Стараннасць і мэтанакіраванасць

Пяць гадоў райкам прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Быхаўскага раёна Магілёўскай вобласці ўзначальвае Алена Шынялёва. За гэты час мэтанакіраваны кіраўнік грамадскай арганізацыі дасягнула значных вынікаў на прафесійнай ніве, з аптымізмам глядзіць у будучыню, карыстаючыся заслужаным аўтарытэтам і даверам калег.

Алена Мікалаеўна нарадзілася і вырасла ў Быхаве ў многадзетнай сям’і. Пасля заканчэння сярэдняй школы № 2 паступіла на факультэт славянскай філалогіі Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова, які паспяхова скончыла. Размеркаванне атрымала на работу настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў Глухскі ВПК імя маршала авіяцыі Героя Савецкага Саюза Сцяпана Красоўскага. Старан­насць, добрасