Спяваць сэрцам

- 13:58Культура

Апошніх 14 гадоў Нацыянальны цэнтр музычнага мастацтва імя Уладзіміра Мулявіна ўзначальвае заслужаны дзеяч культуры Беларусі Святлана Стацэнка. Сёння ў цэнтры займаецца каля 50 таленавітых дзяцей ва ўзросце ад 6 да 14 гадоў на вакальным і харэаграфічным аддзяленнях, а таксама ў ансамблі “Заранак”. Юныя артысты пастаянна паказваюць высокі вынік на самых розных міжнародных і рэспубліканскіх конкурсах. Што дае вакалісту-пачаткоўцу ўдзел у такіх творчых спаборніцтвах, чым адрозніваецца конкурсная песня ад канцэртнай, чаму важна быць шчырай з вучнямі і колькі часу неабходна, каб дзіця стала спеваком — раскажа адзін з найбольш аўтарытэтных дзіцячых вакальных педагогаў краіны з 36-гадовым стажам, спявачка, кампазітар, прадзюсар і проста неабыякавы чалавек.

— Святлана Адамаўна, у 2006 годзе вы сталі мастацкім кіраўніком Нацыянальнага цэнтра музычнага мастацтва імя Уладзіміра Мулявіна. Ці змяніўся ён за гэты час і чаго дасягнулі вашы выхаванцы?

— Калі я ўзначаліла цэнтр, то пачала займацца толькі дзецьмі, і гэта застаецца нязменным па сённяшні дзень. Працаваць з дарослымі, якія маюць пэўны багаж і вопыт, мне нецікава, я не хачу нікога перавучваць. А дзеці — гэта нібы чысты ліст паперы, што ты намалюеш, такім ён і будзе. Хоць з аднаго боку з імі больш складана, бо дзецям трэба 150 разоў адно і тое патлумачыць і паўтарыць, а з другога боку — прасцей, бо ты як з гліны можаш зляпіць тое, што хочаш бачыць. Таму я заўсёды гавару, што калі вынік у юнага вакаліста цудоўны, то хвала і слава педагогу. А калі вынік так сабе ці правальны, значыць, дзесьці не дапрацаваў педагог. Хоць, канечне, я разумею, што існуе суб’ектыўны фактар: калі дзіця падрыхтавана, але выйшла на сцэну і разгубілася. Таму я пераканана і заўсёды кажу, што трэба, каб дзеці выходзілі на сцэну не на 100% гатовымі, а на 150—200%, бо тады, нават нягледзячы на хваляванне, застанецца касцяк, які дазволіць ім добра выступіць.

Наконт перамог. За 14 гадоў нашы выхаванцы амаль кожны год выступалі на Міжнародным дзіцячым музычным конкурсе “Віцебск”, па-мойму, у цэнтры захоўваецца 11 статуэтак. Кожнае дзіця, якое мы рыхтавалі для выступлення на “Славянскім базары”, займала прызавое месца. У нацыянальным адборы дзіцячага “Еўрабачання” штогод удзельнічаюць 1—2 нашы выхаванцы. А колькі дыпломаў з розных конкурсаў вісіць на сценах цэнтра — не злічыць! У апошні час выдатна паказалі сябе Маша Жыліна — уладальніца Гран-пры Sanremo Junior 2018, Арцём Скароль — сёлетні ўдзельнік тэлешоу “Голас. Дзеці. 7 сезон”.

— Ведаю, што вучні любяць і паважаюць вас, хоць часам крыху і пабойваюцца, бо вы даволі строгі, але сумленны і прамалінейны педагог, які заўсёды гаворыць праўду. Вы ніколі не ўтойваеце ад іх, што будзе складана. Аднак ці не палохае гэта дзяцей?

— Ні адно дзіця, дзякуй богу, не сышло па прычыне, што яму не спадабалася ў нас. Звычайна гэта адбываецца толькі таму, што сям’я пераязджае ў іншую краіну ці горад. Увогуле, у нас дзеці займаюцца да 14 гадоў, але ў парадку выключэння некаторыя застаюцца і далей. А ў мяне так атрымліваецца, што яны ўсе ў парадку выключэння. (Смяецца.)

— А што трэба зрабіць юнаму выканаўцу, каб ён змог прадоўжыць займацца у вас?

— Трэба дасягнуць пэўных вынікаў, годна прадставіўшы нашу краіну на міжнародных конкурсах. Мае вучні праз 1—2 гады навучання пачынаюць прывозіць узнагароды, а некаторыя становяцца стыпендыятамі прэзідэнцкага фонду па падтрымцы таленавітай моладзі. Вось яны і працягваюць займацца ў мяне да заканчэння школы.

— Увогуле, вы — адкрывальніца многіх імёнаў. А хто з вашых выхаванцаў звязаў сваё жыццё з творчасцю і стаў прафесійным артыстам?

— У 2008 годзе на дзіцячым конкурсе песні “Еўрабачанне” выступала наша трыа, якое складалася з Аліны Молаш, Карыны Жуковіч і Дашы Надзінай. Дык вось Аліна скончыла аддзяленне “Мастацтва эстрады” Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў і ўжо даўно працуе прафесійна. Даша вучылася ў Брытаніі, а Карына скончыла маскоўскае вучылішча эстраднага і джазавага мастацтва, а пасля Расійскую акадэмію музыкі імя Гнесіных. Владлен Іваноў таксама вучыўся ў тым жа вучылішчы, што і Карына. Маша Новік, якая ў 2009 годзе стала адной з пераможцаў Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу “Віцебск”, зараз вучыцца ва ўніверсітэце Ліверпуля на кампазітарска-выканальніцкім аддзяленні, яе не толькі вучаць спяваць, а і пісаць музыку. Карацей, у тых, хто вырашыў прафесійна звязаць сваё жыццё з музыкай і сцэнай, гэта атрымалася.

Зразумела, што педагог аказвае ўплыў на вучня, абмяркоўваючы як навіны, так і яго жаданні. Але, перш за ўсё, кожнае дзіця — гэта асоба. І чым займацца далей — яго права і выбар.

— Вашы выхаванцы выконваюць як аўтарскія песні, так і сусветныя хіты. Як выбіраеце песню і з чаго пачынаеце работу над ёй?

— Усё залежыць ад таго, якія мэты і задачы мы ставім. Калі мы вучымся і нам трэба папрацаваць над пэўнымі цікавымі прыёмамі, то бяром хіт і перапяваем яго, а заадно аналізуем, якія прыёмы выкарыстоўваліся першапачаткова. Напрыклад, трэба папрацаваць над трыёлямі, мелізматыкай, і мы глядзім, як гэта робяць мэтры сцэны, спрабуем скапіраваць для таго, каб пасля выкарыстаць пры выкананні іншых песень.

У перспектыве я хацела б запісаць некалькі майстар-класаў для YouTube, напрыклад, “Як пачаць работу над песняй”. Так, спачатку неабходна вызначыцца з юным вакалістам, што ён хацеў бы спяваць, у якім тэмпе, як ён бачыць сябе з гэтай кампазіцыяй на сцэне. Пасля вызначаемся, будзе гэта аўтарская песня або вядомы хіт, будзем спяваць яго ў арыгінальнай версіі ці зробім свой кавер і выкажам у ім сваю індывідуальную пазіцыю. Далей пачынаем працаваць над тэкстам, абавязкова тлумачу, пра што песня, каб дзіця разумела, аб чым спявае, прагаворваем увесь тэкст, я распытваю, што значыць кожнае слова. Бо часам нават калі песня на рускай мове, у ёй трапляюцца словы, якія дзіця не ведае. А калі гэта матэрыял на англійскай або італьянскай мове, тым больш трэба растлумачыць кожнае слова, інакш дзіця не зможа пражыць і прапусціць яго праз сэрца. Вакаліста цікава слухаць толькі тады, калі ён прапускае песню праз сябе, калі спявае сэрцам і душой. Потым пачынаецца вызначэнне танальнасці, у якой будзе спяваць дзіця. Карацей, у час работы над песняй спачатку вучым тэкст, потым мелодыю. Пасля ў кожнай песні адпрацоўваем папулярныя вакальныя прыёмы, да іх адносяцца субтон, фальцэт, штробас, бэлцінг, мелізмы, рык і г.д. Заўсёды нагадваю пра пяць складнікаў фарміравання гуку: дыханне, апору, гартань, рэзанатар і артыкуляцыю.

— Вы часта ўваходзіце ў склад журы розных дзіцячых конкурсаў. Раскажыце, чым адрозніваецца конкурсная песня ад канцэртнай?

— Часам здараецца так, што дзіця выдатна выступае на конкурсе, але нічога не займае. А ўсё таму, што яго песня не мае конкурснага складніка. Ён добра выконвае модную песню, але яго яна ніяк не раскрывае, і мы, журы, не бачым ні вакалізму, ні нейкай стыльнай мадуляцыі, ні пераходаў з аднаго рэгістра ў другі, ні вакальных тэхнік. Ён проста спявае роўненька і чысценька ад пачатку да канца, але гэтага недастаткова для перамогі.

Пастаянна тлумачу і дзецям, і іх бацькам, чаму важна ўдзельнічаць у конкурсах. На іх можна і сябе паказаць, і на іншых паглядзець, параўнаць свой узровень і проста адчуць сцэну, а яшчэ, так бы мовіць, адрэпеціраваць стрэс. Падчас першага конкурсу дзіця вельмі моцна хвалюецца і шмат чаго губляе, на другім ужо лепш выступае, а на дзясяты раз стрэс пачне спрацоўваць як імунная сістэма, хваляванне будзе прысутнічаць, але пачне праходзіць незаўважна і не будзе перашкаджаць выступленню. І гэта трэба рэпеціраваць на конкурсах. У класе можна сотню разоў праспяваць песню, і дзіця будзе выдатна яе выконваць, але як толькі выйдзе да гледача, можа разгубіцца. Таму конкурсы абавязковыя, яны вучаць сабрацца і мабілізавацца, бо сцэна загартоўвае.

— Колькі дзяцей вучацца ў цэнтры сёння?

— Звычайна ад 50 да 70 дзяцей ва ўзросце ад 6 да 14 гадоў.

— Чаму бераце менавіта з 6—7 гадоў?

— Таму што менавіта ў гэтым узросце фарміруецца каардынацыя слыху і голасу, што вельмі важна для вакалу.

— А ці праводзіце адбор?

— Так, мы заўсёды ўсіх праслухоўваем. Хлопчыкаў заўсёды мала, таму мы іх чакаем на працягу ўсяго года (усміхаецца). У нас яшчэ ёсць харэаграфічнае аддзяленне. Калі раптам хто-небудзь хоча паспрабаваць свае сілы ў танцы, то мы зараз праводзім дадатковы набор. У нас працуюць дзве групы: першая — для дзяцей 5—9 гадоў, другая — 10—15 гадоў. Дарэчы, наш цэнтр працуе на базе Маладзёжнага тэатра эстрады, дзе таксама працягваюць набор студыя сучаснай харэаграфіі EstradaDance, студыя танца “Кнопкі” для самых маленькіх, тэатральная майстэрня “Пушка”, майстэрня эстраднага вакалу LuxMasters і студыя эстраднага вакалу Canto.

— Ваша праграма навучання разлічана на 5—7 гадоў?

— Так. Адукацыйны працэс прадугледжвае заняткі не толькі па вакале, а і па музычным інструменце, сальфеджыа, музычнай літаратуры. Карацей, адукацыйная праграма павінна мець камплект пэўных дысцыплін, якія б дазволілі развіць дзіця цалкам. У нас вузкая накіраванасць — дзеці займаюцца ў асноўным вакалам і сцэнічнай харэаграфіяй, каб яны разумелі, як рухацца на сцэне. Увогуле, каб добра выступаць, трэба вельмі многа працаваць. Недастаткова вывучыць мелодыю і словы, трэба кожную песню прапусціць праз сябе, пражыць сэрцам.

