Спявачка Таццяна Гаўрылава: “Я лірык, але часам зазіраю ў драму…”

- 12:50Суразмоўца

Саліст Нацыянальнага тэатра оперы і балета, які выходзіць на сцэну ў вядучых партыях, заўсёды апынаецца ў цэнтры ўвагі грамадскасці і гледачоў. Гэта можна сказаць і ў дачыненні да спявачкі Таццяны Гаўрылавай, лаўрэата некалькіх прэстыжных міжнародных конкурсаў. У апошнія тэатральныя сезоны яна выканала галоўныя ролі ў многіх прэм’ерах. Сярод іх Снягурка ў аднайменнай оперы, Мікаэла ў “Кармэн”, Чыа-Чыа-сан у “Мадам Батэрфляй”, Ліу ў “Турандот”, Віялета ў “Травіяце”, Джыльда ў “Рыгалета”, Ліза ў “Пікавай даме”. Спявала Таццяна Гаўрылава галоўную жаночую партыю Марфу і ў апошняй прэм’еры тэатра оперы “Царская нявеста”. Фактычна гэта самыя яркія і значныя партыі сусветнага рэпертуару. Як артыст ідзе да свайго поспеху, што робіць яго партыю маштабнай і шматзначнай — пра гэта наша размова са спявачкай.

— Ведаю, што ў вас дзве вышэйшыя музычныя адукацыі…
— Так. І нават дзве магістратуры…

— Мне заўсёды здавалася, што другую адукацыю набываюць тыя, хто не адразу зразумеў, дзе яго справа, а дзе не, або калі чалавек па характары, кажучы сучаснай мовай, завучка. Але, гледзячы на вас, элегантную маладую жанчыну, і ведаючы разнастайнасць створаных вамі вобразаў, разумею, што памылялася…
— Спачатку я скончыла гімназію-каледж, а потым акадэмію музыкі. Але як піяністка.

— Значыць, тады не думалі пра пеўчую кар’еру?
— Не, думала. Паспяхова займалася фартэпіяна, але ездзіла на юнацкія вакальныя конкурсы, заваёўвала месцы. І заўсёды хацела спяваць. На 3 курсе акадэміі музыкі вырашылі схадзіць на кансультацыю да педагогаў па вакале і зразумець, якія ў мяне перспектывы. У выніку ўзялі экстэрнам на 2 курс, улічваючы ранейшы адукацыйны багаж. Вучылася я ў класе Людмілы Якаўлеўны Колас. У яе за плячамі Кіеўская кансерваторыя, стажыроўка ў Італіі, вопыт выканання вядучых партый на нашай опернай сцэне…

— Калі спявак яшчэ і свабодна валодае фартэпіяна, гэта, напэўна, дае яму большую свабоду…
— Не буду хаваць, многія рэчы даюцца мне прасцей. Гляджу ў клавір або партытуру і бачу не толькі сваю партыю, а ўсё цалкам, таму магу ахапіць працэс. Маю ўласнае ўяўленне пра форму спектакля. Добра адчуваю яго, бо за гэтым — вопыт, набыты раней.

— Цікава: вакальныя даныя ў спевака ад прыроды, і задача педагога дастаць іх ці голас паступова мацнее і развіваецца?
— Вядома, мацнее! Голас — інструмент, які знаходзіцца ўнутры нас. Чалавек мяняецца — і ўсё ў яго мяняецца. Галасавыя звязкі набываюць сілу. Заканчваеш кансерваторыю як лёгкае сапрана, а не выключана, што з часам яно можа ператварыцца ў лірычнае. А прыёмы застаюцца тыя ж. І тэхналогія, якую дае педагог, засталася са мной. Далей многае залежыць ад таго, у якой ступені чалавек разумны, здольны, каб узяць тое, што трэба. Падказкі, напрыклад, за якую партыю варта брацца, а за якую — не, часам гучаць мімаходзь. Артыст набывае жыццёвы вопыт, які адлюстроўваецца ў яго ролях. Спяваеш пэўны раманс у 18 або 25 гадоў, а потым праходзіць час — ты зноў адкрываеш тыя ж ноты і разумееш: твор зусім пра іншае. І стаўленне да партый, праз якія праходзіш, таксама мяняецца. Калі вяртаешся да пэўнай ролі праз 10 гадоў, разумееш: тут важныя зусім іншыя акцэнты.

