Станаўленне педагога

Не сакрэт, што пэўныя ўласцівасці асобы настаўніка могуць спрыяць развіццю трывожнасці ў вучняў, іх нізкай матывацыі да навучання, канфліктных паводзін. Каб не аказаць згубнага ўплыву на дзяцей, настаўніку трэба ў першую чаргу разабрацца з сабой, са сваімі эмацыянальнымі праблемамі, прычынамі, якія іх выклікаюць, знайсці выхад са стрэсавых сітуацый.

Працэс прафесійнага станаўлення — гэта працэс перыядычных “уздымаў”, “плато” і “спускаў”, змены стадый прафесіяналізацыі і дэпрафесіяналізацыі, змены структуры прафесійна важных якасцей, матывацыі работы, жыццёвых каштоўнасцей чалавека. Большасць настаўнікаў насцярожана ставяцца да наведвання калегамі сваіх урокаў. Адна з прычын — боязь адмоўных меркаванняў і ацэнак, страх паказацца некампетэнтным.

Усю педагагічную дзейнасць можна ўмоўна падзяліць на пэўныя этапы, якія характарызуюцца прысутнасцю ў той ці іншай ступені пэўных крызісаў. Усе крызісы часта суправаджаюцца недакладным усведамленнем недастатковага ўзроўню сваёй кампетэнтнасці і прафесійнай бездапаможнасці.

Першыя 5 гадоў работы — гэта час адаптацыі выпускніка ўстановы вышэйшай адукацыі да ўмоў работы. Малады спецыяліст дастаткова ведае, але мала ўмее. У настаўніка з такім стажам яшчэ не сфарміраваны прафесійна значныя якасці. На гэтым этапе спецыяліст засяроджаны на сабе, на сваіх магчымасцях, яму лягчэй перанесці сітуацыю ацэнкі. Ён адкрыты да ўспрымання новага ў сабе і ў асяроддзі, схільны да самазмянення. Высокая арыентацыя на такія каштоўнасці, як сям’я, блізкія людзі, сябры.

Некаторыя настаўнікі з невялікім стажам работы часта выкарыстоўваюць дысцыплінарныя метады ўздзеяння, што ў асноўным дае адваротны эфект. На ўроку ў іх пераважаюць загады, яны аддаюць перавагу негатыўна афарбаваным выказванням у адносінах да вучняў: “Вінаватыя навучэнцы, а не я”, “Зрабіце што-небудзь з гэтымі навучэнцамі”.

У наступныя 6—10 гадоў работы настаўніка прафесійная дзейнасць стабілізуецца, фарміруецца прафесійная пазіцыя, удасканальваюцца метады і прыёмы навучання. Змяншаецца колькасць канфліктаў, звязаных з патрэбай настаўніка самасцвердзіцца ў вачах калег і вучняў, з году ў году павышаецца яго прафесійная значнасць. На гэтым этапе педагогу важна асэнсаваць свае рэсурсы (пазітыўныя магчымасці) і абмежаванні, намеціць метады ўдасканалення прафесійнага майстэрства.

Настаўнікі са стажам работы 11—15 гадоў часта пачынаюць перажываць так званы педагагічны крызіс, звязаны з усведамленнем таго, што існуе супярэчнасць паміж жаданнем нешта змяніць (метады работы, стыль зносін з дзецьмі і г.д.) і магчымасцямі асобы. Настаўнікі гэтай групы праяўляюць большую цікавасць да навучэнцаў, умеюць наладзіць канструктыўныя ўзаемаадносіны з імі. Яны радзей, чым маладыя настаўнікі, патрабуюць, пагражаюць і караюць.

16—20 гадоў работы характарызуюцца ўступленнем у так званы крызіс “сярэдзіны жыцця”. Гэта ўзрост падвядзення папярэдніх жыццёвых вынікаў. Часта ўзнікае неадпаведнасць паміж Я-рэальным (якім я сябе ўяўляю) і Я-ідэальным (якім бы я хацеў быць). Магчыма зніжэнне ўзроўню прафесіяналізму, фарміруюцца ахоўныя механізмы. Разам з тым гэта час, калі настаўнік захоплены работай з дзецьмі, адданы ёй.

Найбольш высокіх вынікаў работы дасягаюць настаўнікі са стажам 21—25 гадоў. Яны маюць найбольш высокую ацэнку ўзроўню сфарміраванасці прафесійна значных якасцей. У псіхалагічным сэнсе пры сваім узросце 43—45 гадоў яны могуць цалкам прысвяціць сябе прафесіі.

Асобныя настаўнікі са стажам больш за 25 гадоў хваравіта ўспрымаюць жаданне калег прыйсці да іх на ўрок, зрабіць прадметам абмеркавання іх вопыт. У такім узросце магчыма ўзнікненне сіндрому выгарання. Адрозніваюць тры бакі гэтай з’явы: біялагічнае старэнне, прафесійнае старэнне (характарызуецца неўспрымальнасцю да новага, парушэннем адносін партнёрства з навучэнцамі) і псіхаэмацыянальнае перанапружанне. Для прафесійнага развіцця настаўніка неабходна, каб у яго была патрэба ў пазітыўных зменах, бо прымусіць чалавека развівацца нельга.

З мэтай прафілактыкі крызісных станаў настаўнікаў, аптымізацыі адукацыйнага працэсу, педагогі-псіхолагі гімназіі № 3 імя А.С.Пушкіна Віцебска рэгулярна праводзяць работу з педагагічным калектывам, якая ўлічвае іх узрост, педагагічны стаж і асаблівасці прафесійна-педагагічнай дзейнасці. Затым настаўнікі рэалізуюць псіхалагічныя прыёмы на практыцы.

Псіхаэнергетычны парасон

Праводзіцца ў першыя хвіліны пасля пачатку ўрока, а таксама, пры неабходнасці, перыядычна на працягу ўсяго ўрока. Настаўнік стаіць перад класам, пажадана ў цэнтры пакоя, і, тлумачачы матэрыял, імкнецца ўявіць, што ён сваёй воляй, сваёй свядомасцю ўтварае своеасаблівы парасон, які шчыльна накрывае ўсіх навучэнцаў. Мэта самога настаўніка: упэўнена, моцна і стабільна трымаць ручку гэтага парасона на працягу ўсяго ўрока. Практыкаванне выпрацоўвае здольнасць кантраляваць сітуацыю ў класе.

Метад в’етнамскіх мудрацоў

Адмерваецца крокамі кожны ўдых і выдых і прагаворваецца сама сабе пэўная думка:

• Удых — “Разумею, што ўва мне злосць сядзіць”.

• Выдых — “Усведамляю, што злосць гэта — я”.

• Удых — “Разумею, што злосць — нядобра, шкодна”.

• Выдых — “Ужо ведаю, што злосць зменіцца, і я хутка супакоюся”.

• Удых — “Разумею, што ў мяне дастаткова сіл, каб паклапаціцца пра сябе”.

Канцэнтруючы сваю ўвагу на дыханні, вы зможаце зразумець крыніцы свайго раздражнення.

Формула выжывання

Жыццё рытмічнае: спады чаргуюцца з уздымамі. Не перарабляйце тых, хто побач, на свой лад. Не заставайцеся сам-насам з непрыемнасцямі.

Нішто не бянтэжыць больш, чым няўдачы; нішто не падбадзёрвае мацней, чым поспех. Нават пасля скрышальнага паражэння змагацца з думкамі пра няўдачу, якія прыгнятаюць, лепш за ўсё з дапамогай успамінаў аб поспеху. Гэта надзвычай дзейсны сродак аднаўлення веры ў сябе, неабходнай для будучых перамог. Любы з вас, напэўна, можа аб чым-небудзь успомніць з гордасцю. Рабіце сябе (выпрацоўвайце пачуццё ўласнай годнасці).

Настасся КУРЧАТАВА,
педагог-псіхолаг гімназіі № 3 імя А.С.Пушкіна Віцебска.
Фота Вольгі ДУБОЎСКАЙ.