Справа актыўных, ініцыятыўных, мэтанакіраваных

Дзейнасць бізнес-кампаній становіцца рэальнасцю ў многіх установах адукацыі і спрыяе развіццю ў навучэнцаў вопыту прадпрымальніцкай дзейнасці, фінансавай дасведчанасці, выбару будучай прафесіі, развівае арганізацыйныя навыкі, уменне працаваць у камандзе. Пытанні аб перадумовах стварэння, першых кроках дзейнасці і планах на новы навучальны год дзвюх бізнес-кампаній мы задалі намесніку дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 3 Слоніма І.Р.ЛІБЕР і дырэктару Слонімскага раённага экалагічнага цэнтра дзяцей і моладзі С.В.МАСЛА.

Інеса Раманаўна ЛІБЕР, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 3 Слоніма:

— Перадумоў стварэння ў нашай школе бізнес-кампаніі “Нью-Брэнд” было некалькі. З мэтай фарміравання сацыяльных і эканамічных кампетэнцый дзяцей з 2014 года вялася работа па фінансавай дасведчанасці ў рамках праекта “Сацыяльная і фінансавая дасведчанасць — уклад у будучыню”.

У шосты школьны дзень сертыфікаваным трэнерам па праграме “Афлатун” педагогам сацыяльным Валянцінай Мікалаеўнай Важэйка была арганізавана работа аб’яднанняў па інтарэсах “Фінансавая і сацыяльная дасведчанасць” для навучэнцаў 4—5 класаў, “Юны прадпрымальнік” — для вучняў 9—11 класаў, праводзіліся эканамічныя гульні “Займальная эканоміка”, “Мой грашовы ўклад”, “Фінансавы паток”, рэалізоўваліся праекты “Як дапамагчы дзіцяці вырасці багатым”, “Як зрабіць так, каб заўсёды хапала грошай”. Настаўнік пачатковых класаў Юлія Аляксандраўна Дзярэчынская разам з навучэнцамі рэалізавала праект у рамках блога класа пад назвай “Грашовая азбука”.

Партнёрамі ў гэтай дзейнасці сталі фінансавыя ўстановы раёна — аддзяленні ААТ АСБ “Беларусбанк” і ААТ “Белаграпрамбанк”. Работнікі банкаўскіх устаноў аказвалі дапамогу ў правядзенні школьных алімпіяд па фінансавай дасведчанасці і ў падрыхтоўцы да раённых і абласных алімпіяд.

У сакавіку 2016 года быў праведзены наш першы стартап “Уключы сябе!”. Дзеці прадстаўлялі свае бізнес-праекты, а ў якасці экспертаў выступалі бацькі, паспяховыя прадпрымальнікі, работнікі банкаўскіх устаноў.
У ходзе рэалізацыі праекта для навучэнцаў 3—8 класаў была арганізавана школа эканамічнага поспеху, а для вучняў 9—11 класаў — школа бізнесу “Лесвіца поспеху” па мадэлі васьмі прыступак паспяховага бізнесу. 15 самых актыўных, ініцыятыўных і мэтанакіраваных дзевяцікласнікаў пад кіраўніцтвам педагога сацыяльнага В.М.Важэйка вырашылі арганізаваць вучэбную бізнес-кампанію.

У новым праекце — “Бізнес-субота” — мы зрабілі акцэнт на атрыманне эканамічных ведаў і практычных навыкаў у сферы прадпрымальніцтва, на выяўленне і развіццё прадпрымальніцкага патэнцыялу і прафарыентацыю.

Было вырашана, што школьнікі не будуць абмяжоўвацца толькі тэарэтычнай падрыхтоўкай, а будуць паглыбляцца ў сітуацыі рэальнай прадпрымальніцкай дзейнасці. Пры правядзенні трэнінгавых заняткаў “Пошук бізнес-ідэй” вызначылі прадукцыю, якую будзе выпускаць вучэбная бізнес-кампанія “Нью-Брэнд”: эка-сумкі з выявай храмаў, гістарычных месцаў Слонімшчыны, а таксама лагатыпаў прадпрыемстваў горада і раёна, распрацаваных па папярэдняй замове для арганізацыі.

Патэнцыяльныя спажыўцы — жыхары і госці раёна, арганізацыі і прадпрыемствы. Тавар даступны па цане большай частцы мэтавай аўдыторыі, а таксама служыць для прасоўвання іміджу Слонімскага раёна за яго межамі. Адрозненне яго — індывідуальны запыт заказчыка, краязнаўчая накіраванасць сувенірнай прадукцыі.