— Перад нашай размовай я ўважліва вывучыла спіс вашых партый. Там хапае вядучых, але ў папярэднія сезоны вы выконвалі, напрыклад, і Мышку ў дзіцячай оперы “Церам-церамок”. Вы не думалі, маўляў, я хачу спяваць галоўныя партыі, а вы прапаноўваеце мне ў ранішніках удзельнічаць! Ці гэта вытворчая неабходнасць і такія рэчы не абмяркоўваюцца?
— Відаць, у кожнага артыста, які спявае вядучы рэпертуар, у пэўны момант узнікае ўнутраны пратэст: а чаму я павінен? Як правіла, у дзіцячых спектаклях матэрыял часта невялікі, іншым разам вельмі просты. Але кожная роля патрабуе часу, каб яе засвоіць. У дадатак ранішнія дзіцячыя спектаклі ідуць, як правіла, у выхадныя дні. Каму гэта спадабаецца? Але пачынаеш думаць інакш, калі ў цябе з’яўляецца сваё дзіця. З ім хочацца хадзіць на спектакль, які абсалютна спадабаецца. Тады разумееш, што ў тваім удзеле ў дзіцячых пастаноўках ёсць неабходнасць і імкнешся выконваць сваю ролю годна, у першую чаргу думаючы пра тое, што скажа мая дачка.
Не вельмі часта, але выходжу на сцэну ў оперы “Чароўная музыка”, з якой пачынала ў тэатры, калі яшчэ была канцэртмайстрам, а не салісткай. І заўсёды адчуваю вялікае задавальненне, калі іграю Прынцэсу — капрызную, шкадлівую, а праз нейкі час чую водгукі дзяцей-гледачоў, якія хадзілі на спектакль, што ён ім спадабаўся. Дзеля гэтага варта працаваць. Калі мяне займаюць у дзіцячых пастаноўках, лічу, з мяне карона не зваліцца. І прафесійнасць не зменшыцца.

— Неаднойчы даводзілася чуць, што спевакі не любяць ранішнія спектаклі, маўляў, раніцай голас спіць. Ці дзейнічае такое правіла ў дачыненні да вас?
— У мяне голас спіць, але я ўсё роўна спяваю. (Смяецца. — Т.М.) Напэўна, справа ў фартэпіяннай загартоўцы. У класе вакалу я была адзінай студэнткай, якая магла прыйсці на заняткі ў 8.30 і спяваць. Прызвычаілася падняцца рана, сесці за інструмент і хоць гадзіны чатыры пазаймацца. Трэба — значыць трэба! У мяне заўсёды была такая пазіцыя. Кажуць, голас прачынаецца дзве гадзіны. Магчыма, так і ёсць. Таму імкнуся ўстаць хоць за дзве гадзіны да таго, як пачну спяваць…

— А цяпер пра вядучыя партыі ў спектаклях, адрасаваных дарослай аўдыторыі. Традыцыйнае пытанне пра любімыя ролі…
— Ёсць партыі і спектаклі, у якія шмат укладзена. Джыльда ў оперы “Рыгалета” — адна з тых партый, якімі магу ганарыцца. Спявала яе ў ранейшай пастаноўцы рэжысёра Юрыя Аляксандрава. І тады штосьці назапашвалася, а рэалізавалася падчас сумесных рэпетыцый з эстонскім пастаноўшчыкам Нэемэ Кунінгасам, які працаваў над новай версіяй оперы на пачатку 2014 года. Калі азірнуцца на апошнія сезоны, да гэтага вобраза можна дадаць і Чыа-Чыа-сан у оперы “Мадам Батэрфляй”. Гэтай партыяй ганаруся. І не баюся ніякай крытыкі.
Ёсць у маім жыцці партыя, пра якую даўно марыла. Гэта Віялета ў “Травіяце”. Да яе ішла марудна і складана. Доўга не магла дэбютаваць у гэтым спектаклі. Вывучыла, але ўвесь час штосьці перашкаджала. Быццам лёс увесь час даваў знакі: яшчэ не надышоў час! Нарэшце, выйшла на сцэну ў гэтай ролі. З “Травіятай” ездзіла з Казанскай операй на гастролі ў Галандыю. Вакальна партыя расце, мяняецца, становіцца больш моцнай. Але калі разважаць пра вобраз, то ён у мяне не да канца сфарміраваўся. У нас ідзе даволі стары спектакль. Калі ён ставіўся, то выглядаў актуальным і цікавым, але мінула амаль два дзесяцігоддзі. Палова мізансцэн забылася, таму даводзіцца прыдумваць штосьці сваё. Вельмі хацелася над спектаклем папрацаваць з рэжысёрам, каб пастаноўшчык падказаў, якой зрабіць менавіта маю Віялету.

— Здаецца, што вы хутка вучыце новыя для сябе партыі?
— Канечне, бо магу сама сабе дапамагчы.

