У сярэдняй школе № 111 Ленінскага раёна Мінска адбылося пасяджэнне гарадской педагагічнай майстэрні на тэму “Педагагічная падтрымка навучэнца пачатковай школы як умова паспяховага асобаснага развіцця”. Мерапрыемства праводзілася з мэтай развіцця прафесійнай кампетэнтнасці настаўніка пачатковых класаў па пытаннях арганізацыі работы з навучэнцамі, якія маюць нізкі ўзровень вучэбнай матывацыі.
Тут і цяпер
Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце школы Валянціна Іванаўна Пашкевіч пазнаёміла ўдзельнікаў педагагічнай майстэрні з адукацыйнай прасторай навучальнай установы. Увесь адукацыйны працэс тут накіраваны на паспяховую адаптацыю навучэнцаў у нашым зменлівым свеце. У адпаведнасці з прынцыпам “дзіця не рыхтуецца да жыцця — яно жыве ўжо сёння”, педагогі імкнуцца стварыць такія ўмовы і так арганізаваць працэс навучання і выхавання, каб дзеці, яшчэ знаходзячыся ў сценах школы, змаглі атрымаць вопыт паўнацэннага жыцця. З самага адкрыцця навучальнай установы тут вядзецца работа ў класах інтэграванага навучання і выхавання: дзеці з асаблівасцямі не замыкаюцца ў свеце, у якім усё фіксуе іх увагу на сваім недахопе, а адчуваюць сябе камфортна. Школа імкнецца, з аднаго боку, максімальна адаптавацца да навучэнцаў з іх індывідуальнымі асаблівасцямі, з іншага боку, гнутка рэагаваць на сацыякультурныя змяненні асяроддзя.
Гонарам школы лічыцца пакой псіхолага-педагагічнага суправаджэння, які створаны ўласнымі сіламі педагогаў і адміністрацыі і які наведалі ўдзельнікі мерапрыемства. Пакой мае дзве зоны: вучэбную і зону “светлай” і “цёмнай” рэлаксацыі. Зона “светлай” рэлаксацыі абсталявана разнастайнымі прыстасаваннямі, якія дазваляюць дзіцяці разняволіцца, абстрагавацца, адасобіцца і пабыць аднаму. У пакоі псіхолага-педагагічнага суправаджэння таксама ёсць акварыум, паглядзець на жыхароў якога з вялікім задавальненнем прыходзяць дзеці. Зона “цёмнай” рэлаксацыі ўяўляе сабой зацемнены куточак, дзе дзіця ўкладваецца на ляжак і з дапамогай шматлікіх светлавых элементаў пад гучанне спакойнай музыкі таксама можа разняволіцца. У вучэбнай зоне ўстаноўлены модульныя сталы, структуру якіх можна мяняць у залежнасці ад патрэб педагога, сабраны багаты гульнявы і дыдактычны матэрыял, аформлены папкі для бацькоў, куточкі для настаўнікаў-дэфектолагаў, для педагога-псіхолага.
Матыў да дзейнасці
У сучаснай школе пытанне аб матывацыі навучання без перабольшвання можна назваць цэнтральным, бо матыў з’яўляецца крыніцай дзейнасці і выконвае функцыю пабуджэння і сэнсаўтварэння. Матывацыя — гэта ўнутраная псіхалагічная характарыстыка асобы, якая знаходзіць выяўленне ў знешніх праяўленнях, у адносінах чалавека да навакольнага свету, да розных відаў дзейнасці. Матывацыя аказвае самы вялікі ўплыў на прадукцыйнасць вучэбнага працэсу і вызначае паспяховасць вучэбнай дзейнасці. Адсутнасць матываў навучання непазбежна прыводзіць да зніжэння паспяховасці. Дзейнасць без матыву ці са слабым матывам альбо не ажыццяўляецца ўвогуле, альбо аказваецца вельмі няўстойлівай. Ад таго, як адчувае сябе навучэнец у пэўнай сітуацыі, залежыць аб’ём намаганняў, якія ён прыкладае да сваёй вучобы. Таму важна, каб увесь працэс навучання выклікаў у дзіцяці інтэнсіўнае і ўнутранае памкненне да ведаў, напружанай разумовай дзейнасці.
Як адзначалася, у дзяцей, якія слаба вучацца, на фоне школьных няўдач, пастаяннага няпоспеху пазнавальная патрэба вельмі хутка знікае, часам беззваротна, а вучэбная матывацыя так і не ўзнікае. Таму вельмі неабходна спецыяльная “падтрымліваючая” работа, што дапамагае дзецям, якія адчуваюць цяжкасці ў навучанні, паспяхова асвойваць вучэбны матэрыял, атрымліваючы пастаянную дапамогу ад настаўніка. Неабходны дадатковыя практыкаванні, у якія заключана прадуманая сістэма дапамогі дзіцяці, што ўяўляе сабой серыю “падказак”, у аснове якіх ляжыць паслядоўнасць аперацый, неабходных для паспяховага навучання. Акрамя таго, гэтым дзецям неабходна большая колькасць часу на адпрацоўку навыку.
