Падчас канікул упершыню ў Мінску ў межах агульнагарадскога праекта камітэта па адукацыі «ПрафВосень» была арганізавана профільная змена для дзесяцікласнікаў, якія вучацца ў класах прафесійнай накіраванасці. Атрады навучэнцаў педагагічнай, ваенна-патрыятычнай, медыцынскай, інжынернай, аграрнай накіраванасці былі створаны ў кожным раёне сталіцы і функцыянавалі на базе аздараўленчых лагераў, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

У праекце прынялі ўдзел больш за 3000 дзесяцікласнікаў. Больш за ўсё было адкрыта ваенна-патрыятычных і педагагічных атрадаў. Так, першыя налічвалі звыш 1200 старшакласнікаў, другія – 926. Запісацца ў інжынерныя атрады выказалі жаданне больш за 600 навучэнцаў.
Асноўная мэта змены — пагружэнне дзесяцікласнікаў у прафесію. Навучэнцы атрымалі новыя веды, змаглі наведаць профільныя прадпрыемствы, УВА і ССНУ ў адпаведнасці з выбранымі напрамкамі, сустрэцца і абмеркаваць хвалюючыя пытанні на гарадскіх мерапрыемствах.
«Медыцынскі экспрэс»
У Маскоўскім раёне лагер профільнай накіраванасці «Медыцынскі экспрэс», адкрыты на базе гімназіі № 12, аб’яднаў 56 навучэнцаў з 8 устаноў адукацыі (гімназій №№ 41, 12, 10, 146, 192 і сярэдніх школ №№ 161,165, 155), якія паглыблена вывучаюць хімію і біялогію і асвойваюць факультатыўны курс «Уводзіны ў медыцынскую спецыяльнасць».

Як расказала намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі № 12 Таццяна Пляханава, якая курыруе работу медкласаў, праграма профільнай змены практыка-арыентаваная. У першую палову дня для навучэнцаў праводзіліся прафарыентацыйныя мерапрыемствы, а ў другой палове ў іх распараджэнні былі спартыўная і актавая залы, з дзецьмі працавалі педагог-псіхолаг і педагог-арганізатар. Было прадугледжана трохразовае харчаванне.
Праграма знаходжання ў лагеры складалася з шэрага цікавых мерапрыемстваў, сярод якіх — знаёмства з Мінскім НПЦ хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі і сустрэча з прафесарам А.А. Румо, агульнагарадскі праект «Марафон здароўя», падчас якога адбыліся майстар-класы медыкаў і студэнтаў стаматалагічнага факультэта БДМУ, наведванне біялагічнага факультэта БДУ і яго заалагічнага музея.

У першы дзень юныя медыкі пабывалі ў анатамічным музеі і музеі гісторыі медыцыны БДМУ. Старшакласнікаў асабліва ўразіў анатамічны музей, які складаецца з трох залаў і налічвае каля 2000 экспанатаў. У практыка-арыентаваным сімуляцыйным лабараторным корпусе навучэнцы пабывалі ў кабінеце тэрапеўта, неанатолага, у рэанімацыйным пакоі, убачылі, як аказваецца першая неадкладная дапамога. Цікава, што большасць маніпуляцый звязана з камп’ютарам і будучыя ўрачы, праводзячы іх, бачаць, ці правільна яны ўсё робяць. Непадробленую цікавасць у дзесяцікласнікаў выклікала аснашчэнне кабінета ўльтрагукавога даследавання. Яны нават паспрабавалі вызначыць на экране пол будучага дзіцяці.
— У 10 класе многія навучэнцы ідэалізуюць тую ці іншую прафесію, у тым ліку і прафесію ўрача, а на такіх профільных зменах яны бачаць рэальную карціну. Адны школьнікі разумеюць, што яны паспяшаліся і, магчыма, не змогуць працаваць у той ці іншай сферы, а іншыя ўпэўніваюцца ў сваім выбары і ўжо задумваюцца пра тое, якая спецыялізацыя ім падыдзе больш, — заўважае дырэктар лагера настаўніца біялогіі гімназіі № 12 Ірына Багманян.
Адукацыйны інтэнсіў
«Педстарт: будучыня ў тваіх руках» — пад такой назвай у сярэдняй школе № 6 Мінска прайшла профільная педагагічная змена. Прафатрад адчыніў дзверы для навучэнцаў гімназіі № 22 і сярэдніх школ №№ 6, 199, 126. Змена доўжылася ўсяго чатыры дні, але яна стала сапраўдным адукацыйным інтэнсівам.
Педагагічная змена стартавала з экскурсіі па школе і стварэння экрана настрою. З прывітальным словам да ўдзельнікаў звярнулася намеснік старшыні камітэта па адукацыі Вольга Смірнова. Яна падкрэсліла ключавую ролю педагога ў грамадстве і пажадала навучэнцам максімальна выкарыстоўваць прадастаўленую ім магчымасць для прафесійнага росту і самавызначэння.

— Я заўсёды з вялікай павагай гляджу на тых, хто яшчэ ў школе вырашыў звязаць сваё жыццё з педагогікай. Гэта смелы і ўсвядомлены выбар, — адзначыла дырэктар сярэдняй школы № 6 Галіна Гетманчук. — Профільная педагагічная змена – наша лабараторыя. Тут можна памыляцца, эксперыментаваць, задаваць самыя смелыя і нязручныя пытанні. Гэты час вы павінны выкарыстоўваць на 100%, але не як пасіўныя слухачы, а як актыўныя стваральнікі. Вашы ідэі патрэбны школе і нашай прафесіі.
Ужо з першых гадзін змены яе ўдзельнікі паглыбіліся ў прафесію і даведаліся знутры, як гэта — быць настаўнікам і арганізатарам. На практыкуме «Гульня — справа сур’ёзная» старшакласнікі спасцігалі азы педагагічнага майстэрства па прынцыпе «роўны вучыць роўнага».

