Стабільныя вынікі працуюць на добрую перспектыву

- 11:46Планёрка ў рэгіёне

Сёння наша суботняя планёрка праходзіць у начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Гродна Алены Вацлаваўны АДАМОВІЧ, якая дзеліцца дасягненнямі мінулага навучальнага года і гаворыць пра перспектывы і развіццё адукацыйна-выхаваўчай сістэмы свайго раёна.

— Алена Вацлаваўна, найперш падвядзём вынікі ўжо мінулага навучальнага года.

— У цэлым 2017/2018 навучальны год для Кастрычніцкага раёна Гродна быў дастаткова выніковым. Каманда навучэнцаў раёна трэці год запар дэманстравала лепшыя вынікі ў Гродзенскай вобласці на трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, заваяваўшы 91 дыплом. Добра выступілі навучэнцы і на заключным этапе алімпіяды: дыпломамі пераможцаў узнагароджаны 26 чалавек. Палепшаны паказчыкі на рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі: у скарбонку раёна дабавілася 5 дыпломаў. Па выніках 2017/2018 навучальнага года павялічылася колькасць выпускнікоў, узнагароджаных залатым (сярэбраным) медалём. Атэстаты з адзнакай і залатыя медалі былі ўручаны 108, а сярэбраныя — 4 выпускнікам. Гімназія № 1 імя акадэміка Я.Ф.Карскага Гродна па выніках 2017 года прызнана Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь лепшай установай агульнай сярэдняй адукацыі, размешчанай у гарадской мясцовасці. Вынікам якаснай мэтанакіраванай працы сталі перамогі 3-х навучэнцаў раёна на міжнародным узроўні. Уладзілен Лакцевіч, навучэнец гімназіі № 4, заваяваў дыплом III ступені на Міжнароднай алімпіядзе школьнікаў па фізіцы, хіміі, матэматыцы “Лабараторыя падрыхтоўкі талентаў” (Азербайджан); Юлія Масталовіца, навучэнка гімназіі № 9, узнагароджана дыпломам II ступені на XV Міжнароднай алімпіядзе па рускай мове сярод вучняў 8—11 класаў замежных краін (Масква), а Настасся Лодачкіна, навучэнка сярэдняй школы № 33, заваявала дыплом III ступені на алімпіядзе школьнікаў Саюзнай дзяржавы “Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная еднасць”.

— Як вы развіваеце інфарматызацыю ва ўстановах адукацыі?

— Дзяржаўны стандарт “30 навучэнцаў на 1 працоўнае месца” (вучні 1—11 класаў) у нашым раёне складае 29,3 чалавека на 1 працоўнае месца. Гэты паказчык вырас за кошт павелічэння колькасці вучняў у сярэдніх школах №№ 39 і 40. З мэтай аўтаматызацыі кіраўніцкай дзейнасці ва ўсіх установах агульнай сярэдняй адукацыі раёна ўстаноўлены інфармацыйна-пошукавыя сістэмы “ПараГраф: навучальная ўстанова XXI стагоддзя”; у аддзеле адукацыі, спорту і турызму ўсталяваны праграмна-тэхнічны комплекс “ПараГраф: раён” для аб’яднання школьных баз даных на ўзроўні аддзела адукацыі, для фарміравання неабходных справаздач. Для стварэння адзінай інфармацыйнай прасторы, абмену вопытам, распаўсюджвання паспяховых педагагічных практык, арганізацыі фармальных і нефармальных зносін на прафесійныя тэмы, павышэння прафесійнага ўзроўню, падтрымкі новых адукацыйных ініцыятыў у раёне створаны сеткавыя супольнасці метадычных аб’яднанняў, віртуальныя метадычныя кабінеты. Ва ўсіх установах адукацыі дзейнічае сістэма міжведамаснага дакументаабароту. На базе сярэдняй школы № 34 Гродна створаны раённы рэсурсны цэнтр па інфарматызацыі. Аналіз даных пра педагогаў 2017/2018 навучальнага года, якія валодаюць інфармацыйнымі тэхналогіямі, паказвае, што выкарыстоўваюць ІКТ 94% настаўнікаў.

— Як у вас праходзіць профільнае навучанне, дапрофільная падрыхтоўка, пра якую сёння шмат гавораць?

— З навучэнцамі 9—11 класаў дапрафесійная падрыхтоўка ажыццяўлялася праз правядзенне факультатываў прафесійнай накіраванасці. Адкрыты класы спецыяльнасцей дзяржаўных органаў забеспячэння нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь (памежныя, падатковыя, мытныя, ваенна-патрыятычныя, МНС), спартыўныя класы, арганізавана профільнае навучанне. З другога паўгоддзя 2017/2018 навучальнага года ажыццяўляецца дапрафесійная падрыхтоўка навучэнцаў 9 класаў на базе Гродзенскага дзяр-жаўнага прафесійнага ліцэя будаўнікоў № 1 па спецыяльнасцях “Плітачнік-абліцоўшчык”, “Муляр”. 57 вучняў з 10 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі набывалі тэарэтычныя і практычныя навыкі па гэтых спецыяльнасцях. У 2018/2019 навучальным годзе работа па працоўным навучанні і выхаванні будзе працягнута ў рамках гадзін вучэбнага плана.

— Раскажыце, калі ласка, як у вас праходзіць набор у першыя класы гімназій?

— Набор у першыя класы гімназій ажыццяўляецца, як і ва ўсе ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі Кастрычніцкага раёна Гродна, у адпаведнасці з пісьмом Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь “Аб арганізацыі прыёму ў першыя класы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі”, з 12 чэрвеня па 28 жніўня 2018 года. У першую чаргу прымаюцца дзеці, якія пражываюць у мікрараёне дадзенай установы. Пры наяўнасці свабодных месцаў прымаюцца дзеці, якія пражываюць у іншых мікрараёнах. З мэтай захавання адзіных тэрмінаў прыёму дакументаў зацверджаны графік, дзе распісаны гадзіны прыёму (як у першую палову дня, так і ў другую) у рэжыме шасцідзённага працоўнага тыдня. Заявы ад бацькоў (законных прадстаўнікоў) дзяцей, якія не пражываюць у мікрараёне дадзенай установы, прымаюцца дырэктарам падчас прыёму грамадзян. Інфармацыя аб колькасці пададзеных заяў адкрыта. Згодна з загадам аддзела адукацыі Гродзенскага гарадскога выканаўчага камітэта, ва ўстановах адукацыі рэкамендавана стварыць камісію па разглядзе заяў, залічэнні дзяцей у першы клас на вольныя месцы, вырашэнні спрэчных і іншых пытанняў, якія ўзнікаюць.

— Што цікавага ва ўстановах адукацыі раёна запланавана на летнія канікулы?

— У чэрвені 2018 года на базе ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі Кастрычніцкага раёна Гродна функцыянавалі 23 аздараўленчыя лагеры з дзённым знаходжаннем і 16 дзевяцідзённых кругласутачных перасовачных і неперасовачных лагераў, у якіх аздаравіліся 4230 навучэнцаў. На базе 11 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі адкрыты 20 профільных атрадаў рознай накіраванасці, у якіх аздаравіліся 439 навучэнцаў. На базе стацыянарнага аздараўленчага лагера “Зараніца Юбілейная” функцыянаваў лагер “Перапынак” з кругласутачным знаходжаннем для дзяцей старэйшага школьнага ўзросту. Палатачны неперасовачны “лагер у лагеры” прымае навучэнцаў ужо трэцяе лета. Гэта 9 незабыўных дзён, калі ёсць магчымасць пажыць у палявых умовах, не адмаўляючыся ад выгод цывілізацыі. Для навучэнцаў устаноў адукацыі Гродна праводзяцца розныя выхаваўчыя мерапрыемствы ў інтэрактыўным рэжыме з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. Асаблівай папулярнасцю ў дзяцей і падлеткаў карыстаюцца віртуальныя і пешыя экскурсіі “Гродна на старажытных гравюрах”, “Легенды старога Гродна”, “Гродзенская крэпасць”, майстар-класы па скалалажанні “Юны альпініст”, дзіцячы фітнес-клас, відэадыскатэкі, мультыплікацыйныя гасцёўні “Мульты-time”, музычная кіназала, караоке-клуб, лідар-студыя “Пэрспектыва”, інтэлектуальныя турніры і квест-гульні.

— Што больш за ўсё хвалюе начальніка аддзела адукацыі сёння?

— Адной з актуальных задач на сёння з’яўляецца якасная падрыхтоўка ўсіх 75 устаноў адукацыі раёна да новага навучальнага года, мадэрнізацыя харчблокаў 2-х устаноў агульнай сярэдняй адукацыі і, канечне, будаўніцтва новага дзіцячага садка і новай школы, адкрыцця якіх з нецярпеннем чакаюць жыхары самага маладога мікрараёна Гродна — Альшанкі.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.