Справа юнага лесавода

Лес — багацце. І нам, членам школьнага лясніцтва “Светлячок” ДУА “Вішнеўскі навучальна-педагагічны комплекс дзіцячы сад — сярэдняя школа Валожынскага раёна”, неаднойчы даводзілася ў гэтым упэўнівацца. У найбліжэйшы лес мы часцей за ўсё наведваемся як турысты. Але як толькі пераступім “парог” ляснога царства, адразу, як сапраўдныя гаспадары, бачым, дзе і чым можам дапамагчы.

Сёлета мы саджалі дрэвы ў рамках акцыі “Тыдзень лесу — 2018”. Спярша пазнаёміліся з тэхналогіяй пасадкі. Майстар лесу Вішнеўскага лясніцтва Юлія Міхайлаўна Акуловіч цікава і змястоўна расказала правілы падрыхтоўкі саджанцаў і падзялілася сакрэтамі высадкі іх у падрыхтаваную лясную глебу. Вучні, якія садзілі дрэўцы ўпершыню, стараліся не адставаць ад сваіх старэйшых сяброў. Працавалі шчыра і старанна.

Паўдзельнічалі мы і ў акцыі “Ахова мурашнікаў”. Лясныя мурашкі — надзвычай карысныя насякомыя. Школьнае лясніцтва “Светлячок” заўсёды ўважлівае да гэтых працаўнікоў лесу. Падчас акцыі, у шосты школьны дзень, мы таксама шчыравалі ў лесе Вішнеўскага лясніцтва, дзе абгарадзілі і пафарбавалі 12 мурашнікаў.

Мы не толькі высадзілі елкі на плошчы 3,5 га, дапамаглі карысным насякомым, але і паглыбілі веды ў біялогіі і геаграфіі. А самае галоўнае — зрабілі ўнёсак у агульную справу — азеляненне і ахову нашай Радзімы.

Яна БІТЭЛЬ,
вучаніца 10 класа ДУА “Вішнеўскі навучальна-педагагічны комплекс
дзіцячы сад — сярэдняя школа Валожынскага раёна”,
ляснічы школьнага лясніцтва “Светлячок”.