— Ці шмат педагогаў працуюць у цэнтры?

— Пяць: педагогі па вакале — я і Алена Арсеньеўна Ганчарэнка, педагог нашага “Заранка” Ірына Уладзіміраўна Бейня і харэограф ансамбля — Іна Анатольеўна Камароўская, педагог харэаграфічнага аддзялення — Ксенія Аляксандраўна Агафонава.

— Колькі ж часу патрэбна, каб выхаваць юнага артыста?

— Усё залежыць ад таго, наколькі таленавіты хлопчык ці дзяўчынка. Бо спяваць можна навучыць любое дзіця, толькі аднаму спатрэбіцца крыху менш часу, а другому больш. Калі дзіця вакальнае, музыкальнае, таленавітае, я думаю, гадоў праз 5 яно будзе адчуваць сябе ўпэўнена на сцэне. Першы год мы з вучнем знаёмімся, вучым яго правільна адкрываць рот і дыхаць, працаваць з мікрафонам. На другі год нашы выхаванцы ўжо прыблізна разумеюць, чаго ад іх патрабуюць і ўвогуле што тут адбываецца. Мы напрацоўваем нейкі больш-менш цікавы матэрыял. Трэці год яны ўжо маюць рэпертуар і касцюмы, вопыт выступлення на канцэртах і конкурсах. А на 4—5 год гэта ўжо моцныя артысты, гатовыя працаваць з больш складаным матэрыялам. Прынамсі, часам мае вучні выбіраюць такі матэрыял, што спачатку я сама сяджу і вучу яго, і толькі потым выкладаю. Бо як я змагу падаць дзіцяці матэрыял, калі сама не ўмею спяваць яго. Увогуле, як можна навучыць дзіця спяваць, калі сам не ўмееш?.. Вучыць павінен майстар!

— Святлана Адамаўна, вы працуеце педагогам ужо 36 гадоў. Што для вас педагогіка?

— Стыль жыцця або нават мой дыягназ (усміхаецца), таму што я настолькі неабыякавы чалавек, што нават знаходзячыся, напрыклад, у адпачынку, мне заўсёды хочацца ўмяшацца, патлумачыць бацькам, калі бачу, што яны паводзяць сябе няправільна. Аднойчы ляцела ў самалёце і чую, дзіця пытаецца ў мамы: “А што там, а чаму?”, а яна адказвае: “Адстань”. На што мне хацелася сказаць ёй: “Потым вы пачняце засмучацца, што яму нічога нецікава. Але ж вы самі адбілі ў яго цікавасць. Дзіця запыталася 2, 3, 10 разоў, а маме нецікава, і яно вырашыла, што і яму павінна быць нецікава”.

Увогуле, калі чалавек так доўга ў прафесіі, тым больш у педагагічнай, то “выключыць” гэта немагчыма. Прафесія, становячыся стылем жыцця, заўсёды накладае адбітак на светаадчуванне.

— А што б вы як прафесіянал параілі сваім калегам-педагогам па вакале?

— Калі яны хочуць быць лепшымі ў прафесіі, трэба вучыцца і вучыцца самім, збіраць у сваю скарбонку розныя веды і меркаванні. Таму і я ўвесь час вучуся. Калі еду з дзецьмі кудысьці на конкурс і там раптам абвяшчаецца майстар-клас, я ніколі яго не прапушчу, бо хоць і адно новае практыкаванне або прыём возьмеш на заметку. Асабліва варта прыслухоўвацца да тых педагогаў, чые выхаванцы паказваюць стабільны шматгадовы высокі вынік, бо гэта азначае, што педагог мае сваю сістэму і паслядоўнасць навыкаў навучання. Лічу, што раўняцца заўсёды варта на лепшых!

Гутарыла Вольга АНТОНЕНКАВА.