“Спячая Прыгажуня”: класіка побач з сучаснасцю

- 15:26Навіны рэгіёнаў

Адну з самых прыгожых і рамантычных еўрапейскіх казак убачылі на сцэне абласнога Цэнтра творчасці юныя магіляўчане і іх бацькі ў перыяд зімовых канікул. Займальную гісторыю пра Спячую Прыгажуню, расказаную на сучасны лад, за 18 дзён паглядзелі больш як 23 тысячы чалавек з усяго рэгіёна, расказала намеснік дырэктара па арганізацыйна-масавай рабоце згаданай установы дадатковай адукацыі Вольга Сяргееўна Рамашкевіч.

Сюжэт вядомай усім казкі застаўся нязменным: на свята ў каралеўскі замак з нагоды нараджэння прынцэсы запрошаны феі, якія павінны абдарыць доўгачаканае дзіця манаршай пары рознымі дабротамі. У разгар весялосці з’яўляецца яшчэ адна чараўніца Малефісента — тая, якую свядома не паклікалі, бо яна магла даць юнай прынцэсе толькі стараннасць. А на думку бацькі дзяўчынкі, гэтая якасць зусім не спатрэбіцца ў жыцці дзіцяці каралеўскай крыві.

Пакрыўджаная і абражаная фея ў парыве гневу накладвае на малую страшнае заклінанне: як толькі ёй споўніцца 16 гадоў, дзяўчына павінна ўкалоць палец аб верацяно і памерці. Добрыя феі не ў сілах адмяніць гэтае цёмнае прароцтва, але могуць толькі змякчыць яго: прыгажуня не памрэ, а паглыбіцца ў моцны сон. Развеяць злыя чары і разбудзіць прынцэсу можа толькі сапраўднае каханне.

Усё заканчваецца дабром, ці, як прынята сёння казаць, хэпі-эндам. Тым не менш выключна “дзявочай” казку не назавеш — кожны знойдзе для сябе актуальную сюжэтную лінію: і дзяўчынкі, і хлопчыкі, і нават іх бацькі. Калі класіка сустракаецца з сучаснасцю, гэта заўсёды цікава, як упэўнены аўтары пастаноўкі. Тым больш што казка павучальная для ўсіх: не варта чакаць чараўніцтва і спадзявацца на цуд, кожны зможа дасягнуць жаданага поспеху працай і стараннасцю — варта толькі захацець.

“Многія сцвярджаюць, што казка глядзіцца на адным дыханні, — дзеліцца Вольга Сяргееўна. — І нядзіўна, бо ў нашай гісторыі ёсць усё: любімыя героі, чароўныя ператварэнні, шмат хітовай музыкі і арыгінальных танцаў, цудоўныя касцюмы і казачныя дэкарацыі. “Спячая Прыгажуня” — вынік вялікай карпатлівай працы ўсяго абласнога Цэнтра творчасці. Тут ёсць удзел кожнага аб’яднання па інтарэсах — тэатральнага, вакальнага, харэаграфічнага і мастацкага кірункаў”.

Ад ідэі стварэння казкі да яе ўвасаблення ў жыццё прайшло некалькі месяцаў. За гэты час былі напісаны сцэнарый і тэксты песень, размеркаваны ролі, з’явіліся касцюмы і дэкарацыі, адрэпеціравана кожная дробязь… І гэта нядзіўна: калі на адной сцэне збіраецца каля 80 юных артыстаў, павінны быць прадуманы ўсе дэталі. Тым больш штогод у спектаклі задзейнічаны 3 склады дзяцей. Сёлета юныя акцёры выходзілі на сцэну 49 разоў — па колькасці запланаваных паказаў. Два з іх былі дабрачынныя і праходзілі ў рамках рэспубліканскай акцыі “Нашы дзеці”, у тым ліку традыцыйная губернатарская ёлка.

“Не варта забываць і пра тэхнічныя магчымасці, якія ў казцы былі выкарыстаны па максімуме”, — адзначыла Вольга Рамашкевіч. Гэта цалкам была задумка рэжысёра цэнтра Наталлі Зубковай. Увасобіць яе ў жыццё дапамаглі асвятляльнікі, гукааператары і мастакі-дэкаратары. Іх сумесная праца дапамагла стварыць на сцэне трохмерную прастору, якая па-сапраўднаму здзіўляла.

“Напэўна, калі б у сваім дзяцінстве я пабывала на такім паказе, то верыла б у цуды значна даўжэй, — дзеліцца Вольга Сяргееўна. — У сучасным свеце дзеці ўспрымаюць інфармацыю праз экраны тэлевізараў і інтэрнэт, менавіта таму іх трэба здзіўляць творчасцю і паказваць: навокал шмат цікавага і займальнага, тым больш што гэты спектакль — добрая магчымасць правесці час са сваімі аднагодкамі і бацькамі, паглыбіцца падчас зімовых свят у атмасферу чараўніцтва і адчуць навагодні настрой”.

Юлія БАЧКАРОВА.
Фота аўтара.