Спрыяць сацыяльнай інклюзіі сям’і

Падтрымка сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі, — адзін з прыярытэтаў дзейнасці Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, пры якім быў створаны адзіны ў Беларусі дзённы цэнтр для асаблівых дзяцей.

“Мэта работы нашага дзённага цэнтра — спрыяць павышэнню эфектыўнасці дзейнасці дзяржаўных арганізацый і недзяржаўных устаноў у рабоце з сем’ямі, якія выхоўваюць дзяцей з інваліднасцю, праз іх сацыяльную інтэграцыю і паляпшэнне якасці жыцця, — расказала кіраўнік цэнтра Інеса Ларыёнава. — Актыўная работа ў гэтым кірунку стартавала ў 2009 годзе і ажыццяўлялася пры метадычнай і фінансавай падтрымцы Нацыянальных таварыстваў Чырвонага Крыжа Аўстрыі, Нарвегіі і Міжнароднай федэрацыі таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца. У сваёй дзейнасці мы не падмяняем ні рэабілітацыйныя медцэнтры, ні ЦКРНіР, якія займаюцца адукацыяй дзяцей. Ніша, якую мы займаем, — дапамога дзецям, якім па стане здароўя цяжка адаптавацца да дзіцячага калектыву, якія не маюць магчымасці наведваць дзіцячыя сады ці знаходзяцца на надом­ным навучанні. 

Калі ў сярэдняй школе № 16 Гродна адкрыліся класы, дзе пачалі вучыцца дзеці з аўтыстычнымі расстройствамі, Гродзенская грамадская арганізацыя Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа дапамагла ўстанове стварыць адпаведную матэрыяльную базу, набыць дыдактычныя матэрыялы і абсталяванне. Дзеці з аўтызмам вучацца ў суправаджэнні цьютараў — валанцёраў Чырвонага Крыжа, якія па спецыяльнасці з’яўляюцца настаўнікамі-дэфектолагамі”.

Штотыдзень дзённы цэнтр Чырвонага Крыжа наведваюць 15—17 дзяцей з інваліднасцю ад 3 гадоў з фізічнымі і ментальнымі абмежаваннямі сярэдняй і цяжкай ступені. Гэта дзеці з ДЦП, з невылечнымі мышачнымі генетычнымі захворваннямі, з рознай ступенню парушэнняў ментальных і кагнітыўных функцый. Адначасова ў цэнтры можа займацца не больш за 5 дзяцей у адной з трох груп: для дзяцей ад 6 да 12 гадоў, для дзяцей ад 12 гадоў і ў групе для мам і маленькіх дзяцей з цяжкімі парушэннямі. У цэнтры створаны неабходныя ўмовы для знаходжання дзяцей з абмежаваннямі, у першую чаргу даступнае асяроддзе. Памяшканні абсталяваны ў адпаведнасці з іх прызначэннем (для развіццёвых і рэабілітацыйных заняткаў, сенсорны пакой). Дзецям аказваецца псіхалагічная і медыка-сацыяльная дапамога, право­дзіцца карэкцыйна-развіццёвае навучанне, навучанне бяспецы жыццядзейнасці, сацыяльна-бытавой адаптацыі, асновам здаровага ладу жыцця і аказання першай дапамогі.

Перавозка дзяцей у цэнтр і дадому пасля заняткаў ажыццяўляецца транспартам арганізацыі, абсталяваным спецыяльным пад’ёмнікам для дзяцей на калясках.

Сем’і, жыццё якіх круціцца вакол дзяцей з інваліднасцю, якія вымушаны шмат часу праводзіць у рэабілітацыйных цэнтрах і бальніцах, па сутнасці, знаходзяцца ў сацыяльнай ізаляцыі. Дзейнасць цэнтра накіравана на сацыяльную інклюзію такіх сем’яў праз прадастаўленне паслуг: сацыяльнай перадышкі — вызваленне бацькоў (членаў сям’і) ад догляду дзіцяці-інваліда на пэўны перыяд часу ў мэтах прадастаўлення ім магчымасці для аднаўлення сіл, вырашэння сямейна-бытавых пытанняў; сацыяльнай рэабілітацыі; псіхасацыяльнай і медыка-сацыяльнай падтрымкі (кансультацыі).

Штогод больш за 100 сем’яў атрымлівае дапамогу ў дзённым цэнтры Чырвонага Крыжа, а таксама дома сіламі супрацоўнікаў і валанцёраў. Супрацоўнікі Чыр­вонага Крыжа навучаны швейцарскай методыцы кінестэтыкс (майстэрству ўспрымання руху і догляду людзей з абмежаваннямі, якія дазваляюць чалавеку навучыцца кіраваць сваім целам) і вучаць бацькоў падчас трэнінгаў і майстар-класаў адпаведным правілам догляду дзяцей дома.

“Магчымасці нашага цэнтра абмежаваныя, прыняць у сябе ўсіх жадаючых мы не можам, — адзначыла Інеса Ларыёнава. — Ёсць два важныя крытэрыі, якія мы ўлічваем, калі вырашаем пытанне аб аказанні дапамогі той ці іншай сям’і. Гэта сацыяльная ўразлівасць сям’і, калі яна мнагадзетная, няпоўная, малазабяспечаная, дзе выхоўваюцца два дзіцяці з інваліднасцю і г.д. Мае значэнне актыўная пазіцыя сям’і, варта пазбягаць утрыманства з іх боку. Сацыяльна арыентаваную дапамогу мы аказваем і дзецям з абмежаваннямі, і іх бацькам, і дзецям-сіблінгам, якім часта не хапае любові і клопату”.

