Справіцца з экзаменам і з сабой

- 14:40Адукацыйная прастора

Карэкцыя негатыўных эмацыянальных станаў навучэнцаў у перыяд падрыхтоўкі да выніковай атэстацыі

Экзамены — выпускныя ў школе, уступныя ў сярэдняй спецыяльнай навучальнай установе, цэнтралізаванае тэсціраванне — гэта заўсёды непазбежны і заўсёды вельмі складаны перыяд у жыцці старшакласнікаў. Гэта час, калі юнакі і дзяўчаты адчуваюць псіхаэмацыянальнае напружанне, таму што экзамены патрабуюць узмоцненых нагрузак; выклікаюць у выпускнікоў павышаную трывожнасць і страхі за вынікі ЦТ, якія непасрэдна ўплываюць на магчымасць рэалізацыі далейшых жыццёвых планаў.

У сувязі з гэтым галоўнымі задачамі спецыялістаў СППС пры суправаджэнні навучэнцаў з’яўляюцца павышэнне ўзроўню стрэсаўстойлівасці, фарміраванне навыкаў упэўненых паводзін, канструктыўнага ўзаемадзеяння, развіццё эмацыянальна-валявой сферы, навыкаў самарэгуляцыі, самакантролю, умення арганізаваць сваю работу і падрыхтоўку і інш.

Псіхолага-педагагічнае суправаджэнне па падрыхтоўцы да экзаменаў і цэнтралізаванага тэсціравання ажыццяўляецца праз рэалізацыю мерапрыемстваў, якія ўключаны ў гадавы план работы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, у прыватнасці, VI раздзел гадавога плана, у план мерапрыемстваў па арганізаваным заканчэнні навучальнага года і падрыхтоўцы да правядзення выпускных экзаменаў пасля заканчэння навучання і выхавання на ІІ і ІІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі, а таксама ў гадавым плане спецыялістаў СППС. Хацелася б адзначыць, што планаванне работы праводзіцца ўзгоднена з адміністрацыяй установы адукацыі і спецыялістамі СППС, запланаваныя мерапрыемствы супадаюць з гадавым планам работы, планам мерапрыемстваў, планам спецыялістаў СППС.

Адміністрацыяй школы сумесна са спецыялістамі СППС нашай установы адукацыі ў гэтым навучальным годзе запланаваны бацькоўскія сходы “Дапамога бацькоў у падрыхтоўцы выпускнікоў да экзаменаў”, “Напярэдадні экзаменаў”, сход для навучэнцаў выпускных класаў “Як падрыхтавацца да здачы экзаменаў”, семінары для педагогаў па суправаджэнні да здачы экзаменаў “Фарміраванне пазітыўнага светаадчування ў падлеткаў”, “Як падтрымаць дзіця ў перыяд здачы экзаменаў”. Асаблівае месца адводзіцца правядзенню класна-абагульняючага кантролю, які ў нашай школе праходзіць штогод у лютым. У склад камісіі ўваходзяць і спецыялісты СППС. У рамках кантролю як педагог-псіхолаг я праводжу выяўленне:

— трывожных рэакцый і станаў навучэнцаў у сітуацыях, звязаных са школьным навучаннем;

— матываў навучання, прафесійных намераў навучэнцаў;

— узроўню стрэсаўстойлівасці навучэнцаў у перыяд выпускных экзаменаў;

— прычын павышанага ўзроўню трывожнасці, цяжкасцей навучэнцаў пры вывучэнні пэўных прадметаў (недахопы ў ведах, цяжкая мова выкладання вучэбнага матэрыялу настаўнікам, эмацыянальнае напружанне на ўроку, незразумелае тлумачэнне вучэбнага матэрыялу настаўнікам і г.д.).

Невялікая колькасць навучэнцаў у выпускных класах (9 клас — 14, 11 клас — 8), адсутнасць профільнага навучання ў нашай установе адукацыі дазваляюць больш падрабязна вывучыць эмацыянальны стан падлеткаў і выявіць цяжкасці пры здачы экзаменаў.
У рамках класна-абагульняючага кантролю выкарыстоўваю наступны дыягнастычны інструментарый:

1. Апытальнік Айзенка (падлеткавы). Гэтую методыку выкарыстоўваю для выяўлення асаблівасцей асобы падлетка, у прафесійным адборы (у прыватнасці, на прафесіі тыпу “чалавек — чалавек”). Але асаблівую ўвагу ўдзяляю вынікам, атрыманым па шкале “Нейратызм — эмацыянальная ўстойлівасць”, якая характарызуе эмацыянальную ўстойлівасць ці няўстойлівасць (эмацыянальная стабільнасць ці нестабільнасць). Нейратызм карэлюе з паказчыкамі лабільнасці нервовай сістэмы, якія залежаць і ад тыпу тэмпераменту. Часам эмацыянальная ўстойлівасць з’яўляецца праяўленнем тэмпераменту (напрыклад, халерыка вызначаюць раздражняльнасць, узбудлівасць, імпульсіўнасць), і гэта трэба адрозніваць ад ператамлення, звязанага з вялікай колькасцю нагрузак, псіхаэмацыянальнага напружання па прычыне таго, што дзеці не ўмеюць рацыянальна размяркоўваць час на падрыхтоўку да экзаменаў. Таму, плануючы прафілактычную работу, я ўключаю заняткі з выкарыстаннем прыёмаў тайм-менеджменту. Тэхнікі, якія выкарыстоўваюцца, і іх апісанне ўключаны ў дадатак 1.

2. Методыка дыягностыкі аператыўнай ацэнкі самаадчування, актыўнасці і настрою (САН), якая дазваляе вызначыць эмацыянальны стан падлеткаў.

3. Методыка “Шкала сацыяльна-сітуацыйнай трывогі” (Кондаш), якая дазваляе выявіць не толькі трывожнасць ці яе адсутнасць сітуатыўна, але і акалічнасці, што выклікаюць тую ці іншую ступень трывогі па наступных шкалах: “Школьная”, “Міжасобасная”, “Самаацэначная”.

4. Методыка А.А.Раміцынай “Шматмерная ацэнка дзіцячай трывожнасці”, якая дазваляе не толькі выявіць агульную трывожнасць, але і вызна­чыць акалічнасці, што выклікаюць тую ці іншую ступень трывогі па шкалах “Трывога ў адносінах з равеснікамі”, “Трывога, звязаная з ацэнкай навакольных”, “Трывога ў адносінах з настаўнікамі”, “Трывога ў адносінах з бацькамі”, “Трывога, звязаная з паспяховасцю ў навучанні”, “Трывога, якая ўзнікае ў сітуацыях самавыяўлення”, “Трывога, якая ўзнікае ў сітуацыях праверкі ведаў”, “Зніжэнне псіхічнай актыўнасці, абумоўленай трывогай”, “Павышаная вегетатыўная рэактыўнасць, абумоўленая трывогай”.

5. Анкета “Гатоўнасць да экзаменаў”. Гэтая анкета дазваляе вызначыць, ці знаёмы выпускнікі з працэдурай правядзення экзамену, узровень трывогі ў дачыненні да экзаменаў, валоданне навыкамі самакантролю.

6. Методыка дыягностыкі школьнай матывацыі Яўгеніі Лепяшовай, якая дазваляе выву­чыць узровень матывацыі старшакласнікаў, а таксама вызначыць асноўныя матывы навучання: пазнавальную цікавасць, матыў дасягнення, прэстыжнасць навучання ў класе, прэстыжнасць навучання ў сям’і, матыў сацыяльнага адабрэння (аднакласнікамі, педагогамі, бацькамі), боязь пакарання, матыў зносін, самарэалізацыі і інш.

7. Анкета “Прафесійныя намеры” дазваляе вызначыць далейшы прафесійны шлях і выявіць навучэнцаў, якія прафесійна не вызначыліся.

Атрыманая інфармацыя з’яўляецца асновай для пабудовы карэкцыйнай работы з навучэнцамі, арыенцірам для арганізацыі асветніцкіх і кансультацыйных мерапрыемстваў для педагогаў і бацькоў. Па выніках даследавання распрацоўваюцца канкрэтныя рэкамендацыі педагогам па рабоце з навучэнцамі зыходзячы з выяўленых праблем.

Для педагогаў-прадметнікаў, якія працуюць у выпускных класах, членаў экзаменацыйнай камісіі даюцца рэкамендацыі “Як паводзіць сябе, калі дзіця знахо­дзіцца пад уздзеяннем псіхатраўмы (у стане вострага стрэсу)” (дадатак 2).

Неабходна адзначыць, што паспяховая здача экзаменаў — гэта не вынік апошняга года работы, а работа, якая праводзіцца на працягу ўсяго перыяду навучання. Так, у рамках суправаджэння адаптацыйнага перыяду навучэнцаў праводзіцца работа па выяўленні непаўналетніх, якія адчуваюць цяжкасці ў адаптацыі, па развіцці ў гэтых навучэнцаў адаптыўных якасцей асобы, навучанні самакантролю, зніжэнні ўзроўню трывожнасці.

У рабоце з навучэнцамі з розным узроўнем матывацыі арганізоўваецца работа, накіраваная на прафесійнае самавызначэнне нізкаматываваных навучэнцаў, павышэнне ўпэўненасці ў сабе, развіццё навыкаў рашучых паводзін, навучанне самакантролю і самарэгуляцыі.

У рамках прафілактыкі суіцыдальных паводзін сярод непаўналетніх работа спецыялістаў СППС накіравана на фарміраванне пазітыўнага светаадчування, развіццё камунікатыўных навыкаў і навыкаў упэўненых паводзін.

Такім чынам, якаснае забеспячэнне псіхолага-педагагічнай падтрымкі навучэнцам на розных этапах навучання спрыяе псіхалагічнай гатоўнасці ўсіх удзель­нікаў адукацыйнага працэсу да выпускных экзаменаў.

Дадатак 1

Прыёмы менеджменту, якія дапамогуць старшакласнікам самастойна арганізаваць свой час для эфектыўнай падрыхтоўкі да экзаменаў

Гэтыя прыёмы спрыяюць эфектыўнай арганізацыі самастойнай падрыхтоўкі старшакласнікаў да экзаменаў і ЦТ, а таксама спрыяюць фарміраванню такіх каштоўнасных арыентацый, як самакантроль, старан­насць, акуратнасць і адказнасць.

Арганізацыя рабочага месца

Заданне для старшакласкнікаў

Інструкцыя: расшыфруйце правілы дасягнення арганізаванасці і парадку на рабочым месцы.

1. Будзьце акуратнымі. Так вы зможаце…

2. Захоўвайце ў адным месцы рэчы, якія павінны знаходзіцца побач. Гэта дапаможа…

3. Рэгулярна прыбірайце. Вы запомніце…

4. Прыводзьце ў парадак свой стол у канцы рабочага дня. Гэта будзе сведчыць пра тое, што…

5. Заўсёды трымайце пад рукой запас канцылярскіх прылад. Гэта пазбавіць вас ад…

6. Заўсёды трымайце пад рукой блакнот. Гэта дапаможа…

Жорстка-гібкае планаванне. У працэсе планавання вылучаюць наступныя віды задач: жорсткія задачы (прывязаны да канкрэтнага моманту часу); гібкія задачы (не прывязаны да жорсткага часу, не маюць канкрэтнага моманту часу для іх рашэння); задачы, якія “бюджэтуюцца” (буйныя прыярытэтныя задачы, якія не маюць жорсткага тэрміну выканання, але патрабуюць вялікага рэсурсу часу).

У працэсе жорстка-гібкага планавання неабходна прытрымлівацца наступных этапаў.

1. Скласці спіс жорсткіх задач, адзначыўшы тыя задачы, для якіх вядомы дакладны час; закласці рэзерв часу на непрадбачаныя акалічнасці.

2. Скласці спіс гібкіх задач, вылучыўшы яркім колерам прыярытэтныя.

3. “Бюджэтаваць” час на буйныя прыярытэтныя гібкія задачы; пазначыць побач з задачай прыкладную колькасць часу, неабходную для рашэння.

4. На працягу дня выкрэсліваць выкананыя задачы. Пераносіць нявыкананыя задачы на наступны дзень.

Заданне для старшакласнікаў

Вывучыце ўзор жорстка-гібкага планавання дня. Складзіце свой спіс спраў згодна з жорстка-гібкім планаваннем, адлюстраваўшы справы, звязаныя з вашай самападрыхтоўкай да экзамену.

Тэхналогія вынікова-арыентаванага планавання. У працэсе такога планавання неабходна прытрымлівацца наступных этапаў:

1. Скласці табліцу штодзённых задач, не прывязаных да строга вызначанага часу.

2. Выкарыстоўваць розныя колеры для абазначэння важнасці задач.

3. Звяртацца да плана на працягу дня; выкананыя задачы пазначаць “+”, нявыкананыя задачы пазна­чаць “—”.

Заданне для старшакласнікаў

Складзіце, згодна з тэхналогіяй вынікова-арыентаванага планавання, спіс штодзённых задач з адзнакамі аб выкананні справы. У спісе штодзённых задач асабліва адзначце пункты, звязаныя з вашай самападрыхтоўкай да экзаменаў.

Матрыца Эйзенхаўэра. Згодна з матрыцай Эйзенхаўэра, усе справы па важнасці і тэрміновасці можна падзяліць на чатыры катэгорыі.

