або Пачынаем з абнаўлення
Адно з самых прыемных пачуццяў у школьным жыцці — патрымаць у руках новы падручнік (нават калі ён і стары, але для цябе ўсё роўна новы), адкрыць новы сшытак і зрабіць у ім першы запіс навюсенькай ручкай, абгарнуць кнігі ў новыя вокладкі… Я, ва ўсялякім выпадку, у свае школьныя гады гэта вельмі любіла — так узнікала адчуванне свята і складваўся радасны настрой на пачатку навучальнага года. А што ўжо гаварыць, калі новыя не толькі сшыткі і алоўкі, а цэлы прадметны кабінет, прычым цалкам — ад мэблі да мензурак. Так, гаворка ідзе пра кабінеты хіміі, цэнтралізаваныя бюджэтныя пастаўкі якіх працягваюцца ў розныя агульнаадукацыйныя ўстановы. У адным з такіх кабінетаў “з іголачкі” мы пабывалі напярэдадні новага навучальнага года.
У выйгрышы — настойлівыя
…У кабінеце хіміі сталічнай гімназіі № 11 (дырэктар В.Л.Бойка), што ў Першамайскім раёне Мінска, нас гасцінна сустракае яго гаспадыня — адна з дзвюх настаўніц хіміі гэтай навучальнай установы Алена Рагораўна Пурчальянава, якая мае вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю. У гімназіі яна працуе 15 гадоў, і за гэты час разам з калегамі здолела зацікавіць хіміяй нямала вучняў. Сярод іх былі пераможцы і прызёры раённых і гарадскіх прадметных алімпіяд, а таксама тыя, для каго хімія стала прафесіяй або важным яе складнікам. Вось і сёлета чатыры выпускнікі школы паступілі ў Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт, адна дзяўчына — на хімічны факультэт БДУ. Пры гэтым Юлія Усік, цяпер першакурсніца медунівер-сітэта, здала цэнтралізаванае тэсціраванне па хіміі на 95 балаў.
— Я заўсёды гавару сваім вучням: “Калі хочаце, хімію вы будзе ведаць”, — заўважае Алена Рыгораўна.
— Тут галоўнае — настойлівасць і працавітасць, патрабавальнасць да сябе. Гэта нават больш важна, чым нейкія асаблівыя выдатныя здольнасці. І, канечне, вельмі дапамагае профільнае навучанне. У нас хіміка-біялагічны профіль ёсць у мультыпрофільных класах. У мінулым навучальным годзе ў профільным класе на адкрытым уроку для настаўнікаў хіміі нашага раёна навучэнцы вельмі добра сябе паказалі. Таксама выпускнікі тэлефанавалі мне летам і гаварылі, што ім вельмі дапамагло навучанне ў профільным класе. Хаця ў мяне ёсць адзін выпускнік, які зараз вучыцца на хімфаку БДУ і здае экзамены на адны дзясяткі, збіраецца ў паездку па абмене вопытам у Германію. Дык вось ён вучыўся ў звычайным, няпрофільным, класе. Узяў настойлівасцю і цікаўнасцю да прадмета.
…Слухаючы гэты аповед Алены Рыгораўны, думаю, што цяпер, пасля абнаўлення кабінета, і настаўнікам, і вучням будзе яшчэ зручней вучыць і вучыцца. Мая суразмоўніца сёлета выкладае хімію ў чатырох сёмых (у адным з іх, 7 “А”, з’яўляецца класным кіраўніком), двух дзясятых і двух адзінаццатых класах.
Безумоўна, абноўлены кабінет хіміі парадуе кожнага навучэнца. Як кажа настаўніца, новае абсталяванне дапамагае ў рабоце ўжо толькі тым, што яно прыгожае і зручнае. Ужо дзякуючы гэтаму, дзецям прыемна і цікава. Асабліва пашанцавала сёлета сямікласнікам, якія пачнуць вывучэнне няпростага прадмета ў абноўленым, адмыслова абсталяваным кабінеце. Магчыма, многім гэта дапаможа зацікавіцца хіміяй, дасягнуць пэўных поспехаў у яе вывучэнні. Ну, а старшакласнікі могуць параўнаць тое, якім кабінет быў і якім стаў зараз. На карысць апошняга варыянта, зразумела.
— Адназнача магу сказаць, што, калі дзеці прыходзяць у чысты кабінет, эстэтычна добра аформлены, яны і паводзяць сябе інакш, — пацвярджае маю думку А.Р.Пурчальянава. — Мне нават прыбіральшчыцы кажуць: “У вас у кабінеце ніколі нават паперкі на падлозе не валяюцца”. А гэта таму, што дзеці бачаць прыгожае і ўмеюць яго цаніць, берагчы. Школа, я ўпэўнена, не павінна адступаць назад — толькі рухацца наперад. І ў плане абсталявання таксама. А дзеці павінны бачыць прыгажосць — і ў мэблі, і ва ўсім іншым.
