Стан душы — дырэктар

- 10:22Людзі адукацыі

Далёка не кожнаму чалавеку ўдаецца знайсці сябе ў прафесійным жыцці. Дырэктар сярэдняй школы № 3 Асіповіч Анатоль Цітавіч Шчамялёў з гэтай задачай справіўся. Ён знайшоў сваё прафесійнае прызванне і сёння з упэўненасцю кажа, што з’яўляецца шчаслівым чалавекам.

Анатоль Цітавіч (крайні злева) заўсёды разам са сваім калектывам аднадумцаў.

— Я займаюся той справай, да якой ляжыць душа і якую некалі выбраў па поклічы сэрца. У педагогіку ў свой час ішоў мэтанакіравана. На мой выбар паўплывалі бацькі, хаця яны і не былі педагогамі, а таксама выдатныя настаўнікі-прафесіяналы тых школ, у якіх мне давялося вучыцца, — паведаміў А.Ц.Шча­мялёў.

Настаўніцкі дыплом Анатоль Цітавіч атрымліваў у сённяшнім МДУ імя А.А.Куляшова. Маладым педагогам па размеркаванні трапіў у Асіповіцкі край. Доўгі час выкладаў матэматыку ў мясцовай школе-інтэрнаце.

— А пасля адбылася падзея, якая стала для мяне ў пэўнай ступені лёсавызначальнай. Я ўзначаліў трэцюю гарадскую школу. І неяк з самага пачатку зразумеў: менавіта тут я на сваім месцы, — расказаў А.Ц.Шчамялёў.

З той пары мінула ўжо больш як 35 гадоў, і Анатоль Цітавіч ніколі не сумняваўся ў тым сваім перакананні. Для яго дырэктар — гэта не проста пасада, а стан душы.

— Штодзённая дырэктарская праца прымушае мяне бесперапынна рухацца наперад, развіваць свае творчыя здольнасці, вучыцца для сябе і дарыць радасць навучання маёй камандзе аднадумцаў, выкладчыкаў і вучняў. Я маю дзіўную магчымасць атрымаць працяг не толькі ў родных дзецях, але і захаваць свае веды, вопыт і маральныя якасці ў дзясятках і сотнях іншых дзяцей, якія, стаўшы дарослымі, падзеляцца гэтымі набыткамі з уласнымі сынамі і дочкамі, — упэўнены А.Ц.Шчамялёў.

На яго думку, галоўная задача сучаснай школы — прыві­ваць дзецям веру ў сябе, вучыць іх самарэалізоўвацца, радавацца жыццю і стойка пераносіць нягоды.

— Асноўнай мэтай, якая вызначае траекторыю руху нашай школы, з’яўляецца інтэлектуальнае, маральнае, творчае і фізічнае развіццё асобы навучэнцаў, фарміраванне ў іх гатоўнасці да самастойнага жыццёвага выбару, працоўнай дзейнасці і прадаўжэння адукацыі, — падкрэсліў Анатоль Цітавіч.

Акрамя дырэктарскай працы, Анатоль Шчамялёў вя­дзе шырокую грамадскую дзейнасць. На працягу 22 гадоў з’яўляецца дэпутатам раённага Савета дэпутатаў, узначальвае пастаянную камісію па пытаннях сацыяльна-культурнай сферы і сацыяльнай абароны насельніцтва. У цяперашні час уваходзіць у раённую інфармацыйную мабільную групу па правядзенні абмеркавання праекта змянненняў і дапаўненняў Канстытуцыі.

Анатоль Цітавіч цалкам падтрымлівае ўнесеныя ў Асноў­ны закон прапановы па захаванні гістарычнай памяці аб Вялікай Айчыннай вайне. Значнай лічыць і абарону традыцыйных каштоўнасцей сям’і, маральнасці і духоўнасці, бо менавіта ад гэтага ў многім залежыць выхаванне будучага дастойнага грамадзяніна краіны. Ён згодны з увядзеннем адзі­нага дня галасавання, пераразмеркаваннем паўнамоцтваў паміж органамі ўлады. На яго думку, маючы адбыцца рэферэндум — важная грамадская падзея, удзел у якой павінен прыняць кожны беларус.

Сваю задачу як кіраўніка А.Ц.Шчамялёў бачыць у стварэнні ў школе адзінай адукацыйнай і інфармацыйнай прасторы — творчага асяроддзя. За дзесяцігоддзі работы ў яго гэта атрымалася. А ўсё таму, што ён робіць стаўку не на камандна-адміністрацыйнае кіраванне, а на прафесійнае супрацоўніцтва. Калі дакладней, ён змог аб’яднаць педагагічны калектыў у адзіную каманду, у якой кожны скіраваны на якаснае выкананне сваіх абавязкаў.

Па меркаванні А.Ц.Шчамялёва, быць кіраўніком — гэта і ўмець прадбачыць, бо менавіта прагназаванне дазваляе выпрацаваць станоўчую стратэгію функцыянавання ўстановы.

 — Сучасны дырэктар павінен быць кіраўніком-менеджарам, валодаць многімі прафесійнымі кампетэнцыямі і ўмець мяняцца ў адпаведнасці з патрабаваннямі часу. Цяпер важна хутка адаптавацца да зменлівых сацыяльна-эканамічных і культурных умоў адукацыі, аператыўна авалодваць новым зместам і тэхналогіямі навучання. Неабходна быць прафесійна мабільным, пазбаўляцца стэрэатыпаў мыслення, шукаць сучасныя метады развіцця навучальнай установы. Толькі тады кіраванне будзе паспяхова ўплываць і на якасць адукацыі, і на імідж установы ў цэлым. Аднак адзін з ключавых фактараў паспяховага функцыя­навання навучальнай установы — усё ж педагагічны калектыў. Нават самы цудоўны кіраўнік можа дасяг­нуць вынікаў толькі дзякуючы сваім падначаленым, таму я падтрымліваю ўсе пачынанні педагогаў, матывую іх на прафесійнае развіццё. Але як лідар  вяду свой калектыў, заўсёды бяру адказнасць на сябе і праяўляю асабістую ініцыятыву, — адзначыў Анатоль Цітавіч.

Дзякуючы такім падыходам дырэктара, 3-я асіповіцкая школа функцыянуе з высокай эфектыўнасцю. Установа — своеасаблівы навукова-адукацыйны цэнтр горада.

— Наша школа дастаткова даўно ўступіла ў асацыяцыю “Адукацыя для ўстойлівага развіцця”, і мы з разуменнем справы ўкараняем гэтыя практыкі ў адукацыйны працэс. Упэўнена рухаемся і ў бок інфарматызацыі адукацыі. Стварылі сваю ўнікальную выхаваўчую прастору. Акрамя музея і музейных пакояў, у яе ўвахо­дзіць школьнае экалагічнае маладзёжнае грамадскае аб’яднанне “Дзеля жыцця на Зямлі”, якое ўдзель­нічае ў мерапрыемствах у рамках адукацыйнай праграмы ЮНЕСКА “Устойлівае развіццё на мясцовым узроўні”, — расказаў А.Ц.Шча­мялёў.

Педагагічны калектыў школы сапраўды працуе ў інавацыйным рэжыме. Настаўнікі імкнуцца да ўсебаковага развіцця здольнасцей дзяцей. Як вынік, навучэнцы становяцца пастаяннымі пераможцамі розных прэстыжных конкурсаў, паспяхова ўдзельнічаюць у алімпіядным руху, актыўна займаюцца даследчай дзейнасцю.

Пад кіраўніцтвам Анатоля Цітавіча сярэдняя школа № 3 Асіповіч рэгулярна дэманструе высокія паказчыкі ў вучэбна-вытворчай i выхаваўчай рабоце. Гэта адна з лепшых устаноў адукацыі ў раёне, прызнавалася лепшай і на ўзроўні вобласці.

Плённая праца А.Ц.Шчамялёва неаднаразова адзначалася, прычым не толькі дырэктарская, але і настаўніцкая, бо выкладанне ён не пакідае. У розныя гады Анатоль Цітавіч быў узнагароджаны Падзякай Прэзідэнта, ганаровымі граматамі мясцовых выканаўчых улад, галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама, Міністэрства адукацыі, нагрудным знакам “Выдатнік адукацыі”.

Але пра ўласныя ўзнагароды А.Ц.Шчамялёў гаварыць не лю­біць. Для яго ў прыярытэце поспехі школы, вучняў, педагогаў. А яшчэ ён упэўнены: нават самая высокая ацэнка работы не прычына для таго, каб спыняцца ў развіцці, таму ён нястомна працягвае прафесійны пошук і арыентуе на гэта калектыў.

— У планах — шукаць новыя шляхі развіцця школы. У нас ёсць вопыт, ёсць свае традыцыі, творчы і інтэлектуальны патэнцыял, таму мы ідзём наперад упэўнена, выпраўляючы памылкі, якія непазбежныя, і радуючыся перамогам. У перспектыве нацэлены на ўкараненне новых інфармацыйных форм і метадаў кіраўніцкай дзейнасці і іх адаптацыю да ўмоў установы адукацыі, — запэўніў Анатоль Цітавіч. — Планаў мноства, але галоўная мэта застаецца нязменнай: будзем працяг­ваць вучыць дзяцей выбіраць свой шлях у жыцці і быць дастойнымі грамадзянамі сваёй краіны.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота з архіва А.Ц.Шчамялёва.