Справы А — важныя і тэрміновыя (неадкладныя справы, крытычныя сітуацыі).

Справы В — важныя і нетэрміновыя (планаванне доўгатэрміновых мэт).

Справы С — не важныя, але тэрміновыя (руцінныя справы).

Справы D — няважныя і нетэрміновыя (“паглынальнікі” часу: інтэрнэт, тэлевізар).

Заданне для старшакласнікаў

Размяркуйце справы са спіса з дапамогай матрыцы Эйзенхаўэра па тыпах задач у залежнасці ад важнасці і тэрміновасці. Запішыце справы ў адпаведныя графы.

Справы А________________________________________
____________________________________________________

Справы В ________________________________________
____________________________________________________

Справы С  ________________________________________
____________________________________________________

Справы D  ________________________________________
____________________________________________________

1. Разабрацца на рабочым стале.

2. Пагуляць з сябрам у камп’ютарную гульню.

3. Напісаць рэферат, які неабходна здаць да канца наступнага месяца.

4. Сустрэцца з сябрамі, схадзіць у інтэрнэт-кафэ.

5. Схадзіць на курсы па матэматыцы ва ўніверсітэт.

6. Навесці парадак у пакоі.

7. Пачаць займацца на курсах замежнай мовы для падрыхтоўкі да паступлення.

Па аналагічным прынцыпе пабудавана матрыца кіравання часам: квадраты матрыцы адлюстроў­ваюць суадносіны важнасці і тэрміновасці.

Заданне для старшакласнікаў

Калі б вам прыйшлося змясціць кожную са спраў мінулага тыдня ў адзін з квадратаў матрыцы кіравання часам, на які з іх прыпала б большая частка існуючага ў вашым распараджэнні часу? Складзіце ідэальны, на ваш погляд, варыянт матрыцы кіравання часам пры падрыхтоўцы да экзаменаў.

Прынцып мурашкі дазваляе паэтапна дасягнуць пастаўленай мэты дзякуючы:

— раздзяленню плана па дасягненні мэты на некалькі задач;

— рашэнню кожнай пастаўленай задачы;

— усведамленню важнасці пераадолення цяжкасцей пры рашэнні задач;

— усведамленню неабходнасці выконваць задачы ў запланаваныя тэрміны.

Заданне для старшакласнікаў

Згодна з прынцыпам мурашкі, раздзяліце задачу плана па дасягненні мэты на кавалкі. Гэта будуць часавыя адрэзкі, пасля заканчэння кожнага з якіх вы маеце пэўны вынік, які з’яўляецца элементам ці часткай мэты.

Раздзяліце план па дасягненні мэты на некалькі задач. Рашайце кожную задачу, пераадольваючы цяжкасці. Выконвайце намечанае ў пастаўленыя тэрміны.

Дадатак 2

Першая (экстранная) дапамога школьнага псіхолага ў момант,
калі дзіця
знаходзіцца пад уздзеяннем псіхатраўмы (у стане вострага стрэсу)

  Эмацыянальная рэакцыя   Рэкамендацыі  
1   Дапамога пры плачы   Слёзы — гэта спосаб выліць свае пачуцці, і не трэба адразу пачынаць супакойваць дзіця, калі яно плача. Але, з іншага боку, знаходзіцца побач з вучнем, які плача, і не спрабаваць дапамагчы яму — таксама няправільна. Добра, калі вы зможаце выка­заць яму сваю падтрымку, падаўшы шклянку з вадой ці прапанаваўшы кубачак гарачага чаю. Можна трымаць дзіця за руку. Катэгарычна нельга абдымаць дзіця ці прыціскаць да сябе, супакойваць і гава­рыць, каб яно ўзяло сябе ў рукі
2   Дапамога пры істэрыцы   У адрозненне ад слёз, істэрыка — гэта той стан, які неабходна пастарацца спыніць. У гэтым стане дзіця страчвае многа фізічных і псіхалагічных сіл. Выдаліце гледачоў, стварыце спакойную атмасферу, застаньцеся з дзіцем сам-насам. Нечакана зрабіце дзеянне, якое можа вельмі здзівіць (напрыклад, можна пырснуць вадой, з грукатам упусціць прадмет і г.д.). Сядзіце побач з дзіцем, трымайце яго за руку, пагладж­вайце па спіне, але не пачынайце з ім гутарку, тым больш спрэчку. Любыя вашы словы ў гэтай сітуацыі толькі пада­льюць масла ў агонь. Пасля таго як істэрыка пайшла на спад, гаварыце з пацярпеўшым кароткімі фразамі, упэўненым, але добразычлівым тонам (“выпі вады”, “умыйся”). Дайце чалавеку магчы­масць адпачыць  
3   Дапамога пры страху   Не пакідайце дзіця аднаго. Гаварыце пра тое, чаго дзіця баіцца. Калі дзіця гаво­рыць пра тое, чаго яно баіцца, падтрымайце яго, гаварыце на гэтую тэму. Не спрабуйце адцягнуць фразамі: “не думай пра гэта”, “гэта глупства”, “нічога страшнага” і г.д. Прапануйце зрабіць некалькі дыхальных практыкаванняў. Калі дзіцяці ці падлетку цяжка дыхаць у такім рытме, далучыцеся да яго, дыхайце разам. Гэта дапаможа яму супакоіцца, адчуць, што вы побач. Пастарайцеся заняць чалавека якой-небудзь справай, можна пагуляць, памаляваць, паляпіць. Гэтыя заняткі дапамогуць дзіцяці выказаць свае пачуцці, гэтым вы адцягнеце яго ад перажыванняў. Памятайце, што страх можа быць карысным (калі дапамагае пазбягаць небяспечных сітуацый), таму змагацца з ім трэба тады, калі ён перашкаджае жыць нармальным жыццём
4   Дапамога пры адчуванні віны ці сораму   Пагаварыце з дзіцем, выслухайце яго. Дайце зразумець, што вы слухаеце і разумееце яго (ківайце, падтаквайце, гаварыце “ўгу”, “ага”). Не асуджайце, не старайцеся ацэньваць яго дзеянні, нават калі вам здаецца, што дзіця ці падлетак зрабіў няправільна. Можна проста сесці побач, прыабняць чалавека, пагладжваючы яго па галаве і спіне, даць яму адчуць, што вы побач, спачуваеце і суперажываеце яму. Дайце зразумець, што прымаеце дзіця такім, якое яно ёсць. Не спрабуйце перака­наць яго (“ты не вінаваты”, “такое з кожным можа здарыцца”). На гэтым этапе важна даць дзіцяці выгаварыцца, раска­заць пра свае пачуцці. Не давайце парад, не расказвайце пра свой вопыт, не задавайце пытанняў — проста слухайце  
5   Дапамога пры нервовым дрыжанні   Трэба ўзмацніць дрыжанне. Вазьміце дзіця за плечы, моцна і рэзка патрасіце яго на працягу 10—15 секунд. Працягвайце размаўляць з ім, інакш яно можа ўспрыняць вашы дзеянні як нападзенне. Пасля заканчэння рэакцыі неабходна даць яму магчымасць адпачыць. Катэгарычна нельга абдымаць дзіця ці прыціскаць яго да сябе, накрываць чым-небудзь цёплым, супакойваць і гаварыць, каб яно ўзяло сябе ў рукі
6   Дапамога пры рухальнай узбуджанасці Пастарайцеся знайсці магчымасці фізічна спыніць дзіця ці падлетка. Перш чым спрабаваць яму дапамагчы, упэўніцеся, што гэта не небяспечна для вас. Памятайце, што псіхалагічная дапамога магчыма толькі ў выпадку, калі пацярпеўшы разумее свае дзеянні. Таму для таго, каб ён вас пачуў, задавайце пытанні, якія прыцягнуць яго ўвагу і прымусяць яго задумацца (“Хочаш, мы пазвонім тваёй маме, каб яна цябе забрала?”, “Можа, тым сам выбераш, каму пазваніць?”); прапануйце прайсці ў любы найбліжэйшы свабодны ад гледачоў кабінет (клас) і пастарайцеся даць дзіцяці магчымасць выгаварыцца, займіце яго (напрыклад, папрасіце дапамагчы перакласці кнігі з шафы); прапануйце разам зрабіць дыхальную гімнастыку — гэта дапаможа дзіцяці супакоіцца і адчуць, што вы побач. Катэгарычна нельга дапускаць збор у класе педагогаў і кіраўнікоў, распыт­ваць дзіця, праводзіць разборы. Пасля аказання дзіцяці ці падлетку першай (экстраннай) дапамогі неабходна па тэлефоне выклікаць у школу бацькоў, каб яны забралі дзіця дадому, і прапанаваць ім звярнуцца да спецыялістаў, таму што на гэтым псіхалагічная дапамога дзіцяці ці падлетку не заканчваецца

Таццяна Грудзінская,
педагог-псіхолаг Ёдкаўскай сярэдняй школы Лідскага раёна.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.