Стаіць задача аднавіць былыя сувязі

- 15:46Актуально, Рознае

Напрыканцы красавіка Мінск наведала дэлегацыя Рэспублікі Мазамбік на чале з міністрам замежных спраў гэтай краіны Алдэмірам Балоем. Праграма візіту прадугледжвала ў тым ліку знаёмства з беларускай адукацыйнай сістэмай. На сустрэчы Алдэміра Балоя з намеснікам міністра адукацыі Беларусі Васілём Будкевічам ішла размова аб развіцці супрацоўніцтва ў гэтай сферы.

Адметна, што ў савецкі перыяд Беларусь актыўна ўзаемадзейнічала з Мазамбікам. Для гэтай краіны было падрыхтавана каля 50 спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй, 13 — з сярэдняй спецыяльнай і два кандыдаты навук. На жаль, з таго часу, як Беларусь стала суверэннай дзяржавай, былыя сувязі аслаблі. Сёння ў нас вучыцца 16 тысяч студэнтаў з 88 краін, і сярод іх толькі адзін студэнт з Мазамбіка.
“Агульнае мінулае вельмі каштоўнае для нас, — адзначыў Алдэміра Балой. — Некаторыя спецыялісты ў Мазамбіку займаюць ключавыя пасады, і сваю адукацыю яны атрымалі менавіта тут. У многіх краінах няма рэсурсаў і карысных выкапняў, але іх багацце — гэта іх людзі, і шляхам удасканалення навыкаў гэтых людзей яны дасягаюць высокага ўзроўню развіцця. Таму мы адчуваем пэўную няёмкасць і шкадаванне, што Мазамбік, хоць і мае багатыя прыродныя рэсурсы, усё яшчэ застаецца беднай краінай. Мы хацелі б даведацца, у чым сакрэт рэалізацыі чалавечага патэнцыялу і што мы можам зрабіць у плане супрацоўніцтва, каб палепшыць становішча нашых краін”.

Алдэміра Балой расказаў, што Мазамбік багаты на карысныя выкапні, разведаны велізарныя радовішчы вугалю і газу. І цяпер задача ўрада заключаецца ў тым, каб навучыцца правільна выкарыстоўваць гэтыя рэсурсы.
“Сапраўды, чалавечы капітал з’яўляецца вызначальным для любой краіны, — пагадзіўся Васіль Будкевіч. — Грошы, укладзеныя ў адукацыю, у сторазовым памеры вяртаюцца ў развіццё эканомікі”.
Што да супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Мазамбікам, то ў апошнія гады намецілася актывізацыя ўзаемнай цікавасці паміж гэтымі краінамі. Мазамбік праяўляе інтарэс да беларускай тэхнікі і мае вострую патрэбу ў падрыхтоўцы высокакваліфікаваных спецыялістаў для сваёй эканомікі. Беларусь у сваю чаргу зацікаўлена ў прыцягненні грамадзян Мазамбіка на вучобу (у тым ліку ў магістратуры і аспірантуры), прафесійную перападрыхтоўку і павышэнне кваліфікацыі. Акрамя таго, наша краіна гатова арганізаваць для Мазамбіка падрыхтоўку спецыялістаў сярэдняга звяна і рабочых кадраў.

Для ўсталявання супрацоўніцтва ў галіне адукацыі летам мінулага года Міністэрства адукацыі Беларусі падрыхтавала і накіравала па дыпламатычных каналах у Міністэрства адукацыі Рэспублікі Мазамбік праект адпаведнага пагаднення. Ім прадугледжваецца наладжванне прамых міжуніверсітэцкіх кантактаў, узаемны ўдзел выкладчыкаў і вучоных у канферэнцыях і семінарах, правядзенне кансультацый па пытаннях прызнання дыпломаў, абмен інфармацыяй аб сістэмах адукацыі нашых краін. На жаль, Міністэрства адукацыі Беларусі пакуль не атрымала пэўнага адказу з боку Мазамбіка. Карыстаючыся выпадкам, Васіль Будкевіч перадаў Алдэміру Балою праект таго пагаднення. Ёсць спадзяванне, што вялікае жаданне супрацоўнічаць перарасце ў рэальныя праекты і прыкметны вынік.

 

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.