У фарміраванні вучэбнай матывацыі можна выдзеліць некалькі блокаў: эмацыянальны, матывацыйна-мэтавы і пазнавальны. Настаўнікі-пачаткоўцы школы зыходзяць з таго, што першапачаткова неабходна выклікаць у малодшых школьнікаў дапытлівасць — прычыну пазнавальнай цікаўнасці. Педагогамі выкарыстоўваюцца такія прыёмы, як стварэнне сітуацыі поспеху (праз выкананне заданняў, пасільных для ўсіх навучэнцаў, вывучэнне новага матэрыялу з апорай на старыя веды), станоўчы эмацыянальны настрой (праз стварэнне на ўроку добразычлівай атмасферы даверу і супрацоўніцтва, яркую і эмацыянальную мову настаўніка), рэфлексія (праз ацэнку ўласнай дзейнасці і дзейнасці іншых, ацэнку выніку дзейнасці праз пытанні, якія патрабуюць шматварыянтных адказаў: чаму было цяжка? Што адкрылі на ўроку? і г.д.), займальнасць, незвычайная форма падачы матэрыялу (праз выкарыстанне музычных фрагментаў, гульнявыя і спаборніцкія формы, гумарыстычныя хвілінкі).
Матывацыйна-мэтавы блок прадугледжвае навучанне малодшых школьнікаў вызначэнню і ўсведамленню мэт навучання і іх увасабленне. Для яго рэалізацыі настаўнікі ствараюць сітуацыі дэфіцыту ведаў і самастойнае вызначэнне дзецьмі мэт наступнай дзейнасці, прадастаўляюць навучэнцам права выбару праз рознаўзроўневыя заданні, сумеснае планаванне дзейнасці на ўроку, вар’іраванне заданняў па ступені значнасці, паказваюць практычную значнасць вучэбнага матэрыялу, суадносяць яго з канкрэтнай жыццёвай сітуацыяй. Акрамя таго, высвятляюцца прычыны памылак і вызначаюцца наступныя дзеянні па іх ліквідацыі.
Пазнавальны блок мае на мэце фарміраванне вучэбнай дзейнасці, якая характарызуецца ўменнем самастойна выдзяляць вучэбную задачу або праблему і авалодваць новымі спосабамі вучэбных дзеянняў, прыёмамі самакантролю і самаацэнкі сваёй вучэбнай дзейнасці. Настаўнікамі школы выкарыстоўваюцца наступныя прыёмы: уклю-чэнне навучэнцаў у калектыўную дзейнасць (работа ў групах, узаемаправерка, калектыўны пошук вырашэння праблемы і г.д.), стварэнне праблемнай сітуацыі праз аналіз, параўнанне вучэбных аб’ектаў, устанаўленне супярэчнасцей, супрацоўніцтва на ўроку праз сумеснае рашэнне праблемы ці супярэчнасцей, эўрыстычную гутарку, вучэбную дыскусію, мадэляванне. Таксама практыкуецца прыцягненне навучэнцаў да ацэначнай дзейнасці праз выкарыстанне рэфлексіўных лінеек, водзыў навучэнцаў на адказ іншых, стымуляванне дзейнасці праз адзнаку, падзяку, слоўнае заахвочванне, выставу лепшых работ.
З задавальненнем, без прымусу
Як працуюць настаўнікі па фарміраванні станоўчай вучэбнай матывацыі навучэнцаў, удзельнікі педмайстэрні змаглі ўбачыць падчас яе практычнай часткі. Фрагмент урока матэматыкі ў 1 класе правяла настаўніца пачатковых класаў Алена Міхайлаўна Няхаева па тэме “Нумарацыя адназначных лікаў”, на якім малодшыя школьнікі адпрацоўвалі навыкі вуснага лічэння. Дзеці рашалі прыклады, працавалі ў парах, групах. На ўроку выкарыстоўваліся гульнявыя метады, узаемаправерка і самаправерка. Работа дзяцей заахвочвалася фішкамі. А напрыканцы ўрока была праведзена рэфлексія — пачаткоўцы размяшчалі на шкале самаацэнкі сняжынкі ў залежнасці ад колькасці атрыманых за работу фішак.