Кіраўнік вучэбнай бізнес-кампаніі, навучэнец Алег Лагонда, разам з вучнямі склаў бізнес-план. Члены кампаніі “Нью-Брэнд” арганізавалі і правялі акцыю “Другое жыццё” па зборы другаснай сыравіны для пашыву сваёй прадукцыі. Дзеці распрацавалі дызайн сумак, і работу працягнулі закройшчыкі і швачкі. Лагатып кампаніі і малюнак для нанясення малюнка храмаў былі распрацаваны таксама членамі вучэбнай бізнес-кампаніі. Яны падрыхтавалі і правялі бізнес-батл “Ці патрэбны дзецям асновы бізнесу?”. Кіраўнік камерцыйнага аддзела Раман Чылік быў настолькі пераканаўчым, кажучы пра тое, што, вывучаючы асновы бізнесу, набывае навык спраўляцца з цяжкасцямі, не апускаць рукі, калі нешта не атрымліваецца, што ўся зала прагаласавала за яго пункт гледжання. Члены вучэбнай бізнес-кампаніі “Нью-Брэнд” прынялі ўд зел у першай бізнес-канферэнцыі для падлеткаў “Starter-pack юнага бізнесмена” ў Мінску.

А першыя заробленыя грошы ад рэалізацыі 10 адзінак нашай прадукцыі на выставе-продажы былі накіраваны на развіццё кампаніі і ўзнагароды яе членам.

У новым навучальным годзе дзейнасць вучэбнай бізнес-кампаніі “Нью-Брэнд” будзе працягнута. Асаблівую ўвагу ўдзелім маркетынгу і рэкламе, для гэтага будуць выкарыстаны інтэрнэт-рэсурсы.

Святлана Васільеўна МАСЛА, дырэктар Слонімскага раённага экалагічнага цэнтра дзяцей і моладзі:

— З 1 верасня 2017 года Слонімскі раённы экалагічны цэнтр дзяцей і моладзі ў складзе ўсіх экалагічных цэнтраў Гродзенскай вобласці прыступіў да рэалізацыі інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі фарміравання эколага-эканамічных кампетэнцый навучэнцаў ва ўстанове дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі пры дапамозе арганізацыі вучэбных бізнес-кампаній”.

З 2017/2018 навучальнага года ў нашым цэнтры працуе аб’яднанне па інтарэсах “Вучэбная бізнес-кампанія “Эка-Арт”. У аб’яднанні займаліся 12 вучняў 14—15 гадоў.

Дзейнасць бізнес-кампаніі накіравана на стварэнне вырабаў з адходаў фларыстычных сувеніраў. Пры выбары асартыменту ўпор робіцца на іх утылітарнае прызначэнне. Вялікая ўвага ўдзяляецца якасці, колераваму рашэнню і выкананню дробных дэталей, што дазваляе нароўні з практычнымі навыкамі развіваць у навучэнцаў уважлівасць, уседлівасць і адказнасць за выкананую работу. Ды і якасныя рэчы хутчэй прыцягнуць увагу пакупніка. У той жа час мы стараемся, каб наша прадукцыя стварала настрой ці станавілася своеасаблівай іскрынкай у інтэр’еры.

Педагагічнаму калектыву экалагічнага цэнтра, дзе няма прафесіяналаў-прадпрымальнікаў, складана разбірацца ў працэсах, звязаных з работай бізнес-кампаніі, але новая дзейнасць дазваляе развівацца, шукаць неабходныя кантакты і інфармацыю. Вялікай дапамогай з’яўляецца і тое, што ў гэтую дзейнасць уцягнуты ўсе экалагічныя цэнтры вобласці. Гэта дазваляе нам пастаянна мець зносіны з калегамі і шукаць рашэнне па многіх пытаннях разам, рэгулярна атрымліваць рэкамендацыі кансультанта, начальніка ўпраўлення выхаваўчай і ідэалагічнай работы Нацыянальнага інстытута адукацыі, кандыдата педагагічных навук Наталлі Канстанцінаўны Катовіч.

У бягучым навучальным годзе дзейнасць аб’яднання па інтарэсах “Вучэбная бізнес-кампанія “Эка-Арт” працягваецца. Разам з тымі навучэнцамі, якія займаліся ў мінулым годзе, да нас прыходзяць новыя дзеці. Трэба будзе шмат працаваць. Калі ў 2017/2018 навучальным годзе мы спрабавалі розныя віды дзейнасці і шукалі тое, што падыходзіць менавіта нам, то цяпер новыя мэты: пошук дадатковых рынкаў збыту, рэклама, пашырэнне асартыменту. Вучэбная бізнес-кампанія ва ўстанове адукацыі не ставіць першачарговай задачай зараблянне грошай. Наша задача — навучыць дзяцей не баяцца спрабаваць нешта новае, мець зносіны з аднагодкамі і дарослымі, арыентавацца ў нашым імклівым свеце.

Падрыхтавала Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.