Стабільнасць і бяспека — прыярытэты Садружнасці

Рост тэрарыстычнай пагрозы робіць бяспеку прыярытэтам для СНД. Аб гэтым заявіў кіраўнік выканкама СНД Сяргей Лебедзеў на Маскоўскай канферэнцыі па міжнароднай бяспецы.

“Нягледзячы на існуючыя пазітыўныя вынікі па процідзеянні ІД, небяспека ад гэтай арганізацыі не змяншаецца. Цяпер адбываецца зрушэнне тэрарыстычнай актыўнасці з Сірыі і Ірака да паўднёвых граніц СНД, — адзначыў Сяргей Лебедзеў. — Туды вяртаюцца тэрарысты, адзначаецца рост радыкалізацыі асобных груп насельніцтва, асабліва моладзі. У гэтых умовах умацаванне стабільнасці і бяспекі з’яўляецца нязменным прыярытэтам Садружнасці”.

У цэлым, паводле слоў кіраўніка выканкама СНД, росту тэрарызму і пашырэнню яго геаграфіі садзейнічаюць небяспечныя тэндэнцыі апошніх гадоў і сумяшчэнне такіх пагроз, як міжнародны экстрэмізм, нелегальны абарот наркотыкаў, кантрабанда зброі, транснацыянальная арганізаваная злачыннасць, нелегальная міграцыя і гандаль людзьмі.

У сваю чаргу намеснік спецпасланніка генеральнага сакратара ААН па Сірыі Рамзі Ізеддзін Рамзі выказаў меркаванне, што спробы шэрага краін праводзіць адносна тэрарыстычнай групоўкі “Ісламская дзяржава” курс на яе стрымліванне, а не поўны разгром, былі памылковымі. “Была вялікая памылка дапушчана з боку тых краін, якія праводзілі стратэгію стрымлівання ІД. Нельга было аб’яўляць, што стрымлівання ІД будзе дастаткова, — сказаў ён. — Наадварот, такія краіны, як Расія, настойвалі на тым, што трэба нанесці ваеннае паражэнне ІД і ліквідаваць яе карані. Менавіта гэтая стратэгія аказалася рэальнай”.

Спецпасланнік дадаў, што пасля разгрому ІД неабходна сачыць за тым, каб іншаземныя баевікі групоўкі “не вярнуліся дадому, каб там прадоўжыць сваю дзейнасць”.