыканкама Ігар Васільевіч Карпенка, дырэктар Рэспубліканскага цэнтра фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў Валянціна Віктараўна Баляба і інш. Ганаровым госцем цырымоніі адкрыцця стаў алімпійскі чэмпіён, знакаміты канаіст Андрэй Багдановіч.
Дарэчы, унікальнасцю рэспубліканскай акцыі “Тыдзень спорту і здароўя” можна назваць “Урокі чэмпіёнаў”, ідэя правядзення якіх з’явілася ў мінулым годзе. Многія з айчынных чэмпіёнаў ужо завіталі ў школы краіны, паказаўшы маладому пакаленню ўласны прыклад сяброўства са спортам.
Мінск па традыцыі стаў эпіцэнтрам самых цікавых падзей. У рамках акцыі праводзяцца майстар-класы па відах спорту, сярод якіх такія папулярныя маладзёжныя кірункі, як стрытбол і барацьба без правіл. Ролікі, канькі, скачкі на батуце — арганізатары крочаць поплеч з развіццём маладзёжнай культуры!
Актыўна праходзіць акцыя і ў рэгіёнах. У прыватнасці, у Жабінкаўскім раёне Брэсцкай вобласці асаблівую папулярнасць набыў комплексны праект “Фізкультура. Здароўе. Турызм. Аздараўленне”, у якім прынялі ўдзел больш за 240 навучэнцаў. Як адзначае дырэктар Брэсцкага абласнога цэнтра фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў Аляксандр Уладзіміравіч Сачанюк, на сённяшні момант Баранавічы сталі цэнтрам футбольных турніраў, а ў Драгічыне — найбольшае наведванне выклікалі валейбольныя таварыскія сустрэчы.
Менавіта ў ходзе гэтага тыдня многія школьнікі вызначаюцца з відам спорту, якім бы хацелі займацца. Гродзенскі абласны цэнтр фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў разам з упраўленнем спорту і турызму аблвыканкама праводзяць акцыю “Запішыся ў спартыўную школу”, у рамках якой плануюць скаардынаваць работу двух ведамстваў для выяўлення таленавітых дзяцей. Ужо сёння на аснове вынікаў тэсціравання ў рэгіёне створаны банк даных маторна адораных навучэнцаў.
Дні здароўя праходзяць ва ўсіх школах краіны!

Падрыхтавала
Наталля АЛЁХІНА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.