Спорт з характарам

Мне не раз даводзілся чуць, што пад словам “гандбол” некаторыя людзі разумеюць амерыканскі футбол. Незразумела, адкуль пайшла такая блытаніна, але варта выкараняць яе з розумаў людзей. Гэтым ужо 13 гадоў займаецца трэнер Рэcпубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па гандболе Хрысціна Севасцьянчук. Яе выхаванкі і іх акружэнне дакладна могуць патлумачыць розніцу паміж двума відамі спорту.

Хрысціна Арнольдаўна пачала займацца гандболам у 1997 годзе. Яна трэніравалася там жа, дзе зараз і працуе. У той час дзяўчына стаяла перад выбарам: прысвяціць сябе мастацтву ці прадоўжыць займацца спортам. Па характары ёй больш падабаўся ганд­бол: там была барацьба, рызыка, прыняцце мноства рашэнняў падчас гульні, адказ­насць за каманду. Выбар быў відавочным. Пасля школы Хрысціна Севасцьянчук паступіла ў БДУФК, а ў 2007 годзе прыйшла ў цэнтр, дзе працуе і зараз. “Я дакладна не ведала, ці маё гэта, таму дала сама сабе наказ: зоймем 1-е месца на рэспубліканскіх спаборніцтвах — застануся. Занялі. Потым зноў першае. Канечне, былі і ўзлё­ты, і падзенні, але спачатку мы толькі ўзляталі, гэта мяне і затрымала. А яшчэ дзеці. Яны прыцягваюць да сябе. Я іх набіраю ў 2—4 класах і даводжу да 11-га. Ужо настолькі іх ведаеш, што адпусціць не можаш”.

Першыя часы Хрысціне Арнольдаўне дапамагала яе трэнер Наталля Уладзіміраўна Карпіловіч. Ужо не выхаванка, а калега прыходзіла на заняткі да старэйшага настаўніка, глядзела на метады работы, запамінала. З часам з’явіліся свой вопыт і свой стыль вядзення трэніровак. Педагогам, якія зараз пачынаюць працаваць са спартсменамі, крыху прасцей: ёсць інтэрнэт і федэрацыя гандбола праводзіць майстар-класы з беларускімі і замежнымі трэнерамі.

У Хрысціны Севасцьянчук займаюцца 20 дзяўчат 2005—2006 г.н. Некаторых яна набрала ў 2 класе, хтосьці прыйшоў год назад. “Спачатку трэніроўкі праходзяць на базе школ, гэта нейкія рухавыя гульні з элементамі гандбола. З часам лепшых, больш зацікаўленых дзяцей пераво­дзяць у Рэспубліканскі цэнтр алімпій­скага рэзерву, і мы пачынаем развівацца толькі ў сваім ві­дзе спорту”. На жаль, многія дзеці не ведаюць, што такое гандбол, таму Хрысціне Арнольдаўне прыходзіцца прымя­раць на сябе ролю асветніка і расказваць у школах пра гэты від спорту. Так з’яўляюцца і новыя выхаванкі. “Як па мне, набіраць дзяўчынак варта ў 2—3 класах, з больш малодшымі будзе цяжэй, — кажа трэнер. — Калі хтосьці захацеў займацца, напрыклад у 7 класе, усё магчыма. Трэнеры будуць глядзець на тое, як дзяўчынка ўваходзіць у гульню, ці разумее яе, як падрыхтавана фізічна. Ёсць жа дзеці, якія схопліваюць усё на ляту. У мяне была выхаванка з групы 1997—1998 г.н., якая прыйшла займацца ў 9 класе, а ўжо праз год стала лепшым варатаром рэспублікі”.

Свае спартыўныя якасці гандбалісткі могуць праявіць на першынстве краіны і розных міжнародных турнірах. У канцы красавіка, дарэчы, пачнуцца матчы чэмпіянату Беларусі (падтрымка з трыбун яшчэ нікому не перашкаджала).

