Спусціцца на ўзровень дзіцячага болю: што трэба зрабіць нашаму грамадству, каб вырашыць праблему дзіцячых суіцыдаў

- 13:10Интервью

У верасні адзначаецца Сусветны дзень папярэджання самагубстваў. На вялікі жаль, праблема дзіцячых суіцыдаў не страчвае сваёй вастрыні і актуальнасці. Пра тое, ці зможа грамадства вырашыць гэтую праблему, як дзіцяці ў крызіснай сітуацыі шукаць апоры ў сабе і як дарослым трэба гутарыць з дзецьмі, — размова карэспандэнта “Настаўніцкай газеты” з педагогам­-псіхолагам аддзела псіхалагічнай дапамогі ў крызісных сітуацыях Рэспубліканскага цэнтра псіхалагічнай дапамогі Інстытута псіхалогіі БДПУ Дзмітрыем Сеннікавым.

Эпідэмія сучаснасці?

— Ці можна назваць праблему падлеткавага суіцыду эпідэміяй сучаснасці? І ці зможа сучаснае грамадства справіцца з гэтай праблемай?

— Выкажу ўласны пункт погляду: суіцыды былі, ёсць і будуць. Падлеткавыя суіцыды — гэта не эпідэмія, гэта жыццё — такое, як яно ёсць. Праблема ў розныя часы то абвастраецца, то ідзе на спад. У Беларусі зараз якраз ідзе на спад, калі параўноўваць з апошнімі статыстычнымі даследаваннямі, якія праводзіліся ў 2019 годзе.

Што рабіць з гэтай праблемай? Пра яе трэба гаварыць, але гаварыць карэктна, правільна, інтэлігентна. І для гэтага любому даросламу, які па сваіх службовых абавязках павінен даносіць інфармацыю да падлеткавай аўдыторыі, важна памятаць, што ёсць два паняцці: жыццёвая псіхалогія і навуковая псіхалогія. З дзецьмі трэба гава­рыць простай мовай, але абавязкова з фактамі. Таму што, на жаль, і я з гэтым сутыкаюся ў сваёй рабоце, у псіхалагічнай асвеце педагогаў і бацькоў жыццёвая псіхалогія, перакананні, якія існуюць у грамадстве, псу­юць агульную карціну ў плане інфармавання падлеткаў аб каштоўнасці жыцця і ўчынках, якія могуць прывесці да сумных наступстваў.

Інфармаванне павінна ісці не толькі праз гутарку, але і праз спецыялізаваную літаратуру, сацыяльныя сеткі і сродкі масавай інфармацыі. У мяне часам сэрца абліваецца крывёй, калі чытаю, як сучасныя СМІ паведамляюць пра дзіцячы суіцыд.

— Растлумачце, калі ласка.

— Асабліва вызначаюцца ў гэтым плане ТГ-каналы кшталту “Чуткі.бай”, “Сорамна.Мінск” і г.д., якія не проста няўмела даюць інфармацыю аб трагедыі, а, на жаль, выкарыстоўваюць дзіцячы суіцыд як інфармацыйную падставу для публікацыі. І ў такіх матэрыялах не акцэнтуецца ўвага грамадства на балючай праблеме, а расказваецца пра сам выпадак суіцыду, часта з падрабязным апісаннем таго, як дзіця развіталася з жыццём. (Дзмітрый паказвае ў сваім смартфоне прыклад падобнага паста ў адным з ТГ-каналаў. Па этычных прычынах мы не бу­дзем цытаваць гэты пост. — Заўвага аўтара.)

— Як нельга расказваць пра дзіцячыя суіцыды, вы патлумачылі. А як трэба пра гэта гаварыць?

— Па-першае, для гэтага павінна быць спецыяльная падрыхтоўка, таму што нават не кожны псіхолаг мае ў сабе сілы займацца суіцыдалогіяй. І я не магу ў гэтым вінава­ціць калег. Псіхолаг — гэта ў першую чаргу чалавек, тым больш што сярод псіхолагаў абсалютная большасць — жанчыны, у якіх ёсць ці яшчэ будуць свае дзеці.

