Спяшайцеся быць шчаслівымі

- 11:08Нам пішуць

Паняцце шчасця для кожнага сваё. Адным людзям трэба ўсё і адразу. Іншыя і жывуць цудоўна, але адчуваюць, што чагосьці не хапае. Ёсць катэгорыя людзей, якія, арыентуючыся толькі на міласэрнасць і альтруізм, гатовы дапамагчы стаць больш шчаслівымі іншым …

Шчасліўцы па прызванні — прыёмныя бацькі. Гэта людзі, якія свядома зрабілі выбар на карысць дабра і міласэрнасці. Сёння ў Салігорскім раёне ў калектыве аддзела адукацыі, спорту і турызму Салігорскага райвыканкама працуе 37 прыёмных бацькоў і 4 бацькі-выхавальнікі ў 3 дзіцячых дамах сямейнага тыпу. У гэтых сем’ях выхоўваецца 91 дзіця.

Стаць прыёмнымымі бацькамі нескладана. Імі становяцца людзі, якія засвоілі адпаведныя адукацыйныя праграмы вучэбных курсаў. Падбор прыёмных бацькоў ажыццяўляецца спецыялістамі аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.

Вітаецца наяўнасць у кандыдатаў у прыёмныя бацькі станоўчага вопыту выхавання і сацыялізацыі родных і прыёмных дзяцей. Важна, каб кандыдат быў настроены на самаразвіццё, павышэнне прафесійнага ўзроўню і бацькоўскай кампетэнцыі.

Для тых салігарчан, хто прыняў рашэнне стаць прыёмным бацькам, спецыялісты сацыяльна-педагагічнага цэнтра Салігорскага раёна распрацавалі шэраг рэкамендацый.

Прыёмная сям’я з’яўляецца аб’ектам пастаяннага псіхолага-педагагічнага суправаджэння з боку спецыялістаў аддзела адукацыі, спорту і турызму Салігорскага райвыканкама і сацыяльна-педагагічнага цэнтра Салігорскага раёна, школ і дашкольных устаноў, якія наведваюць выхаванцы сям’і.

Прыёмныя бацькі вядуць неабходную дакументацыю, наведваюць метадычныя аб’яднанні, курсы, лекцыі, семінары. Сумесна са спецыялістамі рэалізоўваюць план развіцця прыёмнай сям’і.

Псіхолагі склалі партрэт сапраўднага прыёмнага бацькі. Гэта чалавек, у якога няма падстаў скардзіцца на сваё жыццё, яму многае ўдаецца, ён лічыць, што жыццё яго стане больш багатым і яркім, калі ў сям’і з’явіцца дзіця, і ўсур’ёз да гэтага імкнецца, нягледзячы на магчымыя складанасці. Гэты чалавек не проста шкадуе дзяцей, якія пазбаўлены бацькоўскага клопату, але і лічыць, што можа ім дапамагчы, гатовы адмовіцца ад пэўных выгод, каб даць цёплы дом прыёмным дзецям і стаць клапатлівым бацькам, маці.

Жанна ЦЯРЭШКА,
дырэктар СПЦ Салігорскага раёна.