Справы і ідэі маладых — Радзіме!

Традыцыйна на Міншчыне абласны маладзёжны форум гучна абвяшчае трыумф маладосці і ініцыятывы і становіцца пляцоўкай, дзе розныя думкі і меркаванні, сустракаючыся і змешваючыся паміж сабой, ператвараюцца ў неверагодныя ідэі, якія потым увасабляюцца ў карысных справах.

Форум дзіцячых і маладзёжных ініцыятыў “Маладзёжнае лідарства: сучасны погляд” праводзіцца на Міншчыне пятнаццаты раз. За гэтыя гады мерапрыемства не раз мяняла пляцоўку і форму правядзення. Тры гады назад упершыню фарумчане сабраліся ў аздараўленчым лагеры “Нёман” на Стаўбцоўшчыне. Гэта цудоўнае месца настолькі прыйшлося ўсім даспадобы, што ўжо трэці год форум не мяняе сваёй “прапіскі”. І сёлета сюды зноў прыехалі лідары дзіцячага і маладзёжнага самакіравання, грамадскіх аб’яднанняў, валанцёрскага руху, члены маладзёжных парламентаў, выдатнікі вучобы, пераможцы творчых, спартыўных і інтэлектуальных спаборніцтваў — усяго каля 300 чалавек. “Справы і ідэі маладых — малой Радзіме!” — пад такім дэвізам праходзіў форум у Год малой радзімы.

— Форум дзіцячых і маладзёжных ініцыятыў — адно з найбольш значных мерапрыемстваў для сістэмы адукацыі Мінскай вобласці, — расказвае начальнік аддзела сацыяльнай і выхаваўчай работы галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама Таццяна Анатольеўна Цвірко. — Сёння тут сабраліся тыя, хто ўмее ініцыіраваць справы, генерыраваць новыя ідэі і весці за сабой. І яны прэзентуюць праекты і справы, якія рэалізоўваюцца ў іх установах, раёнах у Год малой радзімы. Упэўнена, што кожны ўдзельнік форуму знойдзе для сябе цікавы занятак і цікавыя ідэі.

Упершыню маладзёжны форум праходзіў на працягу двух дзён, юныя лідары мелі яшчэ больш, чым звычайна, часу на карысныя справы і знаёмствы. Старт мера-прыемству даў парад дэлегацый. Работа форуму ладзілася на некалькіх пляцоўках. Цэнтральная пляцоўка — праект-дэманстрацыя вопыту работы сістэмы адукацыі ўсіх раёнаў Міншчыны і Жодзіна — мела назву “Маладзёжная вёска”. Падарожнічаючы па ёй, можна было трапіць на розныя вуліцы — Бярэзінскую, Валожынскую, Лагойскую, Крупскую і іншыя — і пазнаёміцца з рознымі рэгіёнамі і іх маладзёжным жыццём. Так, завітаўшы на вуліцу Дзяржынскую, падчас інтэрактыўнай гульні можна было больш даведацца аб Дзяржынскім краі. Выконваючы розныя заданні, госці даведваліся цікавыя факты. Напрыклад, спрабуючы спавіць ляльку, дазнаваліся, што Дзяржынскі раён — лідар па ўзроўні нараджальнасці на Міншчыне; склаўшы і запусціўшы ў палёт папяровы самалёцік, даведаліся, што на тэрыторыі раёна размешчаны цэнтр касмічнай сувязі; рашыўшы матэматычную загадку, згадалі, што менавіта ў гэтым рэгіёне знаходзіцца найвышэйшая кропка Беларусі. На вуліцы Капыльскай прапаноўвалася пазнаёміцца з літаратурнай спадчынай гэтага краю — тут разгадвалі крыжаванку пра капыльскіх пісьменнікаў, спрабавалі сябе ў складанні вершаў, разглядалі літаратурны музей у чамаданчыку. Смалявіцкая моладзь расказвала ўсім, хто завітаў да іх на вуліцу, пра беларуска-кітайскае супрацоўніцтва, бо менавіта ў Дзяржынскім раёне размешчаны індустрыяльны комплекс “Вялікі камень”. На вуліцы Смалявіцкай прапаноўвалі зрабіць аквагрым у выглядзе іерогліфаў, атрымаць абярэгі з пажаданнямі на кітайскай мове і завязаць стужку на традыцыйным кітайскім дрэве жаданняў.

