Стабільна з медалямі

95 юных хімікаў з 15 краін свету сустрэліся ў Ерэване (Арменія), каб выявіць пераможцаў 49-й Мендзялееўскай алімпіяды. Беларуская каманда здолела ўзяць чатыры медалі, сярод якіх тры сярэбраныя і адзін бронзавы.

Мендзялееўская алімпіяда, якая пераняла традыцыі Усесаюзнай алімпіяды па хіміі, мае прэстыжны статус. Узнагароды гэтых інтэлектуальных спаборніцтваў пашыраюць перспектывы далейшага навучання ва ўніверсітэтах розных краін свету. Сёлета алімпіяда праводзілася ў сталіцы Арменіі, куды з’ехаліся прадстаўнікі краін СНД, а таксама Літвы, Балгарыі, Венгрыі, Румыніі і Саудаўскай Аравіі.
Удзельнікі Мендзялееўскай алімпіяды — пераможцы і прызёры нацыянальных спаборніцтваў па хіміі. Колькасць удзельнікаў у камандах вызначаюць самі краіны. Самыя шматлікія дэлегацыі сёлета былі з Казахстана і Расіі. У кожнай — больш за 10 юных хімікаў.
Нашу краіну ў Ерэване прадстаўлялі 7 вучняў з Мінска, Магілёва і Ліды: Дзмітрый Баброў і Раман Ларковіч (Ліцэй БДУ), Кацярына Рагойжа (гімназія № 127 Мінска), Уладзіслаў Старчак (гімназія № 29 Мінска), Аляксей Цыдзік і Настасся Палойка (гімназія № 1 Ліды), а таксама Андрэй Куляшоў (Магілёўскі дзяржаўны абласны ліцэй № 1).
Суправаджаў каманду малодшы навуковы супрацоўнік Інстытута фізіка-арганічнай хіміі НАН Беларусі Максім Фоміч. А дацэнт хімічнага факультэта БДУ Віктар Мікалаевіч Хвалюк чарговы раз прымаў удзел у рабоце міжнароднага журы алімпіяды.
— Як і ў папярэднія гады, у межах двух тэарэтычных тураў школьнікам прапаноўваліся заданні з розных раздзелаў хіміі: неарганічнай, арганічнай, аналітычнай, фізічнай хіміі і хіміі палімераў. На эксперыментальным туры будучыя хімікі мусілі правесці колькасны і якасны аналіз мінеральных угнаенняў, выкарыстоўваючы набытыя веды і ўменні ў галіне аналітычнай хіміі.
Удзельнікі алімпіяды павінны выканаць 5 задач, па адной з кожнага раздзела, прадэманстраваўшы ўніверсальнасць сваёй падрыхтоўкі. Падчас эксперыментальнага тура правяраецца наяўнасць у школьнікаў навыкаў работы ў хімічнай лабараторыі: уменне выконваць хімічны аналіз рэчываў і праводзіць сінтэз па прапанаванай методыцы.
Усе тры туры праходзілі адзін за адным на працягу трох дзён. Вытрымаць такі складаны тэмп спаборніцтва змог не кожны. Сярод беларусаў найбольш бліскуча гэта зрабілі Дзмітрый Баброў, Андрэй Куляшоў і Кацярына Рагойжа, якія атрымалі сярэбраныя медалі, і самы малодшы ўдзельнік нашай каманды дзесяцікласнік Раман Ларковіч, які вярнуўся дадому з бронзавым медалём.
А найлепшы вынік — 218 балаў з 230 магчымых — паказаў Думітру Калугару з Румыніі. Дарэчы, у мінулым годзе прадстаўніца менавіта гэтай краіны Марыя-Андрэа Філіп таксама заняла абсалютнае першае месца.
У вольны час госці Арменіі маглі пазнаёміцца з незабыўнай прыродай і самабытнай культурай гэтай краіны. Арганізатары алімпіяды зладзілі пазнавальныя экскурсіі на возера Севан, у даследчы інстытут старажытных рукапісаў Матэнадаран, рэлігійныя помнікі Гегард і Гарні і мемарыяльны комплекс ахвярам генацыду 1915 года Цыцэрнакабэрд.
Пасля кароткага адпачынку ўдзельнікі 49-й Мендзялееўскай алімпіяды, незалежна ад поспеху на ёй, працягнуць сваю нялёгкую працу: наперадзе іх чакае адбор і падрыхтоўка да 47-й Міжнароднай алімпіяды па хіміі, якая пройдзе напрыканцы ліпеня ў Баку (Азербайджан).
А для пераможцаў спаборніцтва ў Ерэване ўжо адчынены дзверы хімічнага факультэта Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Як расказаў Максім Фоміч, падчас сустрэчы з кіраўнікамі каманд прафесар М.Р.Кузьменка, які з’яўляецца намеснікам дэкана па вучэбнай рабоце, прызнаўся, што сярод шматлікіх замежных студэнтаў факультэта ў яго ніколі не ўзнікала праблем толькі з беларусамі, што сведчыць пра высокі ўзровень іх падрыхтоўкі і дысцыплінаванасць.
Выступленне сваёй каманды кіраўнік ацаніў высока. Увогуле, юныя хімікі з Беларусі апошнія гады паказваюць стабільна высокія вынікі як на Мендзялееўскай алімпіядзе, так і на міжнароднай. У прыватнасці, мінулая “мендзялееўка” прынесла нашай краіне 1 залаты, 5 сярэбраных і 1 бронзавы медалі.
Трэба адзначыць, што нашы дзеці да Мендзялееўскай алімпіяды рыхтуюцца ў большасці сваёй самастойна. За іх плячыма перамога на рэспубліканскай алімпіядзе, што, канечне, з’яўляецца асноўнай падрыхтоўчай базай для пакарэння міжнародных вяршынь, але не менш важнай застаецца лакальная падрыхтоўка на месцах, у сваіх навучальных установах разам са сваімі настаўнікамі. Улічваючы тое, што заданні Міжнароднай Мендзялееўскай алімпіяды больш складаныя, чым на рэспубліканскай, школьныя педагогі ў працэсе падрыхтоўкі са сваімі падапечнымі працуюць у інтэнсіўным і насычаным рэжыме.
Плануецца, што наступная, 50-я Мендзялееўская алімпіяда праз год пройдзе ў сталіцы Туркменістана Ашхабадзе.

Вольга БАРЫСЕВІЧ.