Спорт як аснова і лёс

- 12:22Адукацыйная прастора

Фізкультура і спорт заўсёды лічыліся гарантам прыгажосці і здароўя, яны дапамагаюць фарміраванню асобы, раскрываюць патэнцыял чалавека, даюць зарад бадзёрасці і аптымізму, выхоўваюць сілу волі. Людзі, якія займаюцца фізічнай культурай, спортам і турызмам, вядуць здаровы лад жыцця, з’яўляюцца прыкладам для маладога пакалення. Георгій Пятровіч Гірыс 36 гадоў працуе ў Вераб’евіцкім дзіцячым садзе — базавай школе Навагрудскага раёна настаўнікам фізічнай культуры. Такі доўгі працоўны шлях у адной установе… Магчыма, гэта выпадковасць, а можа быць, і лёс. Так атрымалася, што з роднай школай яны аднагодкі і ў мінулым годзе адзначылі 60-гадовы юбілей.

За 36 гадоў адданай і шчырай працы ў Георгія Пятровіча назапасілася шмат успамінаў — і ўсе станоўчыя і прыемныя. Ён з любоўю расказвае пра сваю работу і з бляскам у вачах успамінае ўсіх вучняў. Канечне, асаблівыя пачуцці ў Георгія Пятровіча да дзяцей, для якіх фізкультура стала больш чым проста ўрокам.

— Любому настаўніку прыемна, калі дзеці настолькі захапляюцца тваім прадметам, што выбіраюць яго ў якасці будучай прафесіі, — гаворыць Георгій Пятровіч. — Алег Царук, Сяргей Антановіч, Аляксандр Іваноў, Ілья Лобач і Аляксандр Кавалеўскі — гэта вучні, якімі я вельмі ганаруся. Тым, хто ленаваўся, я заўсёды прыводзіў гэтых хлопцаў у прыклад, бо яны паспявалі і добра вучыцца, і на трэніроўкі хадзіць, і займацца школьнымі грамадскімі справамі, і бацькам дапамагаць.

Для Георгія Пятровіча фізкультура заўсёды была і застаецца асновай і ладам жыцця. Ён і сёння ў выдатнай фізічнай форме: сам гуляе з вучнямі ў футбол, валейбол, абараняе гонар школы і раёна на спаборніцтвах па розных відах спорту. Асабісты прыклад, па яго меркаванні, з’яўляецца найлепшым спосабам заахвоціць дзіця. Акрамя таго, Г.П.Гірыс шмат гадоў з’яўляецца кіраўніком метадычнага аб’яднання настаўнікаў фізічнай культуры раёна. Нямала ў Георгія Пятровіча і ўзнагарод, прычым самага высокага ўзроўню.

Мы выказваем словы ўдзячнасці настаўніку фізкультуры за падрыхтоўку юных спартсменаў, прыцягненне да здаровага ладу жыцця дзяцей і падлеткаў, выхаванне ў іх працавітасці, настойлівасці і мэтанакіраванасці, за поспехі ў спартыўных дасягненнях і ўклад у прапаганду здаровага ладу жыцця. Дзякуючы нашаму калегу, вучні годна прадстаўляюць Вераб’евіцкую школу на спаборніцтвах рознага ўзроўню і дасягаюць высокіх вынікаў.

Вольга РАДЧАНКА,
дырэктар Вераб’евіцкага дзіцячага сада — базавай школы Навагрудскага раёна.