Штогод у цэнтр набываюцца індывідуальныя сродкі рэабілітацыі і абілітацыі, метадычныя матэрыялы і спартыўны інвентар. Сем’і, якія выхоўваюць цяжкахворых дзяцей, карыстаюцца банкам рэабілітацыйнага абсталявання цэнтра. Інвалідныя каляскі, хадункі, вертыкалізатары, спецыяльныя крэселкі, трэнажоры, масажоры, партатыўныя апараты для дамашняй фізіятэрапіі і інш. бязвыплатна выдаюцца сем’ям для выкарыстання дома. Акрамя таго, сем’і атрымліваюць адрасную сацыяльную і матэрыяльную дапамогу: гігіенічныя і прадуктовыя наборы, адзенне, абутак і інш.


У цэнтры развіваюцца інавацыйныя тэхналогіі аказання дапамогі, пашыраюцца віды паслуг. Атрымаў развіццё кірунак догатэрапіі — метад су­праваджэння, лячэння і рэабілітацыі, псіхасацыяльный падтрымкі, адаптыўнай фізкультуры і спецыяльнай педагогікі, які заключаецца ў непасрэдным кантакце з сабакамі. Сеансы для дзяцей з асаблівасцямі развіцця праводзяц­ь валанцёры Чырвонага Крыжа. Дзеці не ўспрымаюць іх як урокі, яны проста гуляюць з сабакам, але пры гэтым вучацца лічыць, вывучаюць колер і г.д. Зносіны з сабакам паскара­юць працэс вылечвання. Дзіця, якое не ха­дзіла без падтрымкі дарослага, раптам адпускае яго руку, бярэ за павадок сабаку і робіць некалькі крокаў. Для кагосьці са­праўднае дасягненне — проста ўсміхнуцца або вымавіць першыя словы, напрыклад, паклікаўшы сабаку па мянушцы. Пры зносінах з жывёлай задзейнічаны ўсе органы пачуццяў, што само па сабе карысна і добра. Эфект ад заняткаў дасягаецца заўсёды.

На занятках з дзецьмі спецыялісты цэнтра прымяня­юць LEGO-, арт- і пясочную тэрапію, дзякуючы чаму развіваецца дробная маторыка, удасканальваюцца маўленчыя навыкі, паляпшаецца эмацыянальны фон дзіцяці. У дзённым цэнтры Чырвонага Крыжа створаны “Анры-тэатр”, у якім удзельнічаюць асаблівыя дзеці, бацькі і валанцёры. Іх сіламі падрыхтаваны чатыры паўнавартасныя пастаноўкі. У планах невялікага калектыву тэатра — інтэгравацца ў прафесійны дзіцячы тэатральны калектыў.

Разам з Гродзенскім абласным цэнтрам турызму і краязнаўства ў дзённым цэнтры для дзяцей праводзяцца заняткі “Гродназнаўства”, сем’і хо­дзяць на экскурсіі. Бацькоўскі клуб, створаны на базе цэнтра, аб’яднаў бацькоў асаблівых дзяцей, якія абменьваюцца ўласным вопытам, атрымліваюць інфармацыю і кансультацыі па медыцынскіх, псіхалагічных, юрыдычных пытаннях, удзельнічаюць у падрыхтоўцы мерапрыемстваў і інш.

Праводзіцца актыўная работа па інтэграцыі сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі, у жыццё грамадства і далучэнне грамадства да жыцця гэтых сем’яў: удзел у святах, спартыўных мерапрыемствах, сустрэчах з творчымі людзьмі і іншых культурна-масавых мерапрыемствах, якія праводзяцца ў Гродне і вобласці.

У 2019 годзе адбыўся 6-ы летні інтэграцыйны лагер для дзяцей з асаблівасцямі развіцця Гродзенскай вобласці і членаў іх сем’яў. Развіццёвыя гульні, тэатральныя паказы, догатэрапія, заняткі ў басейне — дзясяткі забаў чакалі адпачывальнікаў. Сёлета лагер быў не толькі інтэграцыйным, але і інтэрнацыянальным. Сям’я з Даўгаўпілса выйграла ў латвійскім Чырвоным Крыжы пуцёўку ў беларускі лагер па праграме абмену. За 6 гадоў у лагеры адпачыла больш за 200 сем’яў. У рабоце лагера прымаюць удзел валанцёры, якія прайшлі папярэднюю падрыхтоўку падчас трэнінгу па асаблівасцях узаемадзеяння з людзьмі з абмежаваннямі.

 “Дзякуючы рабоце нашага цэнтра, узніклі два станоўчыя сацыяльныя эфекты: унутраны, які праяўляецца ў паляпшэнні якасці жыцця сям’і праз сацыялізацыю, і знешні эфект, бо большая частка мерапрыемстваў цэнтра прахо­дзіць з удзелам СМІ, — падкрэсліла Інеса Ларыёнава. — Члены сем’яў, у тым ліку дзеці з абмежаванымі магчымасцямі, якія актыўна ўдзельнічаюць у нашых мера­прыемствах, часта самі становяцца валанцёрамі Чырвонага Крыжа. Супрацоўнікі нашай арганізацыі актыўна далучаюцца да фандрайзінгу: выступаюць на прадпрыемствах, у арганізацыях Гродна, арганізоўваюць акцыі: “Лапа — на здароўе”, “Збяром дзяцей у школу”, “Дарога дабра”.

Нагадаем, што фінансаванне дзейнасці цэнтра ажыццяўляецца за кошт добраахвотных ахвяраванняў, членскіх узносаў і спонсарскай дапамогі прадпрыемстваў і ўстаноў Гродна”.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара і з архіва ўстановы.