Па-другое, аб праблеме нельга вяш­чаць зверху, калі дарослы чалавек расказвае падлеткам, як ён паводзіў сябе ў іх узросце. Мы, спецыялісты ў інфармаванні, псіхалагічнай асвеце, павінны спусціцца на ўзровень болю тых дзяцей, якія перажываюць крызісную сітуацыю, дакладна абазначыць болевыя кропкі і, самае галоўнае, прапанаваць рашэнне. І гэта сапраўднае мастацтва. Спецыяліст не павінен дазваляць сабе фразы: “Паглядзіце, якое сонца за акном! Якое цудоўнае жыццё! Як вы можаце гэтаму не радавацца?!” Тое дзіця, у якога ёсць суіцыдальныя думкі, не бачыць гэтага сонца. І калі яму гавораць: “А ты пра маму падумала? Пра тату падумала?” — я вам скажу як суіцыдолаг: дзіця даўно падумала пра тату і маму і забылася. Яго душэўны боль настолькі нясцерпны, што думкі перайшлі ўжо ў тэндэнцыі, што хочацца ўжо проста спыніць гэты душэўны боль… Спецыялісты павінны ведаць, ЯК гаварыць. Падкрэсліваю: ЯК гаварыць, а не пра што.

Птушаняты

— Ведаю, што нядаўна вы ўдзельнічалі ў міжнароднай канферэнцыі ва Ула­дзівастоку і давалі майстар-клас “Выбар на карысць жыцця: практычныя метады работы з суіцыдальнымі паводзінамі падлеткаў”. Якімі спе­цыяльнымі ведамі вы можаце зараз падзяліцца са школьнымі псіхолагамі?

— Школьным псіхолагам трэба даць мой нумар тэлефона і парэкамендаваць звярнуцца ў Рэспубліканскі цэнтр псіхалагічнай дапамогі. Галоўная мая рэкамендацыя калегам — не абясцэньвайце дзіця і клапаціцеся пра сябе. Дзіця і наогул іншага чалавека зразумець немагчыма. У нас можа быць падобны вопыт, але пачуцці ўсё роўна будуць рознымі. І мы не маем права гаварыць дзіцяці: “Я цябе разумею”. Мы не можам разумець 12-гадовую дзяўчынку, як бы мы ні хацелі гэтага. Я сваіх кліентаў называю птушанятамі, і ўсе яны гаварылі мне, што калі чулі фразы “Я цябе разумею”, “Гэта ўсё пройдзе”, то лічылі гэта абясцэньваннем. Зразумела, мы павінны мець эмпатыю, калі толькі ўваходзім у прастору дзіцяці, але пазней да свайго гарачага сэрца трэба дадаваць халодную галаву. Каб быць карысным дзіцяці.

У якасці рэкамендацыі прапаную сваім птушанятам: “Давай адправімся ў падарожжа — даследаванне твайго жыцця. Калі ты хочаш нешта змяніць у сваім жыцці — дазволь мне дапамагчы табе. Будзе балюча, магчыма, ты будзеш мяне ненавідзець, але я буду побач. На гэты прамежак часу я стану тваімі мыліцамі ці сабакам-павадыром. Рашэнне не за бацькамі — толькі за табой. Я нічога не абяцаю, бо не магу гэтага зрабіць. Але давай паспрабуем”.

Мая рэкамендацыя калегам: ніколі не навязвайце свой пункт погляду, бо гэта аб’ектыўная дарослая пазіцыя і погляд збоку, а мы працуем з суб’ектыўным поглядам на падзеі. Мы ведаем, як правільна, як трэба, але гэта не пра маленькага чалавека ў крызісе, які думае, што гэты боль назаўсёды, таму што ўжо не помніць, калі ў яго было добра.

Наша задача — папярэдзіць трагедыю: не дырэктыўна, не забаронамі і не павучальнымі гутаркамі. Дайце магчымасць дзіцяці выказаць, што ў яго на сэрцы. Гэта атрымаецца не адразу, а калі яно зразумее, што вы яго не абясцэніце.

— Дзе дзіцяці ў цяжкай крызіснай сітуацыі шукаць унутраныя апоры? У чым яны? І як тут дапаможа псіхолаг?

— Прывяду прыклад. Маці адной з маіх птушанят, слухаючы, як яе дачка (дзяўчынка двойчы была на лячэнні ў псіханеўралагічнай установе) гадзіну расказвала пра сваё жыццё, сказала: “Хацела б памерці — памерла б”. Я не вінавачу маму, прычына такога яе стаўлення да праблемы простая: усё яе жыццё, выхаванне ў сям’і, сацыялізацыя ў грамадстве прывялі яе ў гэты пункт, калі ў жанчыны вось такія перакананні. Задача спецыяліста — падобную жыццёвую псіхалогію зрушыць з месца і паказаць, што за спробамі самагубства ў дзіцяці стаіць неймаверны душэўны боль. Дзіця так сябе паводзіць, таму што яму зараз дрэнна, яно не ведае, як гэта ўсвядоміць і як з гэтым справіцца.