“Я іх ведаю не першы год, таму псіхалагічна рыхтавацца да спаборніцтваў не вельмі цяжка, — кажа Хрысціна Севасцьянчук. — Мне зразумела, з кім трэба больш строга пагаварыць, з кім мякчэй, галоўнае — настроіць іх на перамогу. З практычнага пункту гледжання мы адпрацоўваем пэўныя элементы, найбольш важныя для гульні, у якіх ёсць нейкія прабелы”.

Хрысціна Арнольдаўна выпусціла ўжо два наборы дзяўчат: 1997—1998 г.н. і 2000—2001 г.н. Пры першым выпуску асноўнымі сапернікамі каманды былі Гомель і Гродна, пры другім — толькі Гомель. Цяпер праблем можна чакаць ад Гомеля і ДЮСШ імя Л.М.Гуско (Мінская вобласць).

“У мяне ёсць першая судзейская катэгорыя, я магу судзіць і за столікам, і ў полі. Гэта, дарэчы, уплывае на паводзіны на матчах у якасці трэнера. Напрыклад, пры нейкай памылцы мне не хочацца вінаваціць арбітра, таму што я бываю на яго месцы і разумею, што кожны можа памыліцца. Галоўная задача трэнера на спаборніцтвах — весці каманду, а не судзіць, а то некаторыя забываюць пра тое, што іх спартсмены зараз знаходзяцца на пляцоўцы і ўвагу трэба ўдзяляць менавіта ім”, — дзеліцца меркаваннем Хрысціна Севасцьянчук.

Пытаю пра матчы, якія запомніліся больш за ўсё, і амаль адразу трэнер прыгадвае два. Першы праходзіў у рамках рэспубліканскіх спаборніцтваў. Тады выступала каманда 1997—1998 г.н. і з-за судзейскіх памылак пачала падаць духам. У канцы першага тайма дзяўчаты Хрысціны Арнольдаўны прайгравалі 6 мячоў, хаця сапернік быў не самы моцны. У другім тайме каманда сабралася, дагнала і за 1,5 мінуты да канца матча нават перагнала праціўніка на 2 мячы. “Другая гульня была з дзяўчынкамі 2005—2006 г.н. Мы ўдзельнічалі ў міжнародным турніры. Перад пачаткам чулі, што там збяруцца вельмі моцныя каманды і што будзе цяжка. Калі мы прыехалі, нам сказалі змяніць схему абароны, якую ў Беларусі наогул вельмі рэдка выкарыстоўваюць. Я патлумачыла дзяўчынкам асноўныя прынцыпы, яны адыгралі 6 матчаў за дзень (па 15 мінут), дзе актыўна абараняліся (гэта цяжка фізічна), але ў выніку мы выйгралі”.

Пасля выпуску з Цэнтра алімпійскага рэзерву гандбалісткі могуць гуляць у прафесійных клубах. У Беларускім чэмпіянаце ўсяго 7 жаночых каманд, таму, улічваючы коль­касць выпускніц, папасці туды вельмі складана. Некаторыя еду ць за мяжу, часцей за ўсё ў Расію. Аднак нават калі кар’еру прадоў­жыць не ўдалося, плюсы ад заняткаў гандболам застануцца з чалавекам назаўсёды. “Дзеці знаходзяцца ў калектыве, яны не бываюць аднаасобнікамі і заўсёды адказваюць адно за аднаго. Я лічу, гэта адзін з прыя­рытэтаў гульнявых відаў спорту. У новых калектывах ім будзе лёгка, бо яны прывыкаюць знаходзіцца сярод вялікай колькасці людзей”.

Столькі гадоў ісці разам да адной мэты, быць камандай, ведаць адно пра аднаго амаль усё і ў нейкі момант расстацца… Цяжка. Але новыя дзяўчынкі прыносяць новыя сілы і эмоцыі. “Дзеці дораць пачуццё вечнай маладосці. Вось ты выпусціла групу, потым набіраеш наступную, і ўсё пачынаецца нанова. Цяпер мая выхаванка прыйшла ў цэнтр працаваць як трэнер. Для мяне гэта прыемна, таму што мы столькі ўкладваем у дзяцей, выхоўваем іх, а ім хочацца вярнуцца і працягнуць нашу працу”.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота з архіва Х.А.Севасцьянчук.