Спыніцца на сцяжынцы і і пасябраваць з прыродай

Яслі-сад № 8 “Каласок” у Жодзіне з’яўляецца апорным у горадзе па экалагічным выхаванні дзяцей дашкольнага ўзросту. Вопытам па фарміраванні ў малышоў экалагічных перакананняў і матываў паводзін педагогі сада падзяліліся падчас міжнароднай навуковай канферэнцыі “Сахараўскія чытанні 2013 года: экалагічныя праблемы ХХІ стагоддзя”, якая праходзіла ў Міжнародным дзяржаўным экалагічным універсітэце імя А.Д.Сахарава ў Мінску. Падрабязней аб тым, чаго дасягнулі супрацоўнікі “Каласка” і аб новых ідэях нам расказала загадчык установы Ірына Міхайлаўна Валчаніна.
Дашкольнікі — за ўстойлівае развіццё

“Сёлета на Сахараўскіх чытаннях мы прымалі ўдзел у рабоце секцыі “Адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця”, — заўважае Ірына Міхайлаўна. — Што хаваецца за гэтай, на першы погляд, незразумелай фразай, што могуць зрабіць педагогі і іх маленькія выхаванцы для рэалізацыі гэтай стратэгіі? Гаворка ідзе аб фарміраванні асобы, якая вядзе спрыяльны прыродзе лад жыцця ў побыце і прафесійнай дзейнасці, задавальняе свае жыццёвыя патрэбы без страт для будучых пакаленняў. Чалавек можа праяўляць недасведчанасць у пытаннях экалогіі і не задумвацца над вынікамі сваёй дзейнасці і часцей за ўсё таму, што не ўспрымае сябе часткай прыроды. З ранняга дзяцінства неабходна вучыць, што ў прыродзе ўсё узаемазвязана, што нават маленькі жучок, якога знаходзім у двары, — гэта не проста насякомае, яно выконвае пэўную ролю і прыносіць карысць. Мы выхоўваем у малышоў беражлівыя адносіны да раслін і жывёл, прыцягваем да ўдзелу ў прыродаахоўных мерапрыемствах, нагадваем пра эканомнае расходаванне прыродных рэсурсаў, магчымасці іх паўторнага выкарыстання. Усе нашы выхаванцы, напрыклад, ведаюць, што неабходна збіраць макулатуру — для гэтага ў групах пастаўлены спецыяльныя скрынкі, куды яны пасля заняткаў кідаюць непатрэбную паперу”.
Пры тлумачэнні новага матэрыялу педагогі кожны раз выкарыстоўваюць багатыя магчымасці мастацкага слова, даюць мудрыя парады, ствараюць праблемныя сітуацыі, з якіх дзеці шукаюць выйсце. Дапамагае ім у гэтым “гаспадар” кожнай групы — Берагоша (малышы разам з бацькамі яго змайстравалі з другаснай сыравіны). Разам з ім у працэсе гульні дзеці атрымліваць інфармацыю, робяць адкрыцці, праводзяць даследаванні. У кожнай групе ёсць свая жыўнасць — папугай, чарапашка, рыбкі, якіх дзеці даглядаюць, а пасля робяць малюнкі, фотаздымкі, афармляюць разам з бацькамі і педагогамі альбомы, у якіх расказваюць аб сваіх назіраннях за жывымі істотамі, аб іх ладзе жыцця, асаблівасцях харчавання. У старшых групах выхаванцы працуюць над экалагічнымі праектамі самай рознай тэматыкі, у тым ліку прысвячаюць іх сваім свойскім жывёлам, прыдумваюць экалагічныя казкі.
Важным кірункам работы дашкольнай установы з’яўляецца экалагічная адукацыя бацькоў. Яна ажыццяўляецца лёгка, ненадакучліва, афармляюцца стэнды, куткі для бацькоў, у якіх змяшчаеццца розная карысная інфармацыя, напрыклад аб тым, што смецце, перад тым як выкідваць, трэба сартаваць — асобна пластык, асобна паперу, шкло. Бацькі рады новым ідэям і прапановам педагогаў. Адна з мам, дарэчы, суаўтар матэрыялаў, падрыхтаваных да Сахараўскіх чытанняў, супрацоўнік экалагічнага ўніверсітэта Людміла Маёр лічыць: “Экалагічнае выхаванне пачынаецца ў сям’і і працягваецца ў дашкольнай установе. І ў першую чаргу неабходна выхоўваць бацькоў, каб яны расказвалі дзецям, што правільна і чаго не трэба рабіць, і падмацоўвалі словы адпаведнымі дзеяннямі. Хто з дарослых, напрыклад, збірае дома, а не выкідвае ў смеццеправод выкарыстаную паперу, каб пасля здаць у макулатуру? Такіх сёння знойдзецца мала. А мы ў сям’і адвялі для непатрэбнай паперы асобную скрынку. Цяпер мае дзеці ўсе непатрэбныя лісткі, прачытаныя дзіцячыя часопісы, папяровыя абгорткі і іншую ўпакоўку кладуць туды, а я пасля адношу ўсё ў сад, на макулатуру. Дарэчы, у мінулым годзе нашы бацькі сабралі 1,5 тоны макулатуры і 1,1 тоны металалому. Да збору макулатуры педагогі сада далучылі таксама арганізацыі гандлю, якія працуюць недалёка ад установы”.

Куды вядзе экалагічная сцяжынка

“Экалагічную сцяжынку пажадана стварыць у любой дашкольнай установе, яна зробіць больш цікавымі, эфектыўнымі і карыснымі для здароўя звычайныя прагулкі з дзецьмі на свежым паветры, — гаворыць загадчык сада. — Пракласці сцяжынку можна без асаблівых дадатковых выдаткаў. Такі падыход прадугледжвае, што ў склад пунктаў прыпынку на ёй будуць уключаны тыя аб’екты, якія ўжо ёсць на тэрыторыі сада. Што можна парэкамендаваць? Перш за ўсё ўвага павінна быць удзелена дрэвам і кустам розных відаў і рознага ўзросту, якія маюць незвычайную форму. Нават стары пень, пакрыты мохам, лішайнікамі, грыбамі можа стаць выдатным аб’ектам для назіранняў. Можна разгледзець яго паверхню пры дапамозе лупы. Цікавыя высновы можна зрабіць пры даследаваннях паваленага дрэва, асабліва калі яно знаходзіцца ў зацененым месцы. Такое дрэва — цудоўны прытулак для многіх насякомых, смаўжоў. Засохлае дрэва таксама вельмі прыдатнае для назіранняў. Пакіньце яго, хаця б адно, на тэрыторыі сада, калі гэта бяспечна. У мэтах бяспекі можна спілаваць некаторыя яго часткі. Часта на такім дрэве з’яўляюцца праз нейкі час маладыя парасткі. На ім зручна размяшчаць кармушкі. Прыгожа квітнеючыя расліны можна высаджваць такім чынам, каб на працягу года адны кветкі змянялі іншыя — стварыць своеасаблівую клумбу “няспыннага цвіцення”. Нават калі на садаўскім участку ёсць невялікая колькасць пустазелля, якое не перашкаджае іншым раслінам, не знішчайце яго, яно таксама ўвойдзе ў склад сцяжынкі. На прыкладзе пустазелля можна патлумачыць многія біялагічныя асаблівасці раслін і ўплыў чалавека на розныя раслінныя групы і віды. Для гэтага на сцяжынцы мэтазгодна пакінуць невялікія вытаптаныя ўчасткі. Параўноўваючы іх з непарушанымі, дзеці зразумеюць, як мяняецца раслінны покрыў пад уплывам вытоптвання”.
Педагогі сада размясцілі на сваёй экалагічнай сцяжынцы агарод. Каб выклікаць у малышоў інтарэс да працы і даследаванняў на агародзе, у памяшканні сада быў аформлены своеасаблівы “сельскі” куток. Каб складаць уласныя прагнозы надвор’я, на тэрыторыі сада зрабілі метэапляцоўку. Самыя важныя яе элементы — два тэрмометры. Адзін размешчаны пад навесам, абаронены ад сонечных промняў. Другі прымацаваны побач, але пад прамымі сонечнымі промнямі. Такім чынам дзеці даведваюцца аб тэмпературы паветра на сонцы і ў цені. На метэапляцоўцы знаходзіцца флюгер — ветравы рукаў для вызначэння кірунку і сілы ветру, тут жа размешчаны і арыгінальны ўказальнік кірунку ветру. Ён уяўляе сабой мех-трубу з лёгкага матэрыялу з адтулінамі з абодвух бакоў. Асаблівасцю гэтага прыстасавання з’яўляецца тое, што яно зроблена з адходаў. Ёсць на пляцоўцы і сонечныя гадзіннікі, а таксама дажджамер для вымярэння колькасці ападкаў, які зроблены з вялікай пластыкавай бутэлькі.
На тэрыторыі сада размешчана “зялёная аптэка”, якая адлюстроўвае вялікую разнастайнасць лекавых раслін. Тут растуць мята перцавая, меліса, календула лекавая, валяр’яна, трыпутнік, падбел і г.д. Дзеці назіраюць за раслінамі, запамінаюць іх назвы, даведваюцца аб лекавых уласцівасцях. Даследуюць форму, колер, памер, пах лісця і кветак, збіраюць іх насенне, а таксама тыя часткі раслін, якія выкарыстоўваюцца для лячэння хвароб. На экалагічнай сцяжынцы дзяцей сустракаюць расліны-гадзіннікі і расліны-барометры. Яны растуць на “альпійскай горцы” — цюльпаны, фіялкі, касачы і іншыя кветкі. Перад дажджом або ў вячэрні час яны закрываюцца і становяцца вільготнымі, тым самым прадказваючы дождж. Дзеці назіраюць і за жывымі барометрамі. Мурашкі, напрыклад, за некалькі гадзін даведваюцца аб набліжэнні непагадзі і рыхтуюцца да яе — хаваюцца. Каля невялікага вадаёма малышы таксама бачаць шмат раслін і жывёл (жаб, смаўжоў, мошак, стракоз).
“Асаблівасць садаўскага ландшафту ў тым, што частка яго пакрыта мохам — і гэта паказчык добрага экалагічнага стану тэрыторыі, — заўважае Ірына Міхайлаўна. — Мы нават плануем зрабіць для дзяцей асобную палянку, дзе будзе расці толькі мох. Дзеці вельмі любяць прагульвацца ўздоўж нашай туевай алеі, якая служыць добрай крыніцай фітанцыдаў, у спякоту малышы хаваюцца пад ліпай, у якой крона нагадвае шацёр, а побач з вадаёмам на паляне казак дзеці з задавальненнем слухаюць свае любімыя кнігі. У госці да дзяцей прылятаюць самыя розныя птушкі. На кожнай гульнявой пляцоўцы на дрэвах размешчаны кармушкі, прадугледжана паілка”.

