Спыніцца і паглядзець…

Ёсць сярод еўрапейскіх гарадоў тыя, куды хочацца вяртацца. Хочацца вярнуцца ў чужы-свой горад і апынуцца як быццам у родным Мінску. Такі для мяне Берлін. Сустрэцца зноўку з Берлінам мне дапамагла фотавыстава “Берлін у фарбах” Ігара Калашнікава ў сталічнай галерэі “Універсітэт мастацтва”. Ён не прыдумаў нічога звыш. Проста фатаграфаў Берлін. Але менавіта таму, што ён фатаграфаваў проста, яго выстава стала няпростай.

Ігар Калашнікаў нарадзіўся ў Чашніках Віцебскай вобласці. З дыпломам выдатніка скончыў Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М.Машэрава па спецыяльнасці гісторыка. Выкладае гісторыю ў адной з мінскіх гімназій. З 2016 па 2017 год жыў у Берліне, дзе змог напоўніцу адчуць свабоду тамтэйшай вулічнай мастацкай культуры. У экспазіцыі “Фарбы Берліна” — 39 работ, якія ўвасабляюць кантраст урбаністычнага ціску трохмільённага мегаполіса і цёплай энергетыкі стрыт-арту.

Шчырай рэплікай чалавека і фотамастака.

— Я ішоў па Берліне і фатаграфаваў усё, што бачыў. Гэта быў такі кантраст з нашымі беларускімі гарадамі, — кажа Ігар. — Ты зойдзеш у адзін закавулак — там цябе сустрэне нейкі малюнак, ты зойдзеш у іншы — а там цябе сустрэне іншы. Калі гэта ўсё прыгожа, па-за рамкамі нецэнзурнасці, дык чаму б і не?

— Нам далёка яшчэ да Берліна ў гэтым плане?

— Мінску — далёка. А вось Віцебск ужо амаль Берлін! Віцебск ужо размаляваны ўдоўж і ўпоперак.

— Трэба размяжоўваць стрыт-арт і графіці. Што пераважае ў Берліне?

— Берлін — гэта стрыт-арт у першую чаргу. Муралы, графіці а-ля “Ібіца”… І наогул, Берлін — мультыкультурны горад. Усе тут гавораць на розных мовах, і кожны сам па сабе. Тым не менш ёсць вобразы, якія прыжыліся і не могуць памерці. Напрыклад, сінія чалавечкі. Яны ёсць і ў Берліне, і ў Гамбургу, і ў Паўднёвай Амерыцы. Гэта пазнавальныя людзі. Яны могуць быць футбалістамі, яны могуць быць касманаўтамі. Гэта хлопчыкі ў сініх капелюшах. Шэдэўральныя, можна сказаць. Са сваімі чарапочкамі…

— Ігар, уявіце сітуацыю: вы сам-насам з Бэнксі. Пра што б вы яго запыталіся?

— О, добрае пытанне! Пытанне ў тым, як ён выглядае? Каб жа бачыць! (Бэнксі — псеўданім самага вядомага стрыт-мастака ў свеце. Па ўсім відаць, лонданца. Але ніхто яго дагэтуль не бачыў. Ён хаваецца ад людзей.М.Ч.)

— А што яго зрабіла такім, ніколі не думалі? Нейкі фільм, які ён пабачыў у дзяцінстве? Нейкі вобраз? А што, Ігар, вы хацелі б займець з яго іміджу?

— А нічога. Па сутнасці, ён не робіць чагосьці звышпрыроднага. Як любы іншы вулічны мастак, ён проста малюе. Проста само слова “Бэнксі” стала чэленджам, распіяраным словам, якім могуць казыраць сёння многія маладыя мастакі.

— Самым растыражаваным графіці, калі я быў у Берліне ў канцы першай дэкады 2010-х, быў малюнак з пацалункам Брэжнева з Хонэкерам…

— Ён і зараз самы папулярны…. Мяжа між Заходнім і Усходнім Берлінам. Дэкадэнцкая мяжа.

Але сёння ў Берліне ўсё большую папулярнасць набывае выява “трабанта”, які тараніць Сцяну… Гэта таксама сімвалічна. Няма Сцяны. Няма завода, які выпускаў “трабанты”. Але менавіта гэдээраўскі “трабант” тараніць Сцяну. Не “мерседэс”, не BMW, а “трабант” — нямецкі “запарожац”.

— Ігар, вы энергічны і жвавы малады чалавек. Ваш пасыл аднагодкам…

— Мы ходзім па нашым Мінску штодня і нават не адчуваем наш горад. Я нават не бяру пад увагу нейкага вулічнага артыста, нейкі стрыт-арт… Проста падыміце галаву. І вы ўбачыце тое, чаго не было ў вашым сусвеце.

Асноўны пасыл маёй сённяшняй выставы: “Адарвіце свае галовы ад тэлефонаў! Там і тут, вакол — так шмат цікавага! Нават твая родная вуліца падорыць табе шмат любых момантаў, калі ты па-іншаму на яе паглядзіш”.

Нават тут, на Кастрычніцкай плошчы, вы спускаецеся ў метро, а побач — яскравы савецкі дэкор, які вы раней не заўважалі… Зафоцьце яго і пашліце сваім сябрам. Яны ў вас будуць пытацца: “А дзе гэта?” Яны не павераць, што гэта ў цэнтры Мінска.

Мы развучыліся здзіўляцца таму, што бачым вакол. А не толькі графіці, не толькі вулічныя музыканты могуць прымусіць нас здзівіцца. Наша любімая вуліца, па якой мы штодня ходзім на работу ці на вучобу, можа даць нам новыя ўражанні, новую думку. Трэба толькі спыніцца і паглядзець.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.