Спорт меж не ведае

- 10:09Навіны рэгіёнаў

Падведзены вынікі адкрытага публічнага рэспубліканскага конкурсу дзіцячага малюнка “Пасябруй са спортам!”.

У гамяльчан — два другія месцы.

Ва ўсіх установах адукацыі Беларусі навучэнцам 1—3 і 4—6 класаў прапанавалі прадэманстраваць сваё бачанне спорту. Тэматычны малюнак ці аплікацыю ацэньвалі не прафесійныя мастакі, а прадстаўнікі спартыўнай грамадскасці краіны. Яны ацэньвалі стыль выканання, сюжэтна-кампазіцыйнае ўвасабленне, якасць афармлення. Але ж самым галоўным быў творчы і індывідуальны падыход да ідэі.

У рэспубліканскім фінале ад Гомельшчыны прынялі ўдзел дзесяць работ юных мастакоў. З велізарнай колькасці твораў журы выбрала самыя лепшыя. Дзевяцігадовая Настасся Каваленка, навучэнка 3 класа гімназіі № 56 Гомеля імя А.А.Вішнеўскага, заняла 2-е месца з малюнкам алоўкамі “Спорт не ведае меж”.

Таксама на 2-м месцы ў сваёй узроставай катэгорыі — адзінаццацігадовая Настасся Уткіна, якая вучыцца ў 6 класе сярэдняй школы № 8 Рэчыцы. Дзяўчынка гуашшу намалявала гімнастку.

Аўтары лепшых твораў у канцы мая — пачатку чэрвеня сустрэнуцца ў Мінску на рэспубліканскім фінале. Усім фіналістам уручаць не толькі памятныя прызы, але і сапраўдныя медалі, а прызёры ў абедзвюх узроставых групах стануць уладальнікамі ганаровых кубкаў. Таксама ўсіх удзельнікаў рэспубліканскага фіналу чака­юць пуцёўкі ў Нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы цэнтр “Зубраня” і насычаная культурная праграма ў сталіцы краіны.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.