— Мы вучыліся арганізоўваць гульні для равеснікаў, — падзялілася ўражаннямі навучэнка 10 класа Марыя Трубчык. — Гэта ўнікальны вопыт. Калі тлумачыш штосьці таварышу, сам пачынаеш разумець прадмет глыбей. А яшчэ гэта здымае бар’ер перад публічным выступленнем.
Вэб-квест «Падарожжа па Беларусі» садзейнічаў развіццю ў школьнікаў навыкаў каманднай работы, крытычнага мыслення і крэатыўнасці, навучыў, як выкладаць творча і захапляльна. Наведванне школьных музеяў — народнага літаратурнага музея П. Панчанкі і музея «Галасы памяці» — падарыла натхненне і пагрузіла ў багатую гісторыка-культурную спадчыну нашай краіны.

У другі дзень навучэнцы 11 класа педагагічнай накіраванасці правялі майстар-клас, на якім прадэманстравалі, як арганізаваць дынамічны перапынак для малодшых школьнікаў. Было прадстаўлена шмат крэатыўных ідэй, як зрабіць так, каб дзеці адпачывалі весела і з карысцю. Працуючы ў міні-групах, навучэнцы атрада ў гульнявой форме спрабавалі сябе ў ролі арганізатараў дынамічных перапынкаў. На трэнінгу «Педагагічная карусель» яны азнаёміліся з метадамі і прыёмамі работы з першакласнікамі. Гэта была сапраўдная карусель майстэрства! Навучэнцы пераходзілі ад станцыі да станцыі, паглыбляючыся ў розныя педагагічныя тэхнікі і методыкі.

— Мы паказвалі, як за 10 мінут можна правесці вясёлую размінку, каб дзеці змаглі скінуць напружанне і з новымі сіламі вярнуцца да вучобы, — гаворыць важатая атрада адзінаццацікласніца Марына Пагада. — Здаецца, што ўсё проста, але, калі імкнешся зацікавіць і арганізаваць нават невялікую групу, разумееш, наколькі гэта адказная работа.
Удзельнікі змены здзейснілі віртуальную экскурсію «Сцежкамі малой радзімы» і паспрабавалі сябе ў ролі экскурсаводаў: павучыліся захапляльна расказваць і ўтрымліваць увагу аўдыторыі.
Дзень педагагічных проб прайшоў пад назвай «Пуцёўка на адзін дзень». Будучыя педагогі арганізавалі інтэлектуальныя гульні з навучэнцамі школьнага лагера «Асарці» і выхаванцамі дзіцячага сада № 200, правялі майстар-клас «Ачумелыя ручкі» па вырабе забаўных мультыплікацыйных жывёл. Хваляванне, першыя памылкі, радасць ад паспяхова праведзенага мерапрыемства — усё гэта стала каштоўным вопытам для ўдзельнікаў змены.
— Я праводзіў гульню на свежым паветры для навучэнцаў аздараўленчага лагера, — расказаў Арцём Месензаў. — Іх энергія невычэрпная! Самы каштоўны момант – калі бачыш ззяючыя вочы дзяцей і чуеш іх смех. У такія хвіліны разумееш: дзеля гэтага і варта стаць педагогам.
На базе дзіцячых садоў №№ 76 і 200 старшакласнікі азнаёміліся з работай выхавальніка. Змястоўнай і пазнавальнай была прафарыентацыйная экскурсія ў індустрыяльна-педагагічны каледж.
Завяршылася змена агульнагарадскім мерапрыемствам — дыялогам «100 пытанняў рэктарам» і наведваннем БДПУ. А яе кульмінацыяй стала абарона сумеснага праекта «Настаўнік будучыні нараджаецца сёння!».

— Профільная змена «Педстарт» даказала сваю эфектыўнасць. Гэта не проста набор мерапрыемстваў, а выбудаваная сістэма пагружэння ў прафесію: ад знаёмства і тэорыі праз практыку да рэальнага ўзаемадзеяння з дзіцячай аўдыторыяй. Гэта інвестыцыя ў будучыню, — адзначыла намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 6 Марына Ямаліева. — Мы бачым, як запальваюцца вочы ў нашых дзяцей, як яны пераадольваюць боязь, вучацца працаваць у камандзе і несці адказнасць за малодшых. Мы не проста агітуем за прафесію — мы даём ім магчымасць яе «пражыць». Несумненна, многія пасля гэтага зробяць усвядомлены выбар на карысць педагогікі.
***
Як падкрэслілі ў камітэце па адукацыі, першая профільная змена стартавала паспяхова, стаўшы ўнікальнай пляцоўкай для пагружэння школьнікаў у тую ці іншую прафесію, фарміравання ўсвядомленай прафесійнай арыентацыі і матывацыі навучэнцаў профільных класаў да паступлення ва УВА па выбраных напрамках. На вясновых канікулах для навучэнцаў 8–9 класаў таксама запланавана правесці профільную аздараўленчую змену.
Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара і Алега ІГНАТОВІЧА





