Справа за алімпійскімі рэкордамі

Асноўную вучэбна-трэніровачную базу Гомельскага вучылішча алімпійскага рэзерву адкрылі ў Гомелі пасля рэканструкцыі. Спартыўны комплекс з басейнам і велабазай будзе аказваць фізкультурна-аздараўленчыя паслугі насельніцтву. Цяпер у вучылішчы займаюцца 12 відамі спорту. Да гэтага часу выхаванцам даводзілася арандаваць залы ў розных раёнах горада.

Старшыні абласнога і гарадскога выканаўчых камітэтаў Генадзь Салавей (справа) і Пётр Кірычэнка на адкрыцці спартыўнага комплексу на вуліцы Партовай.

У абноўленым комплексе ёсць вялізная зала гульнявых відаў спорту, дзе можна праводзіць зборы любога ўзроўню. Тут маюцца сучасны скаладром, трэнажорная і фітнес-зала, зала фехтавання, веласіпедная база, медыка-аднаўленчы цэнтр. Заняткі воднымі відамі спорту будуць праходзіць у зале сухога плавання і ў 25- мет­ровым басейне на пяць дарожак. Яго максімальная глыбіня — 1,8 метра.

Адначасова ў комплексе змогуць займацца 145 спартсменаў. У вольны ад трэніровак час спартыўная база будзе ў распараджэнні гамяльчан. На платнай аснове можна будзе наведваць басейн, фітнес- і трэнажорную залу.

— Мы будзем арыентавацца на запатрабаванні людзей, — гаворыць дырэктар установы Васіль Жаранкоў. — Ёсць магчымасць прыцягнуць спецыялістаў і арганізаваць заняткі па аквааэробіцы, ЛФК. Прадумваем розныя варыянты фізкультурна-аздараўленчых заняткаў для насельніцтва.

Гэты спартыўны комплекс з’явіўся ў Гомелі ў снежні 1964 года. Тады ў яго ўвахо­дзілі плавальны басейн, чатыры спецыя­лізаваныя спартыўныя залы і стралковы цір. У 2009-м будынак закрылі на рэканструкцыю. Больш як дзесяць гадоў з-за недахопу фінансавання аб’ект заставаўся даўгабудам. Аднавіліся работы летась дзякуючы абласной інвестыцыйнай праграме. Усяго на рамонт выдзелена больш як Br4 млн.

— Сёлета шмат значных па дарункаў атрымалі жыхары Гомельскай вобласці да Дня Незалежнасці, — адзначыў старшыня Гомельскага аблвыканкама Генадзь Салавей. — Амаль 250 дзетак пайшлі ў абноўленыя дзіцячыя сады Гомельскага і Петрыкаўскага раёнаў. А цяпер адкрыта ўласная база для вучылішча алімпійскага рэзерву, у якой больш за паўстагоддзя паспелі прайсці падрыхтоўку знакамітыя спартсмены, прызёры Алімпійскіх гульняў, чэмпіёны свету. Упэўнены, што традыцыя падрыхтоўкі будучых чэмпіёнаў у гэтых сценах не толькі захаваецца, але і прымножыцца.

Заняткі спартсменаў у адноўленым комплексе пачнуцца 1 верасня. Да гэтага часу будзе сфарміраваны расклад платных паслуг для насельніцтва. Дарэчы, праз месяц у Гомелі адкрыецца басейн на вуліцы Ленінградскай. Наступны басейн у абласным цэнтры, які чакае капітальны рамонт, — “Дэльфін” на Рэчыцкім праспекце.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.