Станоўчыя ўражанні ад экскурсіі

- 11:00Выхаванне

Пехатой, на веласіпедзе, аўтобусам ці нават на байдарках. Няважна, як падарожнічаць па малой радзіме. Галоўнае — рабіць гэта як мага часцей і абавязкова з добрым настроем… Турыстычна-экскурсійную дзейнасць як адзін з эфектыўных рэсурсаў патрыятычнага выхавання дзяцей і моладзі абмяркоўвалі ўдзельнікі рэспубліканскага семінара, які Міністэрства адукацыі правяло сумесна з Міністэрствам спорту і турызму. Непасрэдным арганізатарам мерапрыемства стаў Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства.

Семінары, прысвечаныя пытанням развіцця адукацыйнага турызму, рэгулярна праводзяцца на рэспубліканскім і рэгіянальным узроўнях. Так, у лістападзе мінулага года школьныя настаўнікі, педагогі дадатковай адукацыі, прадстаўнікі Міністэрства адукацыі дзяліліся думкамі, абменьваліся адпаведным вопытам работы падчас анлайн-сустрэчы. Тады было вырашана працягнуць распрацоўку маршрутаў, актыўней уключаць экскурсійныя аб’екты ў адукацыйны працэс, зрабіць падачу матэрыялу для экскурсантаў больш цікавай і разнастайнай, правесці шэраг іміджавых мерапрыемстваў па прасоўванні ўнутранага турызму.

А.К.Рудакова: “Нядаўна быў цікавы выпадак на маім уроку музыкі ў 4 класе. Пасля выканання песні “Балада аб салдаце” хлопчык, які наведаў “Лінію Сталіна”, гаворыць: “Алена Карлаўна, а вось я бачыў там танк, а мая мама сказала, што на такім танку яе дзед ваяваў”. У такія моманты разумееш, што ўся выхаваўчая работа, якую мы праводзім, проста неабходна”.

Што было зроблена за апошнія месяцы? Пра гэта можна было даведацца падчас рэальнай сустрэчы тых, хто адказвае за развіццё адукацыйнага турызму. Былі вызначаны прыярытэты развіцця турыстычна-экскурсійнай работы з навучэнцамі ў бягучым годзе, адбыўся абмен вопытам, знаёмства з новым фарматам правядзення экскурсій і экскурсійных тураў, абмеркавана распрацоўка новых і абнаўленне наяўных турыстычных маршрутаў. Акрамя таго, удзельнікі семінара азнаёміліся з выкарыстаннем патэнцыялу гісторыка-культурнага комплексу “Лінія Сталіна” і сталічнага храма-помніка ў гонар Усіх Святых у патрыятычным выхаванні дзяцей і моладзі.

“Ва ўстановах адукацыі нашай краіны склалася сістэма грамадзянска-патрыятычнага выхавання, якая рэалізуецца ў рамках адукацыйнага працэсу і з’яўляецца яго важным складнікам. Асноўным прыярытэтам выхаваўчай работы з’яўляюцца паслядоўнае і актыўнае садзейнічанне асобаснаму станаўленню грамадзяніна і патрыёта. У гэтых мэтах турыстычна-экскурсійную работу можна разглядаць як адзін з фактараў патрыятычнага выхавання маладога пакалення. Арганізацыя і правядзенне паходаў і экскурсій, выкананне краязнаўчых заданняў дапамагаюць больш даведацца пра свой край, глыбей спазнаць прыроду, гісторыю і культуру, іх узаемасувязь, прыняць удзел у стваральнай дзейнасці і развіцці сваіх здольнасцей. Удзел у такіх мерапрыемствах садзейнічае развіццю ў моладзі цікавасці да багатай гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі.

Хочацца звярнуць увагу на супрацоўніцтва ў галіне адукацыйнага турызму з Расійскай Федэрацыяй. Далучэнне дзяцей і моладзі нашых краін да заняткаў турызмам і краязнаўствам праз удасканаленне і разнастайнасць форм і метадаў патрыятычнага, грамадзянскага, маральнага выхавання і фізічнага развіцця моладзі садзейнічае фарміраванню не толькі ведаў і ўменняў, а і высокіх маральна-псіхалагічных якасцей”, — адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Эдуард Валянцінавіч Тамільчык.

Дарэчы, нядаўна Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства арганізаваў у Маскве на базе Дзелавога і культурнага комплексу Пасольства Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі правядзенне адукацыйнага семінара для турыстычных агенцтваў і цэнтраў дадатковай адукацыі Расійскай Федэрацыі. У семінары ўдзельнічалі каля 70 прадстаўнікоў сістэмы адукацыі Беларусі і Расіі, у тым ліку прадстаўнікі пасольства нашай краіны, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Міністэрства асветы Расійскай Федэрацыі. Падчас семінара былі прадстаўлены лепшыя экскурсійна-адукацыйныя і культурна-пазнавальныя праграмы, а таксама беларускі вопыт па развіцці адукацыйнага турызму. Быў падпісаны шэраг дакументаў аб супрацоўніцтве паміж установамі адукацыі Беларусі і Расіі, адбыўся абмен вопытам па арганізацыі экскурсійна-адукацыйных і культурна-пазнавальных праграм.

М.В.Масташова: “Наша краіна валодае значным гісторыка-культурным, архітэктурным, прыродным багаццем, што з’яўляецца асновай для распрацоўкі і складання турыстычна-экскурсійных маршрутаў. Калі іх распрацоўшчыкі з душой падыходзяць да справы, нязмушана прыцягваюць навучэнцаў да падарожжаў, то тады гэтак жа нязмушана, далікатна, годна мы прывіваем дзецям павагу, любоў да роднай краіны, фарміруем пачуццё патрыятызму”.

“Праведзены ў Маскве семінар паказаў, што тэма экскурсійнай работы надзвычай актуальная. Турыстычна-экскурсійная работа важная ў першую чаргу як адзін з аспектаў патрыятычнага выхавання, бо ў таго, хто не ведае роднага краю, не абышоў яго куточкі, мы не выхаваем любоў да Радзімы, такі чалавек не будзе грамадзянінам, — падзялілася дырэктар Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Алена Уладзіміраўна Ануфровіч. — Безумоўна, на арганізацыю турыстычна-экскурсійнай работы паўплывала пандэмія, але ў той жа час яна прымусіла нас паглядзець па-іншаму на ўнутраны турызм. Людзі пачалі больш звяртаць увагу на турыстычныя магчымасці Беларусі і разумець, што ў кожным куточку нашай краіны ёсць што паглядзець, вывучаць, ёсць унікальныя музеі, найцікавейшыя маршруты. І ні пра адзін маршрут не скажаш, што ён не патрыятычнай накіраванасці, бо ў кожным закладзена веданне гісторыі, культуры. А якія ўнікальныя зборнікі ствараюць педагогі, прычым нярэдка на некалькіх мовах!”

Па словах кансультанта аддзела планавання і арганізацыі турыстычнай дзейнасці Дэпартамента па турызме Марыны Веньямінаўны Масташовай, Міністэрства спорту і турызму шмат гадоў супрацоўнічае з Міністэрствам адукацыі ў плане выхавання падрастаючага пакалення, азнаямлення нашых навучэнцаў, студэнтаў з гісторыяй, культурай, прыродай роднага краю. “Нельга не заўважыць пазітыўную тэндэнцыю, калі ў распрацоўцы крэатыўных экскурсій удзельнічаюць не толькі тураператары, але і прадстаўнікі ўстаноў адукацыі. Беларускія навучэнцы, якія ўдзельнічаюць у розных конкурсах па краязнаўстве, вывучаюць нашу краіну, літаральна на прафесійным узроўні прадстаўляюць свае работы, так пазіцыянуюць сябе ў якасці экскурсаводаў-краязнаўцаў, што многія прафесіяналы могуць ім пазайздросціць”.

Тое, што ўстановы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі з’яўляюцца важным звяном у патрыятычным выхаванні, а турыстычна-экскурсійная работа — ад зін з найважнейшых рэсурсаў патрыятычнага выхавання навучэнцаў, пацвярджае дзейнасць аб’яднанняў па інтарэсах, шматлікія конкурсы і акцыі. “Наша галоўная задача — максімальна прыцягнуць навучэнцаў у дзейнасць па захаванні спадчыны краіны праз занятасць у аб’яднаннях па інтарэсах, практычных справах, удзел у праектах, экспедыцыях і экскурсіях, маштабных рэспубліканскіх праектах. Усе яны практыка-арыентаваныя, — адзначыла намеснік дырэктара РЦЭіК Лідзія Андрэеўна Жур. — У 2021 годзе ў нашай краіне стартавала маштабная ўсебеларуская маладзёжная экспедыцыя “Маршрутамі памяці. Маршрутамі адзінства”. Ініцыятыва рэалізацыі гэтага праекта невыпадковая. Экспедыцыі, турыстычныя паходы, экскурсіі заўсёды былі і застаюцца аднымі з самых эфектыўных форм далучэння дзяцей і моладзі да пазнання сваёй краіны. Таму і ўдзяляецца асаблівая ўвага арганізацыі экскурсійнай дзейнасці з дзецьмі і моладдзю”.

А.У.Ануфровіч: “Вельмі прыемна, калі выязджаеш у рэгіёны, сустракаешся там з педагогамі, якія выказваюць свой пункт гледжання адносна развіцця турыстычна-экскурсійнай работы, у іх свае падыходы, арыгінальны вопыт”.

Найбольш вядомым і запатрабаваным аб’ектам на “маршрутах памяці” для беларускіх навучэнцаў і педагогаў з’яўляецца гісторыка-культурны комплекс “Лінія Сталіна”. Па словах намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце Радашковіцкай сярэдняй школы Маладзечанскага раёна Алены Карлаўны Рудаковай, гісторыка-культурны комплекс дапамагае навучэнцам зразумець важнасць захавання гістарычнай памяці, асабліва памяці пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны, гераізм суайчыннікаў, усвядоміць адказнасць за лёс краіны. “Лінія Сталіна”, якая знаходзіцца ўсяго за 12 км ад Радашковіцкай сярэдняй школы, з’яўляецца адным з найбольш грандыёзных фартыфікацыйных ансамбляў на тэрыторыі Беларусі, які быў створаны да 60-годдзя Вялікай Перамогі. Адна з яго асаблівасцей — ваенна-гістарычны музей пад адкрытым небам, які дазваляе на рэальным ландшафце паглядзець сцэны ваенных падзей. Тое, што комплекс знаходзіцца пад адкрытым небам, ва ўмовах эпідэмічнай сітуацыі з’яўляецца выключна станоўчым момантам.

“На першай ступені агульнай сярэдняй адукацыі наведванне комплексу праводзіцца з мэтай азнаямлення навучэнцаў з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны, а таксама з героямі Вялікай Перамогі. Атрыманы вопыт ад убачанага і пачутага выкарыстоўваецца падчас правядзення класных, інфармацыйных гадзін. Важна, каб тэма подзвігу абмяркоўвалася дзецьмі не толькі з педагогамі, але і з бацькамі. Пасля наведвання комплексу ў рамках школьных мерапрыемстваў вучні малодшых класаў яшчэ нераз наведаюць “Лінію Сталіна”, але ўжо з бацькамі. На другой ступені навучання экскурсіі праводзяцца з мэтай вывучэння відаў баявой тэхнікі, дзотаў, авіяцыі, зброі. Атрыманую інфармацыю школьнікі выкарыстоўваюць на мерапрыемствах шостага школьнага дня, на квестах. На трэцяй ступені навучэнцы ўжо могуць выкарыстоўваць вопыт і веды, накопленыя падчас экскурсій, на ўроках па розных вучэбных прадметах, а таксама на мерапрыемствах шостага школьнага дня, класных гадзінах, пры правядзенні праекта “ШАГ”, — падзялілася Алена Карлаўна.

Протаіерэй Фёдар Поўны: “Выхаваўчы і адукацыйны патэнцыял экскурсій для падрастаючага пакалення вялізны. Але, думаецца, гэты патэнцыял не трэба зводзіць толькі да мемарыялаў як сведкаў гераізму народнага духу і чалавечых трагедый. Пры любой магчымасці неабходна выкарыстоўваць усе гістарычныя аб’екты ў адукацыйным працэсе. Чым больш дзеці, падлеткі, студэнты бачаць сваімі вачамі, а не проста ў падручніках, тым лепш разумеюць сябе і сваю ролю ў жыцці краіны”.

Акрамя экскурсіі на “Лінію Сталіна”, а таксама ў крыпту і музей храма-помніка ў гонар Усіх Святых, шмат гадзін удзельнікі семінара прысвяцілі абмену вопытам па арганізацыі турыстычна-экскурсійнай дзейнасці ў сваіх рэгіёнах. Нельга было не звярнуць увагу на думку, якая неаднаразова гучала падчас выступленняў: пасля вяртання з той ці іншай экскурсіі дзеці настолькі вобразна дзеляцца з бацькамі сваімі ўражаннямі, што ўжо ў наступны раз адпраўляюцца па вядомым маршруце разам з татамі і мамамі, дзядулямі і бабулямі, тым самым да вывучэння роднай Беларусі далучаюцца людзі самых розных узростаў і прафесій. Адукацыйны турызм — перспектыўны напрамак, які, безумоўна, варта развіваць.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА і з архіва Радашковіцкай сярэдняй школы Маладзечанскага раёна.