Любоў да Радзімы, мовы – пачуццё не абстрактнае. Свой родны край мы любім як часцінку нашай Бацькаўшчыны.
Прыгадаю радкі Антуана дэ Сент-Экзюперы, калі Маленькі Прынц спытаўся ў кветкі: “Дзе ж людзі?” І пачуў у адказ: “Іх носіць ветрам. У іх няма каранёў…” І мае сямікласнікі на ўроку пры вывучэнні твора Экзюперы зрабілі выснову: быць без каранёў, не адчуваць павагу да тых мясцін, дзе нарадзіліся, да тых людзей, што жылі да нас, – значыць быць безаблічным, не быць сапраўдным грамадзянінам сваёй краіны.
Мова чалавеку заўжды патрэбная, але сама па сабе мова не існуе, ёй неабходна карыстацца. Ужо даўно даказана, што па мілагучнасці і пявучасці наша беларуская мова займае другое месца ў свеце пасля італьянскай. Мову, на якой амаль пяць стагоддзяў назад была напісана першая ва Усходняй Еўропе Канстытуцыя, беднай ніяк назваць нельга.
А ці ведаеце вы, паважаныя землякі, што першыя кнігі на беларускай мове былі надрукаваныя на пяцьдзясят год раней за расійскія? Ці ведаеце вы, што рускія вучоныя доўга не маглі зразумець шмат чаго са старажытнага летапісу “Слова аб палку Ігаравым”, бо з таго часу вельмі змянілася руская мова, пазабыліся многія словы? Але, калі яны трапілі да нас на Палессе, то пачулі неразгаданыя імі словы ў гаворцы палескіх жанчын – іх захавала наша беларуская мова.
Тут, на Беларусі, дзе ў добрым суседстве з беларускай гаворкай стагоддзямі чуліся гукі польскай, літоўскай, яўрэйскай мовы, жылі высакародныя людзі, якія ў сваіх творах раскрылі багаты побыт свайго краю, стварылі вобразы роднага народу, збераглі для нас яго мову. Хапае ў нас яркіх літаратурных талентаў, якія праславілі нашу Бацькаўшчыну на ўвесь свет. Заклікаю вас, паважаныя землякі: спрабуйце гаварыць па-беларуску, дайце магчымасць гэта рабіць тым, хто ўмее, жадае, адчувае ў гэтым патрэбу, не глядзіце на іх, як на нейкі цуд, не паводзьце сябе як іншаземцы, мы ж усе выхадцы з беларускіх вёсак.
Таццяна ЯРЭМІЧ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры першай кваліфікацыйнай катэгорыі Субацкага ВПК “дзіцячы сад-сярэдняя школа” Ваўкавыскага раёна Гродзенскай вобласці.