Прыёмы работы з гуашшу і акварэллю на ўроку выяўленчай дзейнасці ў класе інтэграванага навучання прадэманстравала настаўніца пачатковых класаў Ларыса Валер’еўна Глотава. З выкарыстаннем свечкі, відэльца, сурвэтак, ватных палачак пачаткоўцы малявалі зімовыя дрэвы. Было відаць, што прымяненне нетрадыцыйных тэхнік малявання вельмі зацікавіла малодшых школьнікаў.
Фрагмент карэкцыйных заняткаў па развіцці пазнавальнай дзейнасці з навучэнцамі 4 класа інтэграванага навучання і выхавання (поўнай напаўняльнасці) правяла настаўнік-дэфектолаг Таццяна Валер’еўна Ціхановіч па тэме “Зімовы спартыўны інвентар”. Разам з трыма навучэнцамі настаўніца высвятляла, што трэба ўзяць з сабой для лыжнай прагулкі.
Урок па прадмеце “Чалавек і свет” у 3 класе па тэме “Лясная супольнасць” з выкарыстаннем элементаў адукацыйнай мадэлі “Крок за крокам” правяла настаўніца пачатковых класаў Лада Васільеўна Маркіна. Малодшыя школьнікі працавалі ў цэнтрах. Камбінаваную форму правядзення стымулюючых і падтрымліваючых заняткаў у 3 класе прадставіла настаўніца пачатковых класаў Святлана Мікалаеўна Джыоева. Малодшыя школьнікі, адпрацоўваючы рашэнні вывучаных відаў састаўных задач (на рух, на вагу і г.д.), узаемадзейнічалі ў парах зменнага складу. Моцныя вучні выступалі ў ролі настаўніка — прарашалі па чатыры задачы, а вучні, якія маюць цяжкасці ў навучанні, добра засвоілі, як рашаецца адна задача. У выніку такой арганізацыі заняткаў педагог бачыць, якія праблемы засталіся ў навучэнцаў і як у сувязі з гэтым можна адкарэкціраваць сваю далейшую дзейнасць.
Фрагмент урока матэматыкі ў 2 класе інтэграванага навучання і выхавання па тэме “Прамавугольнік” правяла настаўніца пачатковых класаў Святлана Паўлаўна Барауля. Педагог на сваім уроку выкарыстоўвала прыёмы лега-канструявання. У выніку ўрок стаў больш насычаным, цікавым, пазнавальным. Было відавочна, што вучоба з лега развівае ў пачаткоўцаў упэўненасць у сваіх сілах, вучыць даводзіць пачатую справу да патрэбнага выніку і, галоўнае, дзіця заўсёды наглядна атрымлівае прадукт сваёй працы.
Як адзначыла Святлана Паўлаўна, важная роля пры рабоце з канструктарам адводзіцца развіццю дробнай маторыкі. Пры рабоце з дробнымі элементамі, якія патрабуюць не толькі тонкіх і дакладных рухаў рукі і пальцаў, але і дакладнага ўзгаднення руху рукі і вока, рука дзіцяці рыхтуецца да пісьма. Вельмі важна і тое, што пры зборцы элементаў адначасова працуюць абедзве рукі, а значыць, задзейнічаны абодва паўшар’і галаўнога мозгу: левае, адпаведна, за мову і маўленне, правае — за арыентацыю ў прасторы і некаторыя эмацыянальныя станы.
Лега выкарыстоўваецца настаўніцай на ўроках матэматыкі пры фарміраванні ў дзіцяці прасторавых уяўленняў і засваенні іх слоўных абазначэнняў, на ўроках навучання грамаце пры знаёмстве з гукам. У працэсе работы з канструктарам, акрамя засваення вучэбнага матэрыялу, вырашаюцца задачы азнаямлення з сенсорнымі эталонамі, навучання спосабам іх выкарыстання, развіцця ўвагі, назіральнасці, зрокавай памяці, маўлення, мыслення.
Настаўнікі школы прапанавалі ўдзельнікам мерапрыемства рэкамендацыі па фарміраванні вучэбнай матывацыі малодшых школьнікаў. Так, на думку педагогаў, для дасягнення выніку важна выкарыстоўваць індывідуальны падыход у навучанні, ствараць сітуацыі поспеху, абапіраючыся на станоўчыя якасці навучэнца, захоўваць правілы бязбольнага ацэньвання (ацэньваць дзейнасць, а не дзіця; не параўноўваць вынікі аднаго дзіцяці з вынікамі іншых; заўважаць самую маленькую дынаміку), ацэньваючы дзейнасць, указваць перш за ўсё на станоўчыя моманты і толькі потым гаварыць пра недахопы, пазбягаць аўтарытарнага стылю ўзаемаадносін, імкнуцца да стварэння станоўчай эмацыянальнай атмасферы, спрыяльнага мікраклімату ў дзіцячым калектыве.