Сталічная адукацыя: з прагрэсіўным падыходам і накіраванасцю на вынік

- 10:00Якасць адукацыі

У Мінскім гарадскім палацы культуры прайшоў жнівеньскі форум педагагічных работнікаў “Сталічная адукацыя: адзіная стратэгія будучыні”. Яго пленарнае пасяджэнне адбылося ў фармаце дыялогавай пляцоўкі і аб’яднала больш за тысячу чалавек у зале, а таксама падключаных у рэжыме рэальнага часу дыстанцыйна ўдзельнікаў яшчэ з пяці дыялогавых пляцовак па актуальных пытаннях выхавання і асобаснага развіцця дзіцяці, удасканалення якасці адукацыі, арганізацыі дапрофільнай і профільнай падрыхтоўкі, лічбавізацыі адукацыі. У рабоце форуму прынялі ўдзел міністр адукацыі краіны Ігар Карпенка, старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў, старшыня Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў Андрэй Бугроў.

Удзельнікі педагагічнага савета азнаёміліся з работай выставы “Адрасы інавацыйнага вопыту”, арганізаванай у выглядзе інтэрактыўных пляцовак і майстар-класаў, на якіх сталічнае настаўніцтва прадставіла лепшыя практыкі і інавацыйныя распрацоўкі, прысвечаныя ваенна-патрыятычнаму выхаванню, прафесійнай падрыхтоўцы, электроннай школе. Упершыню ўдзельнікам выставы стаў камбінат школьнага харчавання Мінска. Гэтае гарадское прадпрыемства прадставіла праект “Разумны буфет”, які прадастаўляе магчымасць безнаяўнага разліку за буфетную прадукцыю па карце навучэнца, а таксама навінкі школьнага меню.

Па добрай традыцыі адбылося ўшанаванне маладых спецыялістаў, прайшла цырымонія ўзнагароджання педагагічных работнікаў з уручэннем узнагарод Міністэрства адукацыі, гарвыканкама, гарадскога Савета дэпутатаў, камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама і прафсаюзаў. Міністр адукацыі Ігар Карпенка ўручыў настаўнікам нагрудныя знакі “Выдатнік адукацыі”. Ганаровую ўзнагароду атрымалі шэсць сталічных педагогаў. Сярод іх — першы намеснік старшыні камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Андрэй Стрыгельскі, настаўніца працоўнага навучання гімназіі № 37 Тамара Гаўрыс.

— Адукацыйная галіна Мінска аб’ядноўвае 788 устаноў, 335 тысяч навучэнцаў, 51 тысячу работнікаў і ўваходзіць у новы навучальны год упэўнена, дакладна разумеючы сваю місію і бачачы перспектывы і актуальныя задачы, — адзначыла старшыня камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Наталля Праскурава.

Па яе словах, мінулы навучальны год стаў для адукацыі сталіцы сур’ёзным выпрабаваннем на трываласць, аднак усе выпрабаванні педагогі пераадолелі дастойна і, захаваўшы лепшыя традыцыі, па-ранейшаму забяспечваюць высокую якасць адукацыі. 

— Сталічныя навучэнцы заваявалі 127 дыпломаў і першае месца каманды Мінска ў рэспубліканскай алімпіядзе па вучэбных прадметах. Атрымалі 14 медалёў на міжнародных рэйтынгавых інтэлектуальных спаборніцтвах. 135 навучэнцаў сталі стыпендыятамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, яшчэ 15 — спецфонду па падтрымцы адоранай і таленавітай моладзі. Было атрымана 11 медалёў на конкурсе WorldSkills. 74 выпускнікі атрымалі 100-бальныя вынікі на ЦТ, — падзялілася поспехамі сталічных школьнікаў Наталля Праскурава.

Старшыня камітэта падкрэсліла, што мінская адукацыя гатова да новага навучальнага года. Завершана абнаўленне матэрыяльнай базы. Прыведзены ў парадак усе вучэбныя класы і групы, адрамантаваны 58 харчаблокаў і сталовых, 260 санітарных вузлоў, 135 дахаў і фасадаў, 370 спартыўных зал, пляцовак і стадыёнаў, устаноўлена 400 адзінак новага гандлёва-тэхналагічнага і халадзільнага абсталявання, набыты 63 камп’ютарныя класы. Сертыфікаты гатоўнасці падпісаны ўсім установам агульнай сярэдняй адукацыі. Укаранёны інавацыйныя падыходы ў арганізацыі школьнага харчавання. 

— Галіна ў цэлым укамплектавана і педагагічнымі кадрамі. За апошнія 3 гады нам удалося пераадолець крытычны ўзровень недахопу выхавальнікаў, настаўнікаў пачатковых класаў і педагогаў-прадметнікаў і ў цэлым больш чым напалову скараціць кадравы дэфіцыт. Гэта стала магчыма дзякуючы павелічэнню падрыхтоўкі спецыялістаў у гарадскім педагагічным каледжы, а таксама эфектыўнай рабоце па навучанні матываваных абітурыентаў — выпускнікоў педагагічных класаў, — падкрэсліла Наталля Варленаўна.

Наталля Праскурава акрэсліла прыярытэтныя напрамкі дзейнасці ў новым навучальным годзе. Першачарговая задача адукацыі — выхаванне ў падрастаючага пакалення грамадзянскіх якасцей асобы. 

— Мы павінны сфарміраваць сацыяльны імунітэт да палітычных маніпуляцый, негатыўных праяўленняў паводзін. Многае ўжо робіцца і працуе эфектыўна. У наступным навучальным годзе неабходна засяродзіць намаганні на ўзаемадзеянні з сілавымі міністэрствамі і ведамствамі, ветэранскімі арганізацыямі, акцэнт — на ваенна-патрыятычныя класы, клубы. Адпаведныя факультатыўныя заняткі неабходна арганізаваць у кожнай школе з максімальным ахопам вучняў сярэдняга і старэйшага ўзросту, — адзначыла старшыня камітэта.

Наталля Праскурава нагадала пра неабходнасць выразнай пазіцыі педагогаў і кіраўнікоў у адносінах да школы як да дзяржаўнага інстытута. 

— Быць дзяржаўнай установай, і пры гэтым быць тэрыторыяй, свабоднай ад дзяржаўнай ідэалогіі, нельга. Навучальныя ўстановы — гэта дзяржаўныя сацыяльныя інстытуты, якія рэалізуюць палітыку і ідэалогію ў галіне адукацыі. Менавіта таму выхаванне паважлівага стаўлення да дзяржавы, яе сімвалаў, ідэалогіі было, ёсць і будзе першачарговай задачай, — падкрэсліла Наталля Варленаўна.

Кіраўнік сталічнай адукацыі са шкадаваннем адзначыла, што далёка не заўсёды наш стартавы інтэлектуальны капітал становіцца здабыткам краіны.

— У гэтым навучальным годзе, атрымаўшы атэстаты аб сярэдняй адукацыі, з’ехалі 815 выпускнікоў для працягу навучання за мяжой. З гэтага можна зрабіць выснову: вучым мы іх добра, а вось выхоўваем дрэнна, — адзначыла Наталля Праскурава. 

На думку дэкана факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ Вадзіма Гігіна, не трэба драматызаваць сітуацыю. 

— Трэба разумець, для чаго малады чалавек хоча паехаць за мяжу. Відавочна, што зараз сфарміраваць сучаснага інжынера, фізіка, хіміка без сур’ёзнай стажыроўкі за мяжой складана. Прыгадайце сябе: калі мы былі студэнтамі, ці не хацелі пабываць за мяжой? Гэта нармальнае жаданне — паехаць, паспрабаваць сябе, атрымаць яшчэ адну адукацыю. Але наша задача — зрабіць так, каб малады чалавек потым з атрыманымі ведамі вярнуўся сюды. Задача складаная, але вопыт у нас ёсць. У Казахcтане ёсць цэлая праграма мэтанакіраванай падрыхтоўкі спецыялістаў за мяжой. Трэба ад гэтай праблемы не бегчы, а вырашаць яе, — падкрэсліў Вадзім Францавіч.

Наталля Праскурава звярнула ўвагу на пытанні павышэння якасці ведаў выпускнікоў. 

— Выпускныя экзамены паказалі ў цэлым па горадзе нядрэнныя вынікі. 56% навучэнцаў базавай і 71% выпускнікоў сярэдняй школы атрымалі адзнакі высокага і дастатковага ўзроўню. Аднак у параўнанні з вынікамі 2020 года якасць ведаў знізілася па ўсіх прадметах, — паведаміла Наталля Праскурава.

Недахоп, як яна лічыць, у профільным навучанні. У мінулым навучальным годзе ў 154 школах і гімназіях функцыянавала 506 профільных класаў, у іх займалася больш за 11,5 тысячы навучэнцаў. З 430 дзясятых класаў 171 быў базавым, 259 — профільнымі. На жаль, назіраецца перакос у прадметах.  “Інфарматыку на павышаным узроўні не вывучалі ні ў адной установе адукацыі, профільных фізіка-матэматычных і хіміка-біялагічных класаў было вельмі мала для Мінска. Сітуацыю трэба выпраўляць”, — лічыць Наталля Праскурава.

— Мы захапіліся гуманітарнымі, эканамічнымі, юрыдычнымі профілямі, і ў выніку дзеці паступаюць на спецыяльнасці, якія менш запатрабаваны ў эканоміцы, якія прадугледжваюць вялікія конкурсы, і пасля заканчэння ўзнікаюць пытанні з працаўладкаваннем выпуcкнікоў. Профілі павінны стварацца пад патрэбы тых спецыяльнасцей, якія запатрабаваны ў эканоміцы, і для гэтага арганізавана дапрофільная падрыхтоўка, — перакананы міністр адукацыі.

Старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў засяродзіў увагу прысутных на тых задачах, якія ставіць горад перад педагагічнай грамадскасцю. Адна з іх — работа з адоранай і таленавітай моладдзю.

— Клопат пра іх сёння — гэта клопат аб развіцці навукі, культуры, сацыяльнага жыцця ў будучыні. Неабходна значна ўдасканаліць сістэму падтрымкі таленавітай моладзі. І на гэтым эканоміць не трэба. Інвестыцыі горада ў юных талентаў, якія дасягаюць сур’ёзных вынікаў у вучобе, алімпіядным руху, даследчай дзейнасці, спорце ў выглядзе штогадовых прэмій павінны стаць больш істотнымі. Мінгарвыканкам гатовы нарасціць аб’ёмы такой падтрымкі, павялічыць як колькасць прэмій, так і іх памер. Аналагічныя падыходы павінны быць і пры падтрымцы педагогаў, якія ўносяць вялікі ўклад у навучанне і выхаванне моладзі, укараняюць інавацыі, — сказаў У.Кухараў.

Па яго словах, у горадзе наспела неабходнасць фарміравання сістэмы комплекснай ацэнкі якасці дзейнасці ўстаноў адукацыі і стымулявання лепшых. Гэта ініцыятыва, якая патрабуе дэталёвай прапрацоўкі, шырокага абмеркавання і канкрэтных прапаноў.

— У Год народнага адзінства прашу папрацаваць над інфармацыйнай адкрытасцю сістэмы адукацыі, сур’ёзна аднесціся да таго, каб арганізаваць шырокае інфармаванне грамадскасці аб працэсах, што адбываюцца ў сферы адукацыі. Гэтая інфармацыя павінна зыходзіць ад школы, настаўнікаў, кіраўнікоў, а не ўсёведаючых людзей, — падкрэсліў кіраўнік горада. — Акрамя таго, прыходзіць у школу і вучыць, як праводзіць урокі, якія ставіць адзнакі, як правяраць сшыткі ці праводзіць апытанні, — гэта не справа бацькоў. Лозунг “Кліент заўсёды мае рацыю” не адносіцца да школы. У школе заўсёды мае рацыю настаўнік. Так было заўсёды і так павінна быць! 

Выступаючы перад удзельнікамі педсавета, міністр адукацыі Ігар Карпенка адзначыў, што сістэма адукацыі сталіцы, вынікі яе дзейнасці, існуючыя праблемы знаходзяцца ў цэнтры абмеркавання як кіраўнікоў, так і педагагічнай, бацькоўскай грамадскасці. У Мінску як сталічным рэгіёне ўдзяляецца вялікая ўвага пытанням павышэння якасці адукацыі. Вынікі работы сталічнага настаўніцтва гавораць самі за сябе. Каманда навучэнцаў Мінска на працягу многіх гадоў займае 1-е месца ў рэспубліканскім рэйтынгу заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Па цэнтралізаваным тэсціраванні сталіца ўваходзіць у тройку прызёраў. І гэты вопыт, напрацоўкі трэба распаўсюджваць на рэспубліку і не спыняцца на дасягнутым. 

— Любая сістэма павінна развівацца. Мы вызначылі для сябе, што да канца гэтага года неабходна прыняць новую рэдакцыю Кодэкса аб адукацыі, зацвердзіць Канцэпцыю развіцця сістэмы адукацыі да 2030 года. Дарэчы, складаючы гэты дакумент, мы ўлічвалі міжнародны вопыт. У найбліжэйшы час на сайце Міністэрства адукацыі з’явіцца версія новай рэдакцыі правіл прыёму ва УВА. Прапануем педагагічнай грамадскасці абмеркаваць прапанаваныя змяненні. Таксама рыхтуецца дзяржаўная праграма патрыятычнага выхавання насельніцтва. У рамках дакумента прадугледжана магчымасць арганізацыі вучэбных экскурсій школьнікаў з улікам бюджэтнага фінансавання. Вызначаны шэраг аб’ектаў, якія вучань павінен наведаць арганізаванай групай або індывідуальна з бацькамі. Гэта будзе добрай падмогай у замацаванні атрыманых ведаў. У цэнтры ўвагі і распрацоўка дзяржаўнага школьнага стандарту. У яго аснову павінны быць пакладзены два моманты: якасць адукацыі, якая ўключае навучанне і выхаванне, і асоба настаўніка. Спадзяюся на супрацоўніцтва і па гэтым пытанні, — зазначыў Ігар Карпенка.

Кіраўнік ведамства падзякаваў сталічным настаўнікам за работу і павіншаваў з пачаткам новага навучальнага года. 

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.