Спрытныя і моцныя

Восеньская спартландыя, якая прайшла ў дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці г. Свіслачы, сабрала ў спартыўнай зале тры каманды: “Сонейка”, “Дожджык”, “Хмарка”.

Пасля пастраення дзеці выканалі песню пра восень, і да іх ужо спяшаўся Доктар Айбаліт, які праверыў гатоўнасць каманд да спаборніцтваў. На свяце прысутнічала журы, якое ацэньвала хуткасць і правільнасць выканання спаборніцтваў, а таксама камандны дух выхаванцаў. Пасля таго як прагучалі прывітанні каманд, дзеці прыступілі да першага конкурсу-размінкі “Чыя каманда хутчэй збярэцца?”. У наступнай эстафеце “Пад дажджом” удзельнікі збіралі садавіну для гасцей, схаваўшыся пад парасонамі. Каб дабрацца да градкі з морквай у эстафеце “У агародзе — зайчык”, дзецям давялося выкарыстоўваць фітболы.

Павесяліла ўсіх эстафета “Вясёлыя галёшы”, дзе неабходна было прабегчыся па “лужынах” у сапраўдных галёшах! Змест наступнага конкурсу стаў вядомы пасля загадкі: праявіўшы цуды спрыту, камандам неабходна было сабраць бульбу з градкі лыжкай, а для ўдзелу ў эстафеце “Прыбяры восень” спатрэбілася ўменне завязваць хустку.

Конкурс “Музычная бульба” дазволіў удзельнікам праявіць спрыт і хуткасць рэакцыі. Адгадаўшы загадкі пра гародніну, каманды паспаборнічалі ў зборы гародніны і садавіны, дастаўцы іх у сховішча ў эстафеце “Грузавік”.

У апошняй эстафеце “Восеньскі букет” кожная каманда вызначылася кампазіцыяй з восеньскага лісця.

На працягу мерапрыемства выхаванцы сярэдняй групы дарылі добры настрой удзельнікам сваімі песнямі і выступленнем музычнага аркестра.

І вось рашэнне журы: у намінацыі “Самыя хуткія” перамагла каманда “Хмарка”, самымі спрытнымі сталі ўдзельнікі каманды “Дожджык”, а самымі моцнымі аказаліся прадстаўнікі каманды “Сонейка”. Скончылася спартландыя агульным танцам “Хмарка”, а таксама ўручэннем вітамінных падарункаў ад Доктара Айбаліта.

Аксана ЛАМАШКЕВІЧ,
кіраўнік фізічнага выхавання Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Свіслачы.