Стабальныя сертыфікаты ЦЭ і ЦТ на Магілёўшчыне атрымалі 109 выпускнікоў

- 11:10Образование

Стабальныя сертыфікаты ЦЭ і ЦТ на Магілёўшчыне атрымалі 109 выпускнікоў. Чацвёра маладых людзей паказалі абсалютны максімум адразу на трох іспытах. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Сярод сёлетніх выпускнікоў вызначыліся вучаніца сярэдняй школы № 27 Бабруйска імя В.З.Харужай Дар’я Галамака, навучэнец Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя № 3 Мікалай Халамаў, вучань гімназіі № 2 Магілёва Міхаіл Лапацентаў і навучэнка сярэдняй школы № 41 Магілёва Паліна Волахава. Кожны з гэтых выпускнікоў — сапраўдная гордасць для сваіх навучальных устаноў.

— Нашы вучні заўсёды паказваюць дастойны ўзровень ведаў. Сёлета ў іх 17 стабальных сертыфікатаў. Але вынік Мікалая Халамава выключны. Неверагодна ганарымся яго дасягненнем, бо яно заслужанае. Гэты хлопец — выдатнік вучобы, алімпіяднік, актывіст, яго працавітасць і мэтанакіраванасць уражвалі ўсіх настаўнікаў, і гэта прынесла адпаведны плён, — адзначыў намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя № 3 Сяргей Шыбека.

У тым, што бліскуча праявіць сябе на ЦЭ і ЦТ дапамагла стараннасць у вучобе, перакананы і сам Мікалай Халамаў. Ён ніколі не займаўся з рэпетытарамі, за месяц да іспытаў прагледзеў і рашыў заданні мінулых гадоў.

— І гэтага дастаткова, калі старанна вучышся. Я ўдзячны ліцэю, нашым педагогам, асабліва Святлане Фёдараўне Плешкуновай, Ірыне Валер’еўне Ісачанка, Сяргею Вячаслававічу Шыбеку. На іспытах нават не хваляваўся, бо быў упэўнены ў ведах. Заданні не выходзілі за рамкі школьнай праграмы. Пры жаданні набраць 100 балаў цалкам рэальна, — паведаміў юнак.

Дарэчы, Мікалай — залаты медаліст. У сукупнасці з трыма стабальнымі сертыфікатамі ў яго скарбонцы 399 балаў. Зараз хлопец старанна рыхтуецца да паступлення ва ўніверсітэт. Прафесійную будучыню ён плануе звязаць з праграмаваннем.

Фота з архіва Паліны Волахавай

Такія ж высокія паказчыкі на цэнтралізаваных экзамене і тэсціраванні прадэманстравала выпускніца сярэдняй школы № 41 Магілёва Паліна Волахава. Яна набрала запаветныя 100 балаў на ЦЭ па рускай і англійскай мовах і ЦТ па гісторыі Беларусі. Атэстат у дзяўчыны таксама асаблівага ўзору.

— Вынікі Паліны вельмі ўзрадавалі. Але яны былі чаканымі, бо гэтая вучаніца заўсёды адрознівалася адказнасцю, матываванасцю і імкненнем да вучобы, — расказаў дырэктар сярэдняй школы № 41 Магілёва Андрэй Хілінскі.

Па словах Паліны, паспяховая здача ЦЭ і ЦТ — вырашальная задача. Галоўнае — добрая падрыхтоўка і пазітыўны настрой.

— Школьныя педагогі далі мне трывалую базу ведаў. З аўдыторыі пасля іспытаў выходзіла з упэўненасцю ў правільнасці адказаў. Аднак 100 балаў усё роўна сталі прыемным сюрпрызам, — падзялілася Паліна Волахава. — Цяпер у планах паступленне. Мару быць перакладчыкам, таму хачу стаць студэнткай Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота з архіва рэдакцыі носіць ілюстрацыйны характар