Сталічная адукацыя: ад вопыту і дасягненняў да інавацыйнага прарыву

Жнівеньскі педагагічны форум “Сталічная адукацыя: вопыт мінулага, дасягненні цяперашняга — для пабудовы будучыні” сабраў у Нацыянальнай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь больш за 500 прадстаўнікоў настаўніцтва горада. У ім прынялі ўдзел старшыня Мінгарвыканкама Анатоль Сівак, памочнік прэзідэнта — інспектар па горадзе Мінску Віталь Прыма, першы намеснік міністра адукацыі Ірына Старавойтава, старшыня Мінгарсавета Васіль Панасюк, старшыня Мінскага гарадскога аб’яднання арганізацый прафсаюзаў Мікалай Беланоўскі. 

Госці мерапрыемства мелі магчымасць азнаёміцца з інтэрактыўнай выставай, прысвечанай дасягненням сталічнай адукацыі, па некалькіх модулях: “Пра малую радзіму з вялікай любоўю”, “Дыя­лог пакаленняў: спадчына ў будучыню”, “Лічбавая філасофія адукацыйнага дыялогу”, “Міжнароднае супрацоўніцтва і сацыяльнае партнёрства”. Выхаванцы цэнтраў дадатковай адукацыі дэманстравалі творчыя нумары, настаўнікі — метадычныя інавацыйныя распрацоўкі.

— Тэма сённяшняга форуму абумоўлена перш за ўсё тэмпамі, маштабамі і глыбінёй змен, якія адбываюцца ў сферы адукацыі. Мінск аператыўна рэагуе на гэтыя працэсы і паспяхова рэалізоўвае ўсе новаўвядзенні, — адзначыла ў сваім выступленні старшыня камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Марыя Кіндзірэнка. — Стратэгія развіцця сістэмы адукацыі горада дазволіла не толькі вырашаць бягучыя задачы, а і стала трывалым фундаментам да далейшага развіцця на больш высокім узроўні.

На экзаменах за курс базавай школы адзнакі высокага і дастатковага ўзроўню атрымалі больш за палову сталічных навучэнцаў, за курс сярэдняй школы — больш за 70 працэнтаў выпускнікоў. 827 выпускнікоў 9-х класаў атрымалі пасведчанні аб базавай адукацыі з адзнакай, 510 выпускнікоў сярэдняй школы ўзнагароджаны залатымі і сярэбранымі медалямі. Высокі ўзровень ведаў паказалі мінскія школьнікі і на цэнтралізаваным тэсціраванні: па 6 прадметах — у іх лепшыя вынікі ў рэспубліцы. Амаль трэцяя частка ўсіх стабальнікаў краіны — гэта вучні мінскіх ліцэяў, школ, гімназій.

У мінулым годзе навучэнцы Мінска былі лепшымі сярод рэгіёнаў на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах і рэспубліканскім конкурсе даследчых работ. Навучэнцы сталіцы заваявалі 33 медалі рознай вартасці на міжнародных інтэлектуальных спаборніцтвах. Па выніках 2018 года 263 навучэнцы былі ўдастоены прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Адукацыйная прастора сталіцы забяспечвае даступнасць адукацыі, адпавядае адукацыйным патрэбам амаль 2-мільённага насельніцтва і развіваецца разам з горадам. Дашкольнікаў за тры апошнія гады павялічылася больш як на 5 тысяч, навучэнцаў школ і гімназій — на 21 тысячу. І статыстыка прагназуе далейшы рост кантынгенту выхаванцаў устаноў адукацыі. Улічваючы гэта, ужо ў верасні расчыняць дзверы дзве школы-новабудоўлі ў Першамайскім і Фрунзенскім раёнах. Вядзецца будаўніцтва і рыхтуюцца да ўводу ў эксплуатацыю 5 устаноў дашкольнай адукацыі. У Мінску да 2023 года плануецца дадаткова ўзвесці 20 дзіцячых садкоў і 7 школ.

Як адзначалася, пабудова лічбавага грамадства патрабуе сур’ёзнага асэнсавання і паскарэння гэтых працэсаў, інавацыйных падыходаў да кіравання імі, тэхнічнай аснашчанасці, новай якасці падрыхтоўкі кадраў. Працягваецца рэалізацыя праекта “Электронная школа”, які стаў зыходнай кропкай для ўвасаблення ідэі “Разумнай школы”. Пашыраецца ўкараненне электронных дзённікаў і журналаў. У цяперашні час яны дзейнічаюць у 132 школах, гімназіях горада. З гэтага навучальнага года электронная карта з’явіцца і ў навучэнцаў сістэмы прафтэхадукацыі. Прычым будзе забяспечваць не толькі адукацыйныя, але і сацыяльныя сэрвісы, а таксама з’яўляцца паўнацэнным плацежным сродкам. У межах праекта “Разумная школа” ажыццяўляецца тэхнічная мадэрнізацыя інфраструктуры ўстаноў. На базе рэсурсных цэнтраў інфармацыйных тэхналогій ствараюцца медыяцэнтры, прадметныя ІТ-лабараторыі. Сёння ва ўстановах адукацыі ў адукацыйным працэсе выкарыстоўваюцца сучасныя воблачныя, смарт-тэхналогіі, тэхналогіі дапоўненай рэальнасці. 

Першы намеснік міністра адукацыі Ірына Старавойтава акцэнтавала ўвагу прысутных на прыярытэтных напрамках дзейнасці ў новым навучальным годзе. Сярод іх — павышэнне якасці адукацыі, арганізацыя бяспечных умоў знаходжання дзяцей ва ўстановах дашкольнай адукацыі і папярэджанне дзіцячага траўматызму, даступнасць і варыя­тыўнасць спецыяльнай адукацыі, арганізацыя профільнага навучання, удасканаленне выхаваўчай работы, актывізацыя супрацоўніцтва з дзіцячымі грамадскімі аб’яднаннямі і інш.

Па словах Ірыны Старавойтавай, працягваецца работа над удасканаленнем зместу вучэбных дысцыплін і метадычных падыходаў у школьнай адукацыі. Па новых вучэбных праграмах ужо вучацца ў 1—8 класах. Поўны пераход на абноўленыя праграмы будзе завершаны ў 2021/2022 навучальным годзе. Пры абнаўленні праграм складаныя тэмы пераносяцца ў старшыя класы або для вывучэння на павышаным узроўні, забяспечана ўзгодненасць вучэбных праграм па розных вучэбных прадметах, таксама скарочаны пералік паняццяў для абавязковага засваення, выключана дубліраванне вучэбнага матэрыялу.

На форуме было адзначана, што ва ўмовах развіцця інфармацыйнага грамадства неабходна забяспечыць эфектыўнае выкарыстанне інфармацыйна-адукацыйных рэсурсаў.

— Немагчыма арганізаваць эфектыўную работу педагога на састарэлым абсталяванні. Яшчэ раз неабходна прааналізаваць сітуацыю з камп’ютарнай тэхнікай ва ўстановах адукацыі горада — яна патрабуе пастаяннага і бесперапыннага абнаўлення. Акрамя таго, неабходна прадоўжыць работу па фарміраванні ў педагогаў навыкаў работы з воблачнымі тэхналогіямі, QR-кодамі, інфармацыйнымі рэсурсамі. Павышэнне педагагічнага майстэрства, кваліфікацыйнага ўзроўню, далучэнне да гэтай работы настаўнікаў-метадыстаў — пытанне, якое павінна знаходзіцца на кантролі органаў кіравання адукацыяй пастаянна, — падкрэсліла Ірына Старавойтава.

Па словах старшыні Мінгарвыканкама Анатоля Сівака, горад укладвае значныя сродкі ў адукацыю: на яе развіццё ў 2019 годзе было накіравана больш за 1 млрд рублёў (у 2018 гэтая лічба складала больш за 800 млн рублёў). Гэта дазволіла будаваць у сталіцы новыя дзіцячыя сады і школы. Аднак, як заўважыў А.Сівак, праблема недахопу ўстаноў адукацыі яшчэ захоўваецца, асабліва гэта адчувальна ў новых мікрараёнах.

Кіраўнік горада таксама адзначыў, што сталічныя педагогі працягнуць атрымліваць штомесячныя даплаты, устаноўленыя рашэннем Мінгарсавета. Акрамя таго, горад працягне іх матэ­рыяльна заахвоч­ваць — выплачваць гранты і прэміі.

У завяршэнне форуму па традыцыі адбылося ўшанаванне ветэранаў педагагічнай працы і маладых спецыялістаў, якія ў новым навучальным годзе ўпершыню ўвойдуц­ь у класы. Узнагароды Міністэр­ства адукацыі, Мінгарвыканкама, Мінгар­савета і праф­саюзаў атрымалі лепшыя сталічныя настаўнікі. Так, нагрудным знакам Міністэрства адукацыі “Выдатнік адукацыі” ўзнагароджаны настаўнік біялогіі гімназіі № 4 Мін­ска Эдуард Варанько, настаўнік фізікі ліцэя № 1 Ула­дзімір Грэбень, настаўніца англійскай мовы гімназіі № 7 Людміла Мартыненка і інш.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.