Стагоддзе з сэрца

У Мінску прэзентавалі паэтычны зборнік “Пялёсткі лотаса і хрызантэмы. Сто паэтаў Кітая ХХ стагоддзя”.

Гэта не першая ластаўка на айчынным кніжным рынку, што тычыцца перакладаў кітайскай паэзіі на беларускую мову. У 2012 годзе ў выдавецтве “Мастацкая літаратура” выйшла кніга “Пад крыламі дракона. Сто паэтаў Кітая” з творамі кітайскіх аўтараў, напісанымі ў розныя эпохі і па-майстэрску ўзноўленымі па-беларуску нашым вядомым паэтам лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Міколам Мятліцкім. Пачынаючы з 2014 года штогод выходзяць кнігі серыі “Светлыя знакі: паэты Кітая”. І вось чарговая кітайска-беларуская кніга — зноў ад выдавецтва “Мастацкая літаратура” і зноў народжаная дзякуючы перакладчыцкаму і паэтычнаму таленту Міколы Мятліцкага. Сярод аўтараў анталогіі (укладанне Алеся Карлюкевіча) — Хуан Цзуньсянь, Цю Цзінь, Су Маньшу, Лю Дабай, Чжу Цзыцін, Вэнь Ідо і інш.

Надоечы прэзентацыю зборніка “Пялёсткі лотаса і хрызантэмы. Сто паэтаў Кітая ХХ стагоддзя” ў прэс-цэнтры БелТА палічыў за гонар наведаць Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол КНР у Беларусі Цуй Цымін, які адзначыў, што ХХ стагоддзе было вельмі няпростым перыядам у гісторыі кітайскага народа, а паэзія гэтага перыяду, нібы люстэрка, адлюстроўвае ўсе этапы станаўлення сучаснага Кітая. Па словах пасла, зборнік дае чытачам унікальную магчымасць убачыць, як мяняўся Кітай на працягу мінулага стагоддзя, зразумець думкі і адчуць перажыванні людзей, якія жылі ў тую эпоху. “У гэтай кнізе ёсць месца і простым побытавым падрабязнасцям, і замалёўкам цудоўных пейзажаў, і багатым традыцыям кітайскага народа, і, безумоўна, поўнай драматызму любові да сваёй радзімы. Упэўнены, што, прачытаўшы зборнік, нашы беларускія сябры лепш зразумеюць менталітэт кітайцаў”, — адзначыў Цуй Цымін.

“Гэты том паказвае зрэз кітайскай паэзіі цэлага стагоддзя, і гэтым яна ўнікальная, — у сваю чаргу заўважыў дырэктар выдавецтва “Мастацкая літаратура” Алесь Бадак. — Кожны чытач гарантавана знойдзе ў ім нешта цікавае для сябе”. Ён таксама падзяліўся з журналістамі ўласнымі назіраннямі за літаратурным жыццём Кітая. Па словах Алеся Бадака, сёння ў Кітаі, дзе, дарэчы, налічваецца каля 10 мільёнаў прафесійных пісьменнікаў, удзяляюць вельмі вялікую ўвагу прапагандзе сваёй літаратуры за мяжой. Напрыклад, папулярны кітайскі літаратурны часопіс “Светач” выходзіць ажно на 8 замежных мовах. З іншага боку, кітайцы не перастаюць цікавіцца і літаратурай іншых народаў свету, у тым ліку беларусаў. “У нашых сумесных з кітайскім бокам планах — выдаць кнігі паэзіі і прозы нашых літаратараў, а таксама зборнік беларускай дзіцячай літаратуры ў перакладзе на кітайскую мову”, — паведаміў дырэктар выдавецтва.

“Я не магу трымаць без хвалявання гэтую кнігу, бо гэта цэлае стагоддзе, якое выйшла з твайго сэрца, — эмацыянальна прызнаўся Мікола Мятліцкі. — Калі ўзнікае пытанне, чаму раптам беларускі паэт захапіўся так сур’ёзна кітайскай паэзіяй, то гэта выпадковасць лёсу. Некалі мой зямляк вядомы наш празаік Барыс Іванавіч Сачанка падарыў мне томік паэта VIII стагоддзя Ван Вэя, і гэта не магло не крануць, не магло не выклікаць цікавасці да ўсяго астатняга, што ёсць у Кітаі. Я многа думаю пра кітайцаў, пра іх цывілізацыю. Гэта, можа быць, адна з уцалелых у свеце цывілізацый, якая бесперапынна функцыянуе на працягу многіх тысячагоддзяў. Ніводны пялёстак з хрызантэмы і лотаса за гэты час не ўпаў! І, адпаведна, кітайская паэзія — гэта неабсяжнае духоўнае багацце, бясконцы гуманізм. Мне хацелася паказаць беларускаму чытачу гэтае духоўнае багацце, падарыць яму ключы да Кітая. Духоўныя ключы”.

Мікола ЧЭМЕР.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *