Стань аўтарам свайго жыцця

- 14:49Адукацыйная прастора

Трэці год запар Гродзенскі раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі рэалізоўвае інавацыйны праект “Укараненне мадэлі фарміравання сацыяльнай паспяховасці вучняў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі”.

Для рэалізацыі праекта створаны адпаведныя перадумовы. Галоўная з іх — наяўнасць раённай сістэмы вучнёўскага самакіравання, развіццё якой акрэслена ў галоўнай ідэі праекта. У нас дастаткова высокакваліфікаваных і матываваных спецыялістаў, якія зацікаўлены ў рэалізацыі праекта. 97 працэнтаў з іх маюць вопыт укаранення ў практыку работы педагагічных і вучнёўскіх ініцыятыў, сучасных тэхналогій самакіравання, адукацыйных і выхаваўчых праектаў.

У гэтым годзе працягвалася работа па пашырэнні прафесійных кампетэнцый педагогаў: раённы семінар “Прафесійнае майстэрства педагога і яго роля ў фарміраванні сацыяльнай паспяховасці вучняў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі”, трэнінг “Сучасныя тэхналогіі развіцця вучнёўскага самакіравання”. На думку намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце Азёрскай сярэдняй школы (таксама рэалізоўвае гэты праект) С.У.Лебядзевіч, педагогі навучыліся аналізаваць уласныя якасці, метадам развіцця актыўнасці вучняў вызначылі сутнасць інфармацыйнай, грамадзянскай, камунікатыўнай і самаадукацыйнай кампетэнтнасці, засвоілі метады і прыёмы стварэння камфортных абставін для вучняў і настаўнікаў у час правядзення ўрока і пазакласных мерапрыемстваў.

Эфектыўна працаваў анлайн-семінар для бацькоў. Асаблівую зацікаўленасць яны выказалі пры абмеркаванні тэмы “Роля сям’і ў выхаванні сацыяльна паспяховай асобы дзіцяці”. Больш за 92 працэнты бацькоў згодны са сцвярджэннем, што сям’я іграе важную ролю ў тым, ці будзе іх дзіця паспяховым у дарослым жыцці, а 100 працэнтаў гатовы разам са школай выхоўваць у дзяцей якасці, якія зробяць іх шчаслівымі ў дарослым жыцці.

Распрацавана і рэалізавана творчая праграма “Здабытак Гродзенскага раёна”. Яна прадугледжвала ўдзел вучняў у гульні “Магічныя крышталі”, у якой дзеці павінны былі аднавіць мір і справядлівасць у сусвеце, прадставіць чалавека мерай усіх рэчаў. Вучні ўдзельнічалі ў афармленні “Плошчы магчымасцей”, дзе можна было праявіць свае здольнасці, самарэалізавацца і атрымаць дадатковыя бонусы. А зрабіць гэта было дзе: дзелавая гульня “Канструіруй будучыню сёння”, трэнінг “Развіваем сябе — развіваем дзяржаву”, распрацоўка праекта “Мая Радзіма — Гродзненскі раён”, прадукцыйны нэтворкінг.

“Творчыя мерапрыемствы сфарміравалі ў нас матывацыю да праяўлення асабістай ініцыятывы, з’явілася імкненне да самарэалізацыі і самаўдасканалення. Мы навучыліся працаваць у калектыве, ацэньваць уласную дзейнасць і дасягнутыя вынікі”, — такую адзнаку праграме даў кіраўнік раённай асацыяцыі школьных сістэм самакіравання “Садружнасць” Антон Кохна.

Настаўнікі, бацькі і іх дзеці былі вельмі зацікаўлены новым праектам “Аб’яднаныя вуліцы”, распрацаваным педагагічным калектывам цэнтра. Праект накіраваны на стварэнне сістэмы арганізацыі вольнага часу вучнёўскай моладзі па месцы жыхарства ў шосты школьны дзень, максімальнае выкарыстанне творчага патэнцыялу, ініцыятывы школьнікаў. Праект рэалізаваны па месцы жыхарства дзяцей у Скідзелі з удзелам вучняў трох школ, бацькоў і грамадскасці. Быў створаны штаб праекта, які аб’яднаў вуліцы горада ў сем дваровых пляцовак. Каардынацыю дзеянняў па месцы жыхарства ажыццяўляў філіял раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.

Праект прадугледжваў шмат творчых мерапрыемстваў: сямейная гульнявая праграма “Выходзь у двор гуляць!”, дыскусійная пляцоўка “Удзел моладзі ў вырашэнні праблем Скідзеля”, забаўляльна-гульнявая праграма “А ў нас у двары”, спартыўная акцыя “Энергія вясны”, флэшмоб “СтопХам”, акцыя “СтопНаркотык”, сямейная дыскатэка “Возьмемся за рукі, сябры!”, дыскусійная пляцоўка з удзелам бацькоў “Стань аўтарам свайго жыцця”.

У сувязі з рэалізацыяй праекта новым зместам напоўнілася работа раённага саміту асацыяцыі школьных сістэм самакіравання “Садружнасць”. Адбылася сустрэча з кіраўніцтвам райвыканкама. У інтэрактыўнай праектнай сесіі “Паспяховая асоба ў Рэспубліцы Беларусь: стратэгія фарміравання” прынялі ўдзел старшыня раённага Савета дэпутатаў, намеснік старшыні райвыканкама, начальнікі аддзелаў адукацыі, культуры, ідэалогіі і па справах моладзі, фінансавага ўпраўлення Гродзенскага райвыканкама. Адбыўся дыялог вучнёўскай моладзі з прадстаўнікамі дзяржаўнай улады і грамадскасці па актуальных пытаннях фарміравання сацыяльна паспяховай асобы.

Цікавымі былі мерапрыемствы для лідараў вучнёўскага самакіравання “Калядныя сустрэчы”, дыскусійная пляцоўка “Грамадзянскі дыялог”. Вынікам сталі новыя маладзёжныя ініцыятывы, праект “Тэрыторыя моладзі”, які аб’яднаў усе школы Гродзенскага раёна.

Асаблівую зацікаўленасць выказваюць школьнікі да раённай бізнес-гульні “Твой поспех”. Свае творчыя здольнасці і грамадзянскія кампетэнцыі ўдзельнікі праекта прадэманстравалі ў конкурсе даследчых работ “Паспяховыя людзі Гродзенскага раёна”. Матэрыялы гульні размешчаны ў сацыяльных сетках.

Значным у рэалізацыі інавацыйнага праекта было сумеснае выязное пасяджэнне пастаяннай камісіі па мандатах, законнасці, мясцовым кіраванні і самакіраванні Гродзенскага раённага Савета дэпутатаў і раённай асацыяцыі школьных сістэм самакіравання “Садружнасць”. Удзельнікі сустрэчы наведалі філіял Парка высокіх тэхналогій, Гродзенскі аграрны ўніверсітэт, Путрышкаўскую сярэднюю школу, вытворчую базу сельскагаспадарчага прадпрыемства “Путрышкі”.

Адбылася прэзентацыя вопыту школьнага самакіравання перад дэпутатамі, што апошніх вельмі ўразіла. Гэтае мерапрыемства мела вялікае практычнае значэнне і для вучняў, і для дэпутатаў, таму што адбыўся абмен інфармацыяй пра шляхі развіцця Гродзенскага раёна і ролю моладзі ў гэтым працэсе.

Выніковасць інавацыйнага праекта вызначыў маніторынг адносін суб’ектаў інавацыйнай дзейнасці да фарміравання сацыяльна паспяховай асобы. Высокі ўзровень адзначаны ў 100% рэспандэнтаў. Па выніках маніторынгу сярод вучняў узровень сфарміраванасці ў іх кагнітыўнага кампанента грамадзянскай ідэнтычнасці ўзрос да 87% (быў 85,7), пачуцця прыналежнасці да сваёй дзяржавы — да 88,9 (быў 87,8), адносін да людзей — да 87,4 (быў 80,1), да працы — 82,5 (быў 77,4).

На сумесным пасяджэнні каардынатараў інавацыйнага праекта са школ і раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі падведзены вынікі яго рэалізацыі. Усе прыйшлі да высновы, што ўдзел навучэнцаў у абмеркаванні сумесна з мясцовай уладай і грамадкасцю кіраўніцкіх рашэнняў у галіне маладзёжнай палітыкі стварыў умовы для самарэалізацыі вучнёўскай моладзі, фарміравання адказнасці за свае ўчынкі, сваю сям’ю і Айчыну. Актыўнае сацыяльнае партнёрства ўмацавала нашы сумесныя пазіцыі ў забеспячэнні паспяховай сацыялізацыі вучняў у сучасным грамадстве, садзейнічала іх самаразвіццю, самавыхаванню, самаўдасканаленню, выхаванню канкурэнтаздольнай асобы, гатовай да прыняцця адказных рашэнняў.

Наступны навучальны год пачнецца з рэалізацыі новай праграмы “Дыялогі пра паспяховасць”. Яна мае на мэце пашырыць кампетэнцыі навучэнцаў па пытаннях сацыяльнай паспяховасці, фарміравання ў іх устойлівай матывацыі стаць паспяховым у дарослым жыцці; выбудоўванне з вучнямі праграмы асабістага жыццёвага шляху.

Вучняў чакае фестываль “Малой радзіме прысвячаецца”. Яны сустрэнуцца на дыскусійных пляцоўках “Тэрыторыя творчасці і актыўнасці”, “Тэрыторыя поспехаў і ведаў”, “Тэрыторыя здароўя”, “Тэрыторыя сяброўства”.

Ганна ФІНАГЕНАВА,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце
Гродзенскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.