— Вы маеце на ўвазе канцэртмайстарскія здольнасці. Але, думаю, часцей рэпеціруеце ў тэатры? Наўрад ці дома…
— Здараецца, і дома. Працэс засваення музычнага тэксту ідзе менавіта дома. Іграю, спяваю…

— І як рэагуюць суседзі? Згадаю з гэтай нагоды анекдот. У музычнай школе педагог выказвае вучню незадаволенасць: “Трэба займацца больш!” Той адказвае: “Вядома, трэба. У мяне за сцяной ужо сёмы сусед засяліўся…”
— У нас незвычайны, сапраўды чароўны дом, пабудаваны Міністэрствам культуры…

— Дзе ўсе сцены гуканепранікальныя?
— Не, сцены тонкія, але суседзі займаюцца адной справай. Усе музыканты. З аднаго боку за сцяной іграе віяланчэль, з другога — кларнет, з трэцяга распяваецца артыст хору. І я падпяваю…

— Прыгожы і моцны оперны голас — вялікая каштоўнасць. Ад стану голасу, яго палётнасці і насычанасці залежыць кар’ера вакаліста, рэпертуар, запрашэнне на знакавыя фестывалі і прэстыжныя гастролі. Індывідуальная тэмбральная афарбоўка голасу адрознівае аднаго спевака ад другога. Але голас таксама інструмент. У дачыненні да скрыпкі або раяля ёсць патрабаванні, у якіх умовах яны найлепшым чынам гучаць. Як вы голас захоўваеце? Што спеваку можна, а што нельга?
— У нас столькі “нельга”, што іншым разам мы іх парушаем! Зімой многія вакалісты пакутуюць ад страшэннай сухасці паветра ў памяшканнях. Яна дрэнна ўплывае на звязкі. Таму дома ўвесь час уключаны прыбор, які робіць паветра больш вільготным.

— З вашых слоў вынікае, што італьянцы маюць дасканалую тэхніку вакалу і таму, што мора побач? Паветра іанізаванае, вільготнае…
— Вядома! У іх іншы клімат. А на спевы ён вельмі ўплывае. У нас вельмі суха і ў памяшканнях, і на вуліцы. Яшчэ я не ем прадукты, якія могуць раздражняць слізістую. Рэдка ўжываю арэхі, імкнуся не піць халоднае. Марожанае — з асцярогай.

— Думаю, што падрыхтоўка партый і тэатральныя справы займаюць ці не ўвесь час вашага жыцця яшчэ і таму, што ваш муж — саліст опернага тэатра вядомы тэнар Эдуард Мартынюк. Цікава: з ім вы часта абмяркоўваеце вобразы ўласныя і вобразы, створаныя вашымі калегамі?
— Вядома! Без гэтага немагчыма, бо мы разам працуем. Здараецца, нават хочацца адключыцца, але не атрымліваецца. І ён мне іншым разам дапамагае парадай, бо ў яго тэатральная адукацыя. Ён прафесіянал у гэтым сэнсе. А чыстым вакалістам пасля кансерваторыі не заўсёды хапае акцёрскіх навыкаў. Іншым разам пытаюся: “На твой погляд, як мне лепш сябе паводзіць у гэтай сцэне?” Ён мне падказвае. Часам мы спрачаемся. Часам абмяркоўваем калег — гэта нармальна. Думаю, яны таксама абмяркоўваюць нашы партыі.

— Нараджэнне дачкі моцна змяніла іерархію каштоўнасцей?
— Калі ў жанчыны нараджаецца дзіця, яе прыярытэты мяняюцца. Я вельмі дакладна зразумела, што сабе ўжо не належу. І да сёння гэта ўсведамляю. Думаю, так будзе ўсё жыццё, хоць дзеці і растуць. Адчуваю вялікую адказнасць. Іншым разам даводзіцца ахвяраваць гадзінай сваіх заняткаў, каб звазіць Соню ў музычную школу або зрабіць з ёй дамашнія заданні. Калі дзіця штосьці не зрабіла своечасова, гэта ўплывае на яго далейшы лёс. Для мяне больш важна быць спакойнай за дачку, чым вывучыць яшчэ адзін раманс ці лішні раз праспяваць у спектаклі. Не адмаўляюся ад прапаноў і праектаў, але заўсёды думаю: мне гэта трэба ці не? Кожны ад’езд з дома звязаны з псіхалагічнай насцярожанасцю. Еду, але і турбуюся.

— Вашай дачцэ цяпер шэсць гадоў. Ці хацелі б вы, каб яна ў рэшце рэшт стала спявачкай? Не заўсёды бывае, каб вакальныя гены былі з абодвух бакоў — і мамы, і таты. А раптам?..
— Хацела б, каб яна сама выбрала прафесію. Соня другі год займаецца ў музычнай школе ў цікавага педагога. Робіць гэта са страшэннай неахвотай, як усе дзеці. Але прымушаем. У нас вечная барацьба. Буду настойваць, каб дачка музычную школу абавязкова скончыла, бо гэта ўзбагачае. Відаць, што дзяўчынка не без здольнасцей, але ў музвучылішча або акадэмію музыкі пойдзе толькі ў тым выпадку, калі будзе пэўны набор даных. Пакуль яго не назіраю. Калі ўбачу, што ў яе прачнулася незвычайнае імкненне трапіць у свет класічнай музыкі і вакалу, забараняць не буду і паспрабую дапамагчы. Калі ж буду бачыць, што тут толькі капіраванне мамы, таты, тэлевізара, дык гэта не вельмі перспектыўная рэч. Галоўнае, каб прафесія прыносіла ёй задавальненне…

Гутарыла Таццяна МУШЫНСКАЯ.