13 — шчаслівая лічба
Першае, на што звяртаеш увагу, калі заходзіш у гімназічны кабінет хіміі, — гэта новыя бліскучыя сталы. Бляск, як высвятляецца, няпросты: сталы зіхацяць дзякуючы спецыяльнаму ламініраванню — гэта прадугледжана патрабаваннямі да абсталявання такіх кабінетаў. І борцікі на сталах спецыяльныя ёсць — усё дзеля бяспекі.
Але, як папраўляе мяне Алена Рыгораўна, пачынаць агляд кабінета трэба з вокнаў (менавіта яны з’явіліся тут першымі, з іх і пачалося абнаўленне), а таксама са сцен, якія адрамантавалі за сродкі папячыцельскага савета. І тое, і другое зрабілі яшчэ да 2016/2017 навучальнага года. Зрабілі проста так, у рамках звычайнага рамонту, яшчэ не думаючы пра новую мэблю і абсталяванне. Яны ж з’явіліся ў кабінеце ў студзені бягучага года: 13 камплектаў сталоў і крэслаў для навучэнцаў, дэманст-рацыйны стол і крэсла для настаўніка, дошка з механізмам рассоўвання, наглядны матэрыял (табліцы Мендзялеева і растваральнасці рэчываў), 7 шаф у кабінеце і некалькі — у лабаранцкай. У лабаранцкай паставілі таксама новы сейф для рэактываў, стол. Так што істотныя змены ў кабінеце хіміі гімназіі № 11 адбыліся яшчэ ў мінулым навучальным годзе.
— Калі прывезлі мэблю, я ў суботу працавала ў школе больш, чым у звычайныя рабочыя дні, — расказвае настаўніца. — Ну, а як інакш? Трэба радавацца, што мы атрымалі такі кабінет, і мы, канечне, вельмі задаволены. Мэбля, дарэчы, зроблена ў Беларусі, і пры неабходнасці можна дазаказаць тую ці іншую рэч, якая арганічна ўпішацца ў інтэр’ер.
Пазней у кабінет прывезлі іншае абсталяванне. Так, падчас летніх канікул зманціравалі выцяжную шафу, паставілі ў лабаранцкай сушыльную шафу. Старшакласнікі, якія прыходзілі ў школу на практыку, сабралі штатывы, шара-стрыжневыя мадэлі малекул, іншае абсталяванне. А яго тут шмат. Асабліва А.Р.Пурчальянава радуецца надзейным і прыгожым храміраваным штатывам беларускай вытворчасці, прыборам для атрымання газу, а таксама вагам з гіркамі, прамывалкам, якіх у школе дагэтуль не было. Ды і наогул настаўніцу радуе любая адзінка абсталявання, малая ці вялікая, нават такія простыя прыстасаванні, як лучынкі — драўляныя стрыжанькі, што раней даводзілася рыхтаваць самім з любой драўніны, якая аказвалася пад рукамі.
А ў найбліжэйшы час у гімназіі чакаюць два новыя камп’ютары і інтэрактыўную дошку — у рамках усё той жа цэнтралізаванай праграмы. Хаця, магчыма, пакуль мы рыхтавалі гэты матэрыял, і тое, і другое ўжо завезлі ў навучальную ўстанову, праўда, пастаўкі не прадугледжваюць забеспячэння кабінетаў хімрэактывамі. Тэлевізар у класе быў і раней, яго набылі за сродкі папячыцельскага савета. У цэлым кабінет выглядае і, па сутнасці, з’яўляецца вельмі сучасным.
— Сёлета навучальны год пройдзе ў нас пад знакам апрабоўвання новага кабінета. Заходзьце ў маі, і мы зможам расказаць, як што задзейнічана на ўроках, — запрашае нас Алена Рыгораўна. — Усё паспрабуем, з усім будзем працаваць. Не цярпіцца пачаць заняткі.
***
Калі ў кагосьці пасля прачытання гэтага матэрыялу склалася ўражанне, што абноўленыя кабінеты хіміі атрымліваюць толькі гімназіі ці якія-небудзь элітныя школы, то гэтае ўражанне памылковае. Дакладна ведаю, што такія кабінеты пастаўляюцца і ў звычайныя школы. Не ўсё адразу, але абнаўленне ідзе. А рашэнне аб цэнтралізаваных пастаўках абсталявання кабінетаў хіміі, фізікі, біялогіі ў частку школ пачалося з 2013 года.
Варта адзначыць і тое, што беларускія школьнікі паспяхова выступаюць на алімпіядах па названых прадметах на міжнародным узроўні, атрымліваючы медалі рознай вартасці, як гэта адбылося і сёлета на алімпіядах па фізіцы і біялогіі. Што да хіміі, то нагадаем: у красавіку гэтага года ў Астане (Казахстан) на 51-й Міжнароднай Мендзялееўскай алімпіядзе беларуская каманда заваявала 6 медалёў, адзін з якіх — залаты, пяць — сярэбраных. А ў ліпені беларускія школьнікі ўдзельнічалі ў 49-й Міжнароднай хімічнай алімпіядзе, што праходзіла ў Тайландзе, і прывезлі дадому чатыры медалі, з якіх тры сярэбраныя і адзін бронзавы.
Марына ХІДДЖАЗ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.