Сталічныя медыцынскія ўстановы гатовы да работы па прынцыпе “інфармацыя ідзе за пацыентам”

- 11:03Інфармацыйная гадзіна

Комплексную інфарматызацыю ўстаноў аховы здароўя Мінска плануецца завяршыць да 2020 года, паведаміў на аператыўнай нарадзе ў мэрыі старшыня камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама Сяргей Малышка.

Сяргей Малышка адзначыў, што горад паслядоўна ідзе па шляху развіцця электроннай аховы здароўя. Будзе створана адзіная інфармацыйная прастора, што забяспечыць урачам анлайн-доступ да медыцынскіх картак пацыентаў і дасць магчымасць адысці ад папяровых варыянтаў дакументацыі.

“Рэалізуецца прынцып “інфармацыя ідзе за пацыентам”. Прадугледжваецца вядзенне адзінага электроннага банка медыцынскіх даных і абмен імі паміж стацыянарамі, паліклінікамі, службай хуткай медыцынскай дапамогі, пашырэнне электронных сэрвісаў, развіццё мабільных дадаткаў, праз якія можна будзе праводзіць анкетаванне мінчан, інфармаваць аб маючых адбыцца акцыях. Укараненне новых форм работы дасць магчымасць павысіць якасць, даступнасць і аператыўнасць аказання медыцынскай дапамогі”, — адзначыў Сяргей Малышка.

Паводле яго слоў, у пытаннях стварэння электроннай аховы здароўя Мінск арыентуецца на вопыт краін-суседзяў. Ужо выкананы вялікі аб’ём работ: аснашчаны камп’ютарамі рабочыя месцы супрацоўнікаў, створана электронная медыцынская картка, інфармацыйная сістэма інтэгравана з дыягнастычным і лабараторным абсталяваннем. Больш шырока выкарыстоўваюцца вэб-тэхналогіі. Электронныя сэрвісы для насельніцтва ўключаюць інтэрнэт-запіс на прыём да ўрача, інтэрнэт-выклік урача дадому, інтэрнэт-заказ выпіскі з амбулаторнай карткі, запіс на прыём праз інфакіёскі. На візітах дома асобныя паліклінікі выкарыстоўваюць планшэты.

“Мы практычна адмовіліся ад некаторых папяровых дакументаў на карысць электронных. Пры дапамозе карпаратыўнай сеткі забяспечваецца аператыўны абмен медыцынскай інфармацыяй паміж установамі. Функцыянуюць тэлемедыцынскія сістэмы па лічбавай флюараграфіі, мамаграфіі, ЭКГ. Працуем над стварэннем “асабістага кабінета пацыента”, арганізаваны дыстанцыйны маніторынг чэргаў у прыёмных пакоях, рэгістратурах, траўмпунктах, аддзяленнях”, — расказаў Сяргей Малышка.