Спрашчэнне візавага рэжыму будзе актыўна садзейнічаць развіццю кантактаў паміж людзьмі

Беларусь і Еўрапейскі саюз правядуць у верасні пяты раўнд перагавораў аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі. Пра гэта гаворыцца на сайце прадстаўніцтва ЕС у Беларусі.

“З улікам таго, што папярэдняя сустрэча прайшла ў Мінску, Еўрапейская камісія прапанавала ўдзельнікам перагавораў на гэты раз сустрэцца ў Бруселі ў верасні 2018 года. Камісія выказала гатоўнасць прадаўжаць перагаворы, каб завяршыць іх як мага хутчэй”, — адзначаецца ў паведамленні.

Як заявіў камісар па пытаннях міграцыі, унутраных спраў і грамадзянства Дзімітрыс Аўрамопулас, Еўрапейскі саюз прыхільны да ўмацавання свайго ўзаемадзеяння з народам Беларусі і яе грамадзянскай супольнасцю. “Спрашчэнне візавага рэжыму будзе актыўна садзейнічаць развіццю кантактаў паміж людзьмі, што дасць магчымасць не толькі ствараць асабістыя сувязі, але і ўмацоўваць узаемадзеянне паміж кампаніямі на карысць нашых эканомік. Я хацеў бы выказаць удзячнасць уладам Беларусі за ўдзел у перагаворах па абодвух пагадненнях. Гэтае супрацоўніцтва ажыццяўляецца ў інтарэсах абодвух бакоў і, самае галоўнае, у інтарэсах нашых грамадзян”, — падкрэсліў ён.

Перагаворы па спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі афіцыйна пачаліся ў студзені 2014 года. Апошняя сустрэча прайшла ў чэрвені 2017 года ў Мінску. Калі дагаворы будуць заключаны, яны дадуць магчымасць спрасціць і патанніць працэдуры выдачы Еўрапейскім саюзам кароткатэрміновых віз беларускім грамадзянам, а таксама дазволяць Беларусі лепш забяспечваць рэадмісію сваіх грамадзян, якія не маюць права знаходзіцца на тэрыторыі ЕС.