Старанна я пішу

- 13:54Нам пішуць

На пачатку снежня ў Доцішскай сярэдняй школе Воранаўскага раёна адбылася цікавая падзея — тыдзень пачатковых класаў пад назвай “Работы да самай суботы”. Для першакласнікаў гэта было ўпершыню, а вучні 2—4 класаў ужо ведалі: кожны знойдзе сабе справу па цікавасцях і здольнасцях.

Першы дзень тыдня пад назвай “З кім пазнаешся, такім i станешся” пачаўся са святочнага адкрыцця. Адбылася сустрэча з медыцынскай сястрой, дзе вучні атрымалі парады “Трымай ногі ў цяпле, жывот у голадзе, а галаву ў холадзе!” Відэаролік “Урокі бяспекі” нагадаў аб неабходнасці флікера ў цёмны час сутак. А далей — паказ-дэфіле “Флікер насіць модна!” Першы дзень завяршыўся дыскатэкай “Здароваму ўсё здорава”.

Другі дзень тыдня пачатковых класаў пад назвай “У сваім краю як у раю” быў прысвечаны малой радзіме. Дзень пачаўся з музычнай зарадкі “Раніцою ў школу мы прышлі ізноў…” Удзельнікі выстаўкі малюнкаў “Любімыя мясціны” размясцілі свае шэдэўры на пробкавай дошцы. Тут кожны можа на іх палюбавацца і пазнаць родную вёску. Дзве каманды “Светлячкі” і “Праменьчыкі” ўдзельнічалі ў віктарыне “Як ты сэрцу майму міла…” Перамаглі наймацнейшыя: імі аказаліся “Светлячкі”. Выстаўка “Зашыфраваныя словы” дала магчымасць вучням запомніць слоўнікавыя словы. А група навучэнцаў з 20 чалавек адправілася на экскурсію ў музей горада Ліды.

Трэці дзень тыдня пад назвай “Дзетак узгадаваць — не курак пасклікаць” быў прысвечаны сямейнаму выхаванню. Прыемна было бачыць бацькоў, якія знайшлі час наведаць урокі і атрымаць індывідуальныя кансультацыі. Для ўсіх — выстаўка фотаздымкаў “Чытаем усёй сям’ёй”. Парадавалі фотаздымкі, на якіх можна было ўбачыць усіх членаў сям’і за чытаннем любімых кніг.

“Навуку за плячамі не носяць” — пад такой назвай прайшоў чацвёрты дзень тыдня пачатковых класаў — і алімпіяды па любімых прадметах.

На конкурс “Самы лепшы дзённік” былі прадстаўлены дзённікі 3 і 4 класаў. На выстаўку сшыткаў “Старанна я пішу” выбраны лепшыя і акуратныя сшыткі вучняў 1 і 2 класаў.

У дзень пад назвай “Адзін у полі не воін” самыя артыстычныя ўзялі ўдзел у мультканцэрце. Ахвотных было шмат. Выстаўка вырабаў “Чароўныя цацкі” ўразіла як вучняў, так і настаўнікаў. З чаго толькі не змайстравалі навагоднія цацкі вучні разам са сваімі бацькамі!

Апошні дзень прайшоў пад назвай “Здароўе згубіш — новае не купіш”. Зацікавіў бібліятэчны ўрок “Быць здаровым — здорава!” У завяршэнне ўсіх чакала спартыўнае свята “Маладзецкія забавы”.

Хто аказаўся самым дысцыплінаваным вучнем класа і самым старанным на працягу тыдня, даведаліся на заключнай лінейцы. Тых, хто не атрымаў у канцы тыдня ўзнагароду, не засталося. Прыемна было бачыць задаволеныя твары навучэнцаў і педагогаў.

Гражына ЦЫРОНАК,
настаўнік пачатковых класаў.