Захаваць унікальны дэндрапарк

Экалагічная сцяжынка “Каласка” атрымала працяг і пралегла ў лесапарк, што побач з установай. У пачатку 60-х гадоў ХХ стагоддзя яго пасадзілі супрацоўнікі Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па земляробстве. Тут прыжыліся нават нехарактэрныя для беларускага клімату віды раслін, якія вучоныя прывезлі з розных краін свету. Блакітная елка, рададэндран, канадскі дуб, пірамідальны клён, кедр, еўрапейская лістоўніца, грэцкі арэх, піхта і іншыя рэдкія віды раслін. Прычым былі пасаджаны не толькі асобныя дрэвы — праз парк пралеглі цэлыя алеі. Для выхаванцаў сада педагогі распрацавалі 8 экскурсійных маршрутаў па лесапарку, падчас якіх дзеці маюць магчымасць убачыць хатку вавёркі, дупло дзятла, “пазнаёміцца” з кедрам, знайсці мурашнік, а таксама правесці невялікія эксперыменты, напрыклад, узя ць мурашку на галінку і паназіраць, як яна поўзае па ёй, а пасля, лізнуўшы галінку, даведацца пра кіслы смак мурашынай кіслаты.
“Многія гараджане ходзяць праз парк кожны дзень і нічога не ведаюць аб гісторыі яго ўзнікнення, аб яго рэдкіх насаджэннях, — заўважае Ірына Міхайлаўна. — Наш дэндрапарк можна зрабіць сапраўдным турыстычным аб’ектам. Важна, каб пра ўнікальнасць парку памяталі тыя людзі, якія займаюцца яго добраўпарадкаваннем, ачышчаюць ад засохлых дрэў і галін — хацелася б, каб яны ўважліва адносіліся да дрэў і не нанеслі выпадковай шкоды рэдкім відам раслін, правільна іх даглядалі. Педагогі сада задумалі праект, праз ажыццяўленне якога жадаюць звярнуць увагу грамадскасці на гэты ўнікальны парк. Мы плануем ажыццявіць і шэраг іншых мерапрыемстваў: зрабіць замену на гульнявых пляцоўках старога драўлянага абсталявання на зробленае з другаснай сыравіны, стварыць куток паказу магчымасцей выкарыстання другаснай сыравіны, а таксама прымаць удзел у розных адукацыйных мерапрыемствах з мэтай развіцця методыкі экалагічнага выхавання дашкольнікаў”.

Надзея ЦЕРАХАВА.