Старадарожская “батурка”

- 11:28Выхаванне

Беларусь — край шматпакутны, праз які прайшло мноства разбуральных і крывавых войн. Розныя захопнікі знішчылі мільёны нашых землякоў, нанеслі страшэнныя страты гаспадарцы і культуры народа. Але беларусы не былі ахвярным статкам, умелі сябе бараніць. У гэтым перакананы адзінаццацікласнікі сярэдняй школы № 2 Старых Дарог Дзмітрый Візер і Раман Парахневіч. Хлопцы некалькі гадоў вывучаюць рэдкія для Беларусі адзінкі зброі і асаблівасці яе з’яўлення на тэрыторыі сучаснай Старадарожчыны. Размова ідзе пра меч ХІV—XV стагоддзяў і шаблю-“батурку” XVІ стагоддзя.

Цікавасці выяўлення такой зброі на тэрыторыі Старадарожчыны надае той факт, што гэтыя мясціны сярод навукоўцаў лічацца глухімі ў плане магчымасці існавання тут значных знаходак. Першапачатковыя звесткі пра рыцарскі меч са Старых Дарог былі атрыманы з артыкула Юрыя Бохана “Меч з Верхнядзвінска Віцебскай вобласці” ў “Беларускім гістарычным часопісе” за 2003 год. Цікаўнасць вучняў прывяла іх да вывучэння навуковых крыніц савецкіх даследчыкаў Марыі Дзянісавай, Анатоля Кірпічнікава, англічаніна Эварта Аўкшота, беларуса Юрыя Бохана, публікацый у інтэрнэце.

Такія мячы, як старадарожскія, належаць да тыпу XVa, вырабляліся недзе ў 1350-я — 1420-я гады. Даўжыня мяча — 105 см. Прызначаўся ён для колючых удараў супраць добра абароненых рыцараў. Самай неверагоднай адметнасцю старадарожскага мяча з’яўляецца выбіты на клінку знак ваўчка. Ён сведчыць пра тое, што зброя была выраблена майстрамі нямецкага горада Пасау — аднымі з лепшых збройнікаў тагачаснай Заходняй Еўропы. Анатоль Кірпічнікаў у 1966 годзе адзначаў, што такіх мячоў на тэрыторыі СССР толькі два. Адзін з іх належаў пскоўскаму князю Даўмонту, другі — са Старых Дарог (яшчэ адзін у 1977 годзе знайшлі ў раёне Ліды. — Заўвага аўтара). Мы даведаліся, што старадарожскі меч знаходзіцца ў Маскве ў Дзяржаўным гістарычным музеі і трапіў ён туды, калі беларускія землі ўваходзілі ў склад Расійскай імперыі. Кім быў знойдзены меч, каму перададзены і як трапіў у Маскву — гэта яшчэ належыць высветліць юным даследчыкам.

Калі ўлічваць прыблізны час вырабу такіх мячоў, можна меркаваць, што ён выкарыстоўваўся падчас Грунвальдскай бітвы. Зразумела, што меч, ды яшчэ заходнееўрапейскага паходжання, мог належаць рыцару. Але якому — мясцоваму ці іншаземнаму? Тут можна прапанаваць дзве версіі: гэта зброя мясцовага заможнага шляхціца, удзельніка бітвы; гэтая зброя з’яўлялася трафеем удзельніка войска ВКЛ са Старадарожчыны і была ўзята ў палоннага або забітага крыжака.

Калі аб старадарожскім мячы можна разважаць толькі на аснове малюнка, зробленага Марыяй Дзянісавай у 1953 годзе, і навуковых прац, дык наступны рарытэт старадарожскія школьнікі трымалі ў сваіх руках. Шабля другой паловы XVІ стагоддзя была знойдзена адным з рабочых лясніцтва недалёка ад таго месца, дзе праводзіліся археалагічныя раскопкі з удзелам школьнікаў. Гэта вёска Заастроўе Старадарожскага раёна. З крыху выгнутым клінком, які быў завостраны з аднаго боку, шабля мае агульную даўжыню больш за 60 см. У Інстытуце гісторыі НАН Беларусі вызначылі, што зброя была выраблена падчас Лівонскай вайны. Кароль Рэчы Паспалітай Стэфан Баторый праводзіў пераўзбраенне сваіх армейскіх сіл. Па яго загадзе на тэрыторыі Польшчы сталі масава вырабляць новы тып шабель па венгерскім узоры. Шабля трапіла на ўзбраенне гусараў. Яе сталі называць ад імя Баторыя — “батораўка” ці “батурка” (беларусы называлі свайго караля Сцяпан Батура. — Заўвага аўтара). Старадарожская шабля магла выкарыстоўвацца як у Лівонскай вайне, так і падчас іншых узброеных канфліктаў.

Унікальныя для Беларусі адзінкі зброі часоў ВКЛ, вывучэнне якіх старадарожскія школьнікі плануюць працягваць, не толькі чарговы раз пераконваюць, што Беларусь была скрыжаваннем войн, але і паказваюць, што яшчэ ў далёкія часы Вялікага Княства Літоўскага складваўся падмурак сучаснай беларускай арміі, фарміраваўся баявы дух абаронцы Айчыны.

Віталь ЮРЭВІЧ,
настаўнік гісторыі сярэдняй школы № 2 Старых Дарог.
Фота аўтара.