Апоры, безумоўна, ёсць, але дзіця ў глыбокім крызісе ўжо не помніць, калі яму было добра. У кожнага чалавека ёсць поспехі, якія немагчыма забраць, але з-за відавочнага кагнітыўнага скажэння дзіця не ўспрымае іх апорамі. Я сказаў бы, што тут усё вельмі няпроста. У маёй практыцы я не сустракаў чагосьці такога, што імгненна паўплывае на свядо­масць дзіцяці, і яно ўсвядомлена пачне жыць па-іншаму.

Не забірайце ў дзіцяці тэлефон!

— А што рабіць, калі бацькі не ба­чаць праблемы і не могуць падтрымаць сваё дзіця ў цяжкі для яго момант?

— На жаль, такое бывае. Тут важна інфармаваць дзяцей, што па законе аб аказанні псіхалагічнай дапамогі яны маюць права пасля дасягнення 14 гадоў самастойна, без бацькоў звяртацца па псіхалагічную дапамогу і падтрымку. Таксама мне і маім калегам трэба размаўляць з бацькамі, напрыклад, на бацькоўскіх сходах. Бывалі такія моманты, калі ў мой адрас выказваліся прэтэнзіі: маўляў, паспрабуйце выгадаваць дваіх дзяцей, калі працуеш на дзвюх работах. Я адказваю заўсёды жорстка: “Няўжо ў вас ёсць лішнія ці запасныя дзеці?”

З бацькамі маіх птушанят я на сувязі, калі гэта неабходна для тэрапіі, і гавару ім: “Запомніце, што я псіхолаг вашага дзіцяці, а не ваш сямейны псіхолаг”. Бацькі часам дума­юць, што дзеці спробамі суіцыдаў проста “шалеюць”, “чаго ім толькі не хапае”, “апранутыя, абутыя, накормленыя”. Я задаю пытанне татам і мамам: “Калі вы апошні раз пыталіся ў свайго падлетка, што яму падабаецца, а не як справы ў школе?” Адна з першых рэкамендацый бацькам дзіцяці, якое праяўляе суіцыдальныя паводзіны, — перастаць зада­ваць яму пытанне “Як справы?”. Важна спытаць: “Што ў цябе адбылося добрага?” І не чакаць пазітыўнага адказу. Такім пытаннем вы рыхтуеце глебу для таго, каб пасеянае вамі насенне ўвагі да дзіцяці прарасло і дало плады.

Перыядычна задаючы такое пытанне, вы здзівіцеся, што ў адзін з дзён ваш падлетак прыйдзе дадому і скажа: “Мама, тата, вы бачылі, які ў нас бэз пад пад’ездам? Ачумець!  Я не заўважаў!” Вось гэта і ёсць тое добрае, што з ім адбылося. Мы не павінны прапаноўваць — мы павінны прадаставіць магчы­масць выбару, на што дзіцяці звярнуць увагу. І пытанне “Што ў цябе добрага?” будзе пэўным вектарам накіраванасці.

Самае галоўнае: дзеці нас не чуюць — яны на нас глядзяць. Таму, паважаныя бацькі, не гаварыце лішняга. Не ведаеце, што сказаць, — памаўчыце, гэта будзе найлепшы варыянт. І НІКОЛІ не забірайце ў дзіцяці гаджэты, калі да гэтага не было ніякіх дамоўленасцей у сям’і, асабліва ў дзяцей, у якіх ёсць суіцыдальныя думкі.

— Чаму?

— Таму што смартфон — гэта адзіны свет, з якім дзіця можа застацца нават ноччу. Калі як пакаранне забіраюць тэлефон, то дзіця, у якога ёсць суіцыдальныя думкі, застаецца сам-насам з імі. Больш за палову дзіцячых суіцыдаў, як сведчыць сусветная суіцыдалогія, здзяйсняюцца імпульсіўна. І ў маёй практыцы былі выпадкі: дзіця спрабавала здзейсніць самагубства, калі бацькі забіралі ў яго тэлефон. Важна, каб дзіця магло ў любы момант расказаць пра свой боль, каб гэты крык аб дапамозе пачуў іншы
чалавек, прачытаўшы пост у сацсетках, і падняў трывогу.

— Што яшчэ нельга рабіць бацькам у адносінах да сваіх дзяцей, асабліва тых, у якіх былі суіцыдальныя думкі?

— Нельга не размаўляць са сваім дзіцем, караць яго сваім маўчаннем, ігнараваць яго. Байкот — гэта эмацыянальнае насілле. Яшчэ нельга паводзіць сябе наступным чынам. Дзіця прыходзіць дадому пасля школы, а мама гатуе вячэру. Дзіця захо­дзіць на кухню і звяртаецца да маці: “Мама, ведаеш…” А маці адказвае, стоячы спінай да дзіцяці: “Ну, гавары, я цябе слухаю”. Калі дзіця звяртаецца да вас, трэба ў той жа момант кінуць усе справы, сесці побач і выслухаць яго. Нават калі вы нічога не разумееце ці вам няма чаго ска­заць, проста будзьце побач. Няма нічога больш важнага, чым ваша дзіця.

Заставацца чалавекам

— Прапаную зараз з сям’і вярнуцца ў школу. Што рабіць настаўнікам, калі яны бачаць, што дзіця ў крызіснай сітуацыі?

Не выходзіць са сваёй прафесійнай пазіцыі і заставацца чалавекам у любой сітуацыі. Я заўсёды расказваю педагогам пра беларускую статыстыку, калі ў 2019 годзе праводзілася маштабнае даследаванне суіцыдальных паводзін падлеткаў. Было апытана 3600 падлеткаў ад 14 да 19 гадоў са 150 устаноў адукацыі. Па выніках даследавання высветлена, што 26,1% апытаных дзяцей мелі суіцыдальныя думкі. Гэта прыкладна кожны чацвёрты падлетак. 18,5% з гэтых 26,1 — прыкладна кожны пяты — меў суіцыдальную спробу, а часам і не адну. “Вось, дарагія калегі, — гавару я педагогам, — цяпер вы ведаеце і з гэтага часу трымайце ў галаве, што ў класе, у які вы заходзіце, у кожнага чацвёртага вучня могуць быць суіцыдальныя думкі. І тут важна заставацца прафесіяналам, бо слова можа пара­ніць, а можа і падтрымаць”.

Мы павінны заўсёды знаходзіцца ў прафесійнай пазіцыі, таму што мы педагогі. Нам бацькі даверылі самае дарагое — сваіх дзяцей.

— Настаўнікі з вамі пагаджаюцца?

— Прызнаюся, былі і прэтэнзіі, што я чакаю ад педагогаў занадта многага. Тады я раю ім задумацца пра іншую работу. Калі чалавек нешчаслівы на рабоце, то цяжар незадаволенасці ён нясе ў клас да вучняў і дадому да ўласных дзяцей і мужа ці жонкі. Бывае, што за кошт сваёй статуснасці педагогі адыгрываюцца на навучэнцах. Так выглядае прафесійная дэфармацыя.

Псіхалогія – гэта мая другая адукацыя, і я згодны з выказваннем, што псіхалогія – гэта прафесія другой паловы жыцця. Жыццёвы вопыт мае значэнне. Па першай адукацыі я культуролаг, прадзюсар-менеджар, скончыў Інстытут сучасных ведаў імя А.М.Шырокава. У БДПУ атрымаў спецыяльнасць “Псіхолаг. Выкладчык псіхалогіі” і скончыў магістратуру. Сфера маіх прафесійных інтарэсаў сфарміравалася з-за майго жадання быць карысным, патрэбным і дапамагаць людзям: гэта крызісная псіхалогія і, у прыватнасці, суіцыдалогія. З’яўляюся членам міжведамаснай рабочай групы па аналізе прычын і ўмоў здзяйснення суіцыду (парасуіцыду) і аказанні крызіснай дапамогі ўдзельнікам адукацыйнага працэсу.

— Як абудзіць у дзіцяці, якое жыве ў сваім болі, смак жыцця?

— Гэта заўсёды індывідуальна. Калі б я ведаў універсальны адказ на гэтае пытанне, то ўжо атрымаў бы Нобелеўскую прэмію. Важна памятаць пра амбівалентнасць кожнага падлетка, калі ў ім пераплятаюцца супярэчлівыя пачуцці: люблю і ненавіджу. Дзіця, якое задумваецца пра самагубства, хоча не смерці, а спынення невыноснага душэўнага болю. У кожнага такога дзіцяці ёсць іншы бок, дзе яно хоча жыць. І наша задача — раскрыць тую частку, якая хоча жыць. На канкрэтных прыкладах разам з дзіцем мы акцэнтуемся на яго поспехах — шукаем будучыя апоры і фундамент, на якім можна пабудаваць палац. І разам знайсці шляхі вырашэння любой праблемы.

Яшчэ больш інфармацыі на тэму крызіснай дзіцячай псіхалогіі ў дадатку “Настаўніцкай газеты” — “Псіхолаг у школе”.

Наталля КАСТЭНКА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА