Стапрацэнтны вынік

Два сярэбраныя і адзін бронзавы медалі — такі вынік удзелу нашых школьнікаў у ХХ Міжнароднай канферэнцыі маладых вучоных ICYS (International Conference of Young Scientists), якая днямі закончылася на інданезійскім востраве Балі.

Сёлетняя канферэнцыя была юбілейнай. У ёй удзельнічалі 135 школьнікаў з 23 краін свету, якія прадстаўлялі 115 дакладаў па шасці секцыях: матэматыкі, інфарматыкі, тэарэтычнай фізікі, прыкладной фізікі, экалогіі і навукі аб навакольным асяроддзі.
Б.В. Задворны, У.П. Паўловіч, З.Якубоўскі, А.Стадольнік, М.Бязрукаў, В.У. Жылко.Наша каманда штогод прымае ўдзел у гэтым інтэлектуальным спаборніцтве і кожны раз вяртаецца з медалямі. Сёлетні вынік таксама выдатны — усе тры даследчыя праекты, прадстаўленыя на канферэнцыі, атрымалі медалі. Сярэбранымі медалямі былі адзначаны Максім Бязрукаў, навучэнец гімназіі № 41 Мінска імя В.Х.Сярэбранага, і Аляксандр Стадольнік, навучэнец гімназіі № 13 Мінска, за праект па матэматыцы “Гульні перкаляцый на графах Кэлі-груп”, а таксама Уладзіслаў Паўловіч, навучэнец Ліцэя БДУ, за распрацоўку праекта па інфарматыцы “Алгарытмы генерацыі дрэў”. Бронзавы медаль заваяваў Захар Якубоўскі, навучэнец гімназіі № 1 Жодзіна, за даследаванне па фізіцы па тэме “Перкаляцыя як мадэль фазавага пераходу”.
Права прадстаўляць нашу краіну на гэтым прэстыжным інтэлектуальным спаборніцтве прадастаўляецца пераможцам рэспубліканскага навукова-практычнага конкурсу, якія да таго ж выдатна ведаюць англійскую мову — каб годна перад аўтарытэтным журы прадставіць і абараніць сваю работу. Абарона праектаў адбываецца публічна, як і на нашым рэспубліканскім конкурсе навукова-даследчых праектаў, гэта значыць, што ўдзельнікі секцыі могуць паслухаць усе даклады, самастойна ацаніць іх узровень, а таксама бачыць работу членаў журы. Як вядома, у склад журы канферэнцыі ўваходзяць выдатныя вучоныя свету, у тым ліку і беларускія. Кожны з іх спецыяліст у пэўнай галіне, таму, натуральна, што больш пытанняў задае той, каму блізкая тэма даследавання маладога вучонага, а астатнія пры гэтым могуць больш глыбока ўнікнуць у саму работу. Пры такой форме абароны юныя даследчыкі павінны ўмець выступаць перад аўдыторыяй і структураваць свой тэкст выступлення, каб ён быў пададзены найлепшым чынам за адведзены час.
Як расказаў Б.В.Задворны, намеснік дэкана факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ, кандыдат фізіка-матэматычных навук, дацэнт, які ў гэтым годзе ўдзельнічаў у рабоце журы секцыі матэматыкі на ХХ Міжнароднай канферэнцыі маладых вучоных ICYS, традыцыйна на гэтай канферэнцыі на секцыі матэматыкі самыя лепшыя даклады прадстаўляюць маладыя вучоныя з Усходняй Еўропы. У гэтым годзе, у прыватнасці, галоўную ўзнагароду заваяваў школьнік з Санкт-Пецярбурга. Мы таксама можам ганарыцца перамогамі нашых юных матэматыкаў, якія штогод адзначаюцца рознымі медалямі. У гэтым годзе іх даклад быў адзначаны сярэбраным медалём, а ў папярэднія — залатым. Усё гэта сведчыць пра тое, што ў нашай краіне пабудавана эфектыўная сістэма пошуку, адбору і работы з юнымі даследчыкамі.
За некалькі дзён, праведзеных у Інданезіі, нашы школьнікі не толькі годна прадставілі свае навуковыя даследаванні і атрымалі медалі, але і пазнаёміліся з краінай і знайшлі новых сяброў. Для нефармальных зносін таксама быў прадугледжаны час. Маладыя вучоныя маглі атрымаць новыя адчуванні падчас рафтынга па горнай рэчцы, вандруючы па незвычайным востраве, а яшчэ дадаткова прадэманстраваць свае інтэлектуальныя і спартыўныя здольнасці ў інтэлектуальна-спартыўным спаборніцтве.

Святлана КІРСАНАВА.

kirsanava@ng-press.by