Справа гонару — зрушыць сітуацыю па Аршанскім раёне

У Оршы адбылося выязное пасяджэнне Віцебскага аблвыканкама па пытаннях развіцця Аршанскага раёна. З боку кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Наталлі Качанавай прагучала строгая ацэнка работы мясцовых органаў улады.

“Часу на разгойдванне ў вас няма, час угавораў прайшоў. Мы павінны бачыць вынік і эфектыўнасць рашэнняў, якія падпісаны ўжо кіраўніком дзяржавы. Практычна ніводны ключавы паказчык эфектыўнасці работы за мінулы год не выкананы”, — падкрэсліла Наталля Качанава.

На яе думку, гэта перш за ўсё звязана з недаглядам у рабоце кадраў. “Іншай прычыны для невыканання пастаўленай задачы проста няма. Якія б рашэнні і прэферэнцыі па Аршанскім рэгіёне ні прымаліся на рэспубліканскім узроўні, пакуль тут не пачнуць працаваць кіраўнікі прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў, мясцовых органаў улады, нічога не атрымаецца”, — сказала кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта. Яна адзначыла, што пабывала ў 6—7 гарадах, аналагічных Оршы па колькасці насельніцтва, прадпрыемствах, інфраструктуры, але нідзе такой сітуацыі не бачыла.

“Калі вы хочаце дасягнуць выніку, ён у вас будзе. Але гэта залежыць толькі ад вас. Неадкладна пачынайце працаваць. Справа гонару для ўсіх нас — перавярнуць і зрушыць сітуацыю па Аршанскім рэгіёне з мёртвага пункта”, — сказала Наталля Качанава.

Яна нагадала, што роўна паўгода мінула з моманту правядзення ў Оршы нарады з удзелам прэзідэнта, на якой была дадзена прынцыповая ацэнка таму, што адбываецца, і праведзена змена ўрада. “На мой погляд, ніхто вывады не зрабіў. І перш за ўсё — мясцовыя органы ўлады. Усё, што вы прапаноўвалі, акумулявана ў нарматыўных актах, падпісаных кіраўніком дзяржавы. Чаму цяпер не рэалізуецца так, як трэба? Зацягваць ніхто не будзе, будуць уносіцца прапановы па кадрах, інакш не атрымліваецца”, — падкрэсліла кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта.

Работа са зваротамі грамадзян з’яўляецца адным з найважнейшых паказчыкаў даверу насельніцтва мясцовым органам улады, адзначыла Наталля Качанава на выязным пасяджэнні.

Паводле слоў кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта, колькасць зваротаў грамадзян у Аршанскі райвыканкам за мінулы год зменшылася, але пры гэтым на 25 працэнтаў вырасла ў Адміністрацыю прэзідэнта і на 17 працэнтаў — у Віцебскі аблвыканкам. “Гэта сведчыць аб тым, што да вас людзі не ідуць, яны адразу звяртаюцца ў вышэйстаячыя інстанцыі. І такая ж тэндэнцыя захоўваецца ў студзені бягучага года. Значыць, няма даверу да мясцовых органаў улады, не чуюць на месцах. Больш за тое, такім стаўленнем да людзей вы падводзіце рэспубліканскія органы ўлады”, — канстатавала кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта, звяртаючыся да кіраўніцтва райвыканкама.

Наталля Качанава акцэнтавала ўвагу на неабходнасці сур’ёзнага стаўлення да гэтай работы. “Пастаўце прамы тэлефон, сустракайцеся з людзьмі, размаўляйце з імі. Вы пачуеце, чым яны жывуць, што іх хвалюе, дзе ёсць праблема”, — адзначыла кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта.