Сталічны агонь маладзёжнага фэсту

Дзень моладзі сталіца сустракала ў суботу маштабным фэстам — V фестывалем маладзёжных субкультур. У парку Перамогі жыццё кіпела на больш як 20 інтэрактыўных пляцоўках. Вулічныя музыканты, майстры стрыт-арту, танцоры, мастакі, спартсмены, касплэеры, трэйсеры — інтарэсы ў моладзі шырокія.

На галоўнай сцэне запальвалі “Агонь танца” сталічныя харэаграфічныя калектывы пад гукі музыкі ўсіх стыляў і кірункаў — ад стрыт-данса і брэйка да ўсходняга танца і спартыўнай лаціны. Мімы, самураі і падданыя караля Людовіка XIV пераносілі гледачоў у свае эпохі. Усе рамантыкі маглі прымераць сярэдневяковыя строі і адправіцца пахварэць за ўдзельнікаў рыцарскага турніру.

Каля кампаніі касплэераў здавалася, быццам патрапіў на здымачную пляцоўку сумесі кіно і мультфільма: ваяўнічыя юнакі ў даспехах і з мячамі, дзяўчаты, падобныя на эльфіек і гераінь анімэ, дадавалі мультыплікацыйную нотку.

Рытм фестывалю надавалі спартыўныя пляцоўкі, дзе праходзілі майстар-класы па футбольным фрыстайле і джампінгу. Свае загадкі без адгадкі задавалі гледачам ілюзіяністы, а на challenge-марафоне, наадварот, гледачы выпрабоўвалі здагадлівасць і логіку ўдзельнікаў.

Аматары больш спакойных забаў выбіралі настольныя гульні або заняткі ёгай, наведвалі салон бодзі-арту БРСМ БДУ “Колер настрою”, дзе рабілі аквагрым і малюнак хной па целе, малявалі шаржы і праводзілі сеансы арт-тэрапіі.

Хоць мерапрыемства ўжо стала традыцыйным, кожны раз яго арганізатары з Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі абнаўляюць праграму, імкнучыся ахапіць новыя творчыя кірункі. У ліку сёлетніх навінак — пляцоўка блогераў. Юнакі і дзяўчаты з акадэміі кіравання, якія паспяхова вядуць каналы на YouTube, расказвалі гасцям фестывалю, як весці дыялог з аўдыторыяй. Гэта дзейсны спосаб мець зносіны з моладдзю на іх мове, асабліва калі тэма сур’ёзная, напрыклад, антынаркатычная. Акцэнт фэсту быў зроблены і на актыўнасці, звязанай з нацыянальнай сімволікай. На адной з кропак вучылі ствараць вырабы з беларускім каларытам, у тым ліку вышыванкі, папулярныя ў апошні час сярод юнакоў і дзяўчат.

Завяршыла маладзёжны фэст “Бітва DJ”. Музычныя сэты дыджэяў уключалі як аўтарскія міксы на папулярныя мелодыі, так і перапрацаваныя кампазіцыі на нацыянальную беларускую і маладзёжную тэматыку. Піратэхнічнае і неонавае шоу зрабіла кульмінацыю свята яшчэ больш відовішчнай.

Дарэчы, для лепшых дыджэяў, а таксама для пераможцаў конкурсу “Агонь танца” хутка свята працягнецца. Яны прадставяць сталіцу на Дні моладзі падчас фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску — 2018”.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота БелТА.