Станоўчыя эмоцыі, новыя адкрыцці і ўсмешкі

“Мая галоўная задача як педагога ў рабоце з дзецьмі дашкольнага ўзросту — ствараць станоўчую, спрыяльную атмасферу ў групе, — гаворыць выхавальнік ясляў-сада № 35 Маладзечна Паліна Аляксандраўна Сарокіна. — Для мяне важна, каб выхаванцы ўмелі гуляць, саступаць і паважаць адно аднаго і дарослых. Мы, педагогі, павінны ім у гэтым дапамагаць, паказваць, як гэта правільна рабіць, бо ад таго, як дзіця ставіцца да іншых людзей, залежыць, якім чалавекам яно вырасце”.

Паліна Сарокіна родам з Маладзечанскага раёна, з вёскі Турэц-Баяры. Там яна скончыла пачатковую школу, затым пераехала ў Маладзечна. У школьныя гады іграла на фартэпіяна, што пасля ёй вельмі спатрэбілася. Паступіла ў Лідскі педагагічны каледж, пасля заканчэння якога прыступіла да работы выхавальніцай. Завочна вучылася ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы па той жа спецыяльнасці. Нядаўна ў рамках курсаў перападрыхтоўкі атрымала спецыяльнасць настаўніка-дэфектолага, якую сумяшчае з прафесіяй выхавальніка.

“Чаму выбрала прафесію выхавальніка? — разважае Паліна Сарокіна. — Магчыма, гэта звязана з тым, што ў мяне дзве бабулі былі выхавальніцамі. Ды і мне цікава выхоўваць самых маленькіх, закладваць у іх душах каштоўнае і важнае, што спатрэбіцца ім у будучыні і паўплывае на станаўленне іх асобы. Люблю сваю прафесію за тое, што мае працоўныя будні не ператвараюцца ў шэрыя, змрочныя. Наадварот, яны напоўнены станоўчымі эмоцыямі, новымі адкрыццямі і ўсмешкамі. І ўсё гэта дзякуючы дзецям”.

Паліна Сарокіна эксперыментуе ў рабоце з дзецьмі, імкнецца выкарыстоўваць розныя метады і прыёмы, каб зразумець, якія з’яўляюцца найбольш эфектыўнымі ў розных сітуацыях. Наведвае курсы і семінары, на якіх можна даведацца шмат новай інфармацыі з розных сфер, абменьваецца вопытам работы з калегамі, шукае адказы на свае пытанні ў літаратуры.

“Кожны мой выхаванец — асоба, у кожнага — свой характар, свае інтарэсы, якія неабходна ўлічваць, — упэўнена педагог. — Да кожнага дзіцяці варта шу­каць свой падыход, каб яго адносіны з выхавальнікам былі сяброўскімі, але ў той жа час каб выхаванцы прыслухоўваліся і паважалі педагога. Для гэтага неабходна быць уважлівым, чулым, цярплівым, добра ведаць дзіцячую псіхалогію. Дзецям уласціва неймавернае жаданне пазна­ваць навакольны свет. Гэта прасочваецца ў іх дзейнасці на працягу ўсяго дня. Малышы задаюць пытанні, часам вельмі незвычайныя, смешныя, наіўныя, а часам і складаныя настолькі, што не кожны дарослы зможа на іх адказаць. Разам з выхаванцамі мы шукаем адказ на любое пытанне, вывучаем інфармацыю ў інтэрнэце, чытаем кнігі. Для мяне важна, каб не згасла цікавасць дзіцяці да пазнання навакольнага свету, каб яно цікавілася тым, што бачыць вакол, назірала, вывучала, даследавала. Як педагог я магу накіроўваць, дапамагаць, падтрымліваць цікавасць малышоў”.

На занятках Паліна Аляксандраўна выкарыстоўвае здароўезберагальную, даследчую і гульнявую тэхналогіі, якія дапамагаюць зрабіць заняткі больш эфектыўнымі і цікавымі для дзяцей. Працуючы з дзецьмі старэйшага ўзросту, выхавальніца шмат увагі ўдзяляе развіццю даследчай дзейнасці дзяцей. Вялікую ролю адводзіць фарміраванню ў малышоў уяўленняў пра навакольны свет, стварае спрыяльныя ўмовы для развіцця ў іх пазнавальнай цікавасці. Вясной гэтага года выхаванка Кацярына Монід пад кіраўніцтвам свайго педагога заняла 1-е месца на Рэспубліканскім конкурсе “Я — даследчык” у намінацыі “Мая Радзіма — Беларусь”, за што Паліна Сарокіна была ўзнагароджана дыпломам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Аднойчы дзяўчынка задалася пытаннем “Чаму кнігу пра жывёл і расліны называюць чырвонай?”. І гэта стала тэмай яе даследавання. Відэафільм з аднайменнай назвай з удзелам педагога і выхаванкі дэманстраваўся на семінары і курсах павышэння кваліфікацыі ў МГІРА. У хуткім часе педагог будзе даваць свой майстар-клас на тэму “Даследчая дзейнасць дзяцей дашкольнага ўзросту”.

“Неад’емная частка маёй работы — узаемадзеянне з бацькамі, стварэнне даверных адносін з імі, — гаворыць Паліна Аляксандраўна. — Без гэтага немагчыма дасягнуць поспехаў у выхаванні дзяцей. Трэба заўсёды размаўляць з бацькамі пра дзяцей, расказваць, чым займалася іх дзіця ў садзе, як паводзіла сябе. Цікавіцца тым, як бавіць час малыш дома, што яго цікавіць. Па магчымасці неабходна далучаць бацькоў да адукацыйнага працэсу. Для гэтага ёсць мноства метадаў і прыёмаў. Важнае месца ў рабоце з бацькамі займаюць бацькоўскія сходы. Я часта вяду размовы з бацькамі. У садзе арганізоўваюцца выставы на розныя тэмы. Зараз, напрыклад, праходзіць выстава на восеньскую тэматыку. Бацькі нашых выхаванцаў майс­труюць разам з дзецьмі вырабы, увасабляючы ў жыццё самыя смелыя задумы. З вялікім задавальненнем бацькі прымаюць удзел у святах, якія праходзяць у садзе.

У педагагічнай прафесіі ўсё бывае, нават стрэсавыя сітуацыі. Калі так здараецца, я імкнуся зрабіць удых-выдых, спакойна паглядзець на тое, што адбылося, прааналізаваць сітуацыю, вырашыць, што лепш зрабіць. Галоўнае, не спяшацца. Трэба навучыцца шукаць у сваёй прафесіі плюсы, не стаяць на месцы, развівацца, тады з’явяцца новыя мэты, будзе да чаго імкнуцца і цікавасць да працы не згасне. Мне хацелася б і ў далейшым паглыбляцца ў педагагічную прафесію, займацца з выхаванцамі даследчай дзейнасцю, а таксама атрымліваць практычны і тэарэтычны вопыт у сферы дэфекталогіі, бо гэта для мяне новы этап у прафесійным развіцці”.

Надзея ЦЕРАХАВА.