На пляцоўцы форуму “Моладзь — за ЗЛЖ і бяспеку” аматары здаровага ладу жыцця паўдзельнічалі ў спартыўных і рухавых гульнях: пераадольвалі паласу перашкод, адправіліся ў велападарожжа, выконвалі заданні квест-гульні. Таксама дзеці ўбачылі паказальныя выступленні кінолагаў з сабакамі, супрацоўнікаў АМАП. Прадстаўнікі МНС прапанавалі адчуць сябе пажарным — прымераць спецыяльную амуніцыю і паспрабаваць сарыентавацца ў задымленым памяшканні.

На трэцяй пляцёўня размясцілася “Коласаўская літаратурная гасцёўня” — прадстаўнікі кожнага раёна падрыхтавалі і прадэкламавалі ўрыўкі з розных твораў Якуба Коласа. Наведвальнікі гасцёўні пачулі, як радкі класіка гучаць не толькі на беларускай, але і на рускай, украінскай, англійскай мовах.

Адной з галоўных падзей форуму стаў “Адкрыты дыялог” моладзі з прадстаўнікамі ўлады і грамадскіх аб’яднанняў. Так, на пытанні дзяцей адказвалі начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Г.М.Казак, старшыня Стаўбцоўскага райвыканкама Ю.М.Горлаў, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінаблвыканкама В.У.Топдэмір, рэктар МАІРА С.У.Сітнікава, прадстаўнікі прафсаюзнага руху, БРСМ. Моладзь цікавілася, ці складана быць кіраўніком у сферы адукацыі, як госці вучыліся ў школе і якія найлепшыя ўспаміны засталіся з тых часоў, якія цікавыя мясціны ім хацелася б наведаць, што ў апошні час зроблена для добраўпарадкавання ўстаноў адукацыі і інш. Былі пытанні і ў ганаровых гасцей да моладзі. Дзяцей папрасілі падзяліцца ўражаннямі пра форум і расказаць, якімі, на іх погляд, павінны быць настаўнікі. Адказ на другое пытанне вельмі зацягнуўся — вучні ў якасці прыкладаў прыводзілі сваіх настаўнікаў, і жадаючых расказаць пра цудоўных педагогаў было вельмі многа.

Другі дзень форуму быў прысвечаны знаёмству з прадпрыемствамі Стаўбцоўшчыны. Раздзяліўшыся на групы па інтарэсах — медыцына, педагогіка, спорт, аграпрамысловасць, лясная гаспадарка, экалогія і краязнаўства — юнакі і дзяўчаты наведалі філіял музея Я.Коласа, Стаўбцоўскі РАУС, раённую бальніцу, дзіцячы садок № 8, спартыўную школу, лясгас і іншыя прадпрыемствы і ўстановы. Фарумчане маглі бліжэй пазнаёміцца з людзьмі, якія працуюць у розных сферах, і паспрабаваць сябе ў розных прафесіях.

“Нёман” падарыў маладым людзям незабыўныя ўспаміны і эмоцыі, і яны таксама пакінулі лагеру падарунак на памяць — удзельнікі форуму разам стварылі клумбу Сяброўства. І як клумбу ўпрыгожваюць пасаджаныя дзецьмі кветкі, так і нашу краіну ў хуткім часе ўпрыгожаць карысныя справы моладзі, на якія, безумоўна, натхніла сустрэча на Стаўбцоўшчыне.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *