Сталіца трымае марку

Сёлета на трэцім (гарадскім) этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, які прайшоў у Мінску з 11 па 15 студзеня, прынялі ўдзел 1442 навучэнцы школ, гімназій, устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі сталіцы.

Навучэнцы гімназіі № 29 Мінска — пераможцы алімпіяды па інфарматыцы.

Гаспадары ўстаноў адукацыі, на базе якіх былі арганізаваны спаборніцтвы, стварылі спрыяльныя ўмовы для плённай работы іх удзельнікаў і членаў журы. Алімпіяды па фізіцы і астраноміі гасцінна прымала гімназія № 36, спаборніцтвы па хіміі былі арганізаваны на базе сярэдняй школы № 22 і хімфака БДУ. Лепшыя знаўцы рускай мовы і літаратуры прадэманстравалі свае веды на базе гімназіі № 24, а юныя беларускія філолагі — на базе гімназіі № 14. Спаборніцтвы па матэматыцы былі арганізаваны ў сярэдняй школе № 19 імя Янкі Купалы, па інфарматыцы — на базе гімназіі № 10. Тэарэтычны тур алімпіяды па біялогіі прайшоў у гімназіі № 19, практычны — на біяфаку БДУ. Лепшых з лепшых знаўцаў замежных моў выяўлялі на базе гімназіі № 7. Тэарэтычныя веды і набытыя практычныя навыкі па працоўным навучанні прадэманстравалі вучні на базе гімназіі № 37 і сярэдняй школы № 23, а юныя спартсмены паспаборнічалі ў сярэдняй школе № 204. Сярэдняя школа № 61 прымала юных знаўцаў геаграфіі, а ў сярэдняй школе № 4 сабраліся аматары сусветнай гісторыі, гісторыі Беларусі і грамадазнаўства.

Па выніках алімпіяды 647 навучэнцаў узнагароджаны дыпломамі: 124 — І ступені, 194 — ІІ ступені, 329 — ІІІ ступені і 176 навучэнцаў адзначаны пахвальнымі водзывамі.

Як расказалі ў камітэце па адукацыі Мінгарвыканкама, па колькасці заваяваных дыпломаў лідзіруе Фрунзен­скі раён. На рахунку вучняў 128 дыпломаў: 28 — І ступені, 41 — ІІ ступені, 59 — ІІІ ступені і 20 пахвальных водзываў. На другім месцы — Маскоўскі раён, прадстаўнікі якога заваявалі 109 дыпломаў: 24 — І ступені, 41 — ІІ ступені, 44 — ІІІ ступені і 22 пахвальныя водзывы. Трэцяе месца — у Цэнтральнага раёна (84 дыпломы: 21 — І ступені, 26 — ІІ ступені, 37 — ІІІ ступені і 21 пахвальны водзыў.  

Лепшыя сярод раёнаў па вучэбных прадметах адзначаны кубкамі. Так, кубкі па рускай мове і літаратуры, беларускай мове і літаратуры, гісторыі, астраноміі, хіміі і геаграфіі заваявалі вучні Фрунзенскага раёна; па матэматыцы, інфарматыцы, фізіцы, біялогіі, кітайскай мове і працоўным навучанні — Маскоўскага раёна; па беларускай мове і літаратуры, англійскай і іспанскай мовах, грамадазнаўстве  — Ленінскага раёна; французскай мове і фізічнай культуры і здароўі  — Цэнтральнага раёна; па нямецкай мове — Кастрычніцкага раёна; па працоўным навучанні — Першамайскага р­аёна.

Сярод устаноў адукацыі новага тыпу высокіх вынікаў дасягнулі гімназія № 41 (яе навучэнцы атрымалі 35 дыпломаў і 1 пахвальны водзыў па 7 прадметах), гімназія № 1 — 26 дыпломаў і 5 пахвальных водзываў, гімназія № 10 — 24 дыпломы і 4 пахвальныя водзывы, гімназія № 29 — 22 дыпломы і 4 пахвальныя водзывы. Сярод школ найбольшую колькасць дыпломаў заваявалі навучэнцы сярэдніх школ №№ 47, 73, 19, 30 і 191.

 Бліскучыя вынікі прадэманстравалі на алімпіядзе вучні настаўніка інфарматыкі Віталя Алегавіча Шылы, настаўніцы гісторыі Святланы Віктараўны Рашэтнікавай, настаўніцы хіміі Алены Аляксандраўны Бяловай з гімназіі № 29, настаўніцы біялогіі Таццяны Пятроўны Гамянюк, настаўніцы фізікі Таццяны Эдуардаўны Шарамед з гімназіі № 10, настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Святланы Анатольеўны Дзяшук, настаўніка грамадазнаў­ства Уладзіміра Пятровіча Казлоўскага з гімназіі № 1, настаўніцы фізікі Юліі Пятроўны Брэль, настаўніцы матэматыкі Таццяны Уладзіміраўны Валахановіч з гімназіі № 41, настаўніцы геаграфіі Таццяны Сяргееўны Бародзіч, настаўніцы хіміі Святланы Станіславаўны Шаціла, настаўніцы нямецкай мовы Кацярыны Аляксандраўны Леаненка з гімназіі № 37 і інш. Штогод дыпламантамі алімпіяды становяцца выхаванцы настаўнікаў матэматыкі Барыса Барысавіча Камракова, Ігара Іванавіча Лаўрыновіча (гімназія № 41), настаўніка інфарматыкі Ніла Назіпавіча Бікбулатава (гімназія № 29), настаўніцы рускай мовы і літаратуры Людмілы Аляксееўны Кушняровай (гімназія № 1).

Перамогі школьнікаў на алімпіядзе — гэта вынік доўгай карпатлівай сумеснай працы вучня і настаўніка, тых умоў, якія створаны ва ўстановах горада, і ў цэлым усёй сістэмы работы з адоранымі і высокаматываванымі вучнямі, якая склалася ў Мінску. Рашаючы складаныя алімпіядныя заданні, школьнікі прадэманстравалі свае веды, праявілі характар, мэтанакіраванасць, нестандартнасць мыслення, творчасць, лепшыя якасці, якія дазваляюць трымаць марку сталічнай сістэмы адукацыі.

Па выніках гарадскога этапу алімпіяды сфарміраваны каманды для ўдзелу ў заключным этапе, складзены графік правядзення вучэбна-трэніровачных збораў па падрыхтоўцы да яго і вызначаны ўстановы адукацыі, дзе будзе арганізавана вучоба школьнікаў.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.