Станцыя “Экскурсійная”

З 1 па 24 жніўня пры Цырынскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе Карэліцкага раёна працаваў аздараўленчы лагер “Усмешка”. Яго наведвалі 17 вучняў 1—6 класаў. Работа ў лагеры была арганізавана ў рамках рэспубліканскай акцыі “Малая радзіма — ад вывучэння да дзеяння” пад знакам “Падарожжа па малой радзіме”.

Адна ў чалавека маці, адна ў яго Радзіма. З малых гадоў вучым мы дзяцей яе любіць і шанаваць, таму ўсе мерапрыемствы былі накіраваны на вывучэнне гісторыі і культуры роднага краю, выхаванне любві да сваёй малой радзімы. Кожны дзень выхаванцы лагера адпраўляюцца на вясёлым паравозіку на новую станцыю. Дзеці пабывалі на станцыях “Мае Карэлічы”, “Падарожжа ў мінулае”, “Прафесіі маёй мясцовасці”, “Голас маёй зямлі”, “Імі мы ганарымся”, “Добрыя ўчынкі”, “Конкурсная”, “Пазнавальная” і інш.

Здавалася б, дзеці ведаюць усё пра сваю мясцовасць, але як загараліся іх вочкі, калі яны падчас экскурсіі “Мой аграгарадок — куток умелых рук”, наведвання музея баявой і працоўнай славы, пры сустрэчы з народнымі ўмельцамі даведваліся нешта новае пра даўно знаёмыя мясціны, адкрывалі з новага боку даўно знаёмых людзей як таленавітых умельцаў.

Самай насычанай і запамінальнай стала дзейнасць на станцыі “Экскурсійная”. Выхаванцы лагера шмат падарожнічалі па родным аграгарадку Цырын, Карэліцкім раёне, пабывалі і за яго межамі: адкрылі для сябе непаўторныя куточкі роднай прыроды, знакамітыя мясціны, незвычайныя аб’екты. Наведаўшы раённы краязнаўчы музей у Карэлічах, дзеці даведаліся пра знакамітых людзей карэліцкай зямлі, разнастайны жывёльны і раслінны свет Беларусі. Самыя яркія ўражанні засталіся ад экскурсіі на Замкавую гару ў Навагрудку і наведвання сядзібы ў вёсцы Літоўка Навагрудскага раёна. Выхаванцы з вялікай цікавасцю разглядалі сюжэты, кампазіцыі, рэчы, зробленыя з каменю, драўніны, металу. А на адной са сцен можна было пазнаёміцца з сучаснай картай з абазначэннямі ўсіх беларускіх замкаў. На фоне скульптуры “Дух лесу” выхаванцы сфатаграфаваліся. Наведванне турыстычнай вёскі “Белыя лугі” дапамагло дзецям зазірнуць у мінулае, параўнаць умовы жыцця продкаў і свае, дакрануцца да гісторыі.

Гарачае надвор’е нібыта гаварыла: “Бяжым купацца”. Паездкі на возера Свіцязь — сапраўднае свята для дзяцей. Вось дзе і адпачынак, і магчымасць палюбавацца прыгажосцю роднай прыроды, і даведацца пра нешта новае праз знаёмства з паданнямі і легендамі.

Адпачынак у лагеры застанецца ў памяці дзяцей надоўга. Вучні адкрылі для сябе шмат новага і пазнавальнага.

Галіна ЗІНЧАНКА,
выхавальнік лагера “Усмешка”
Цырынскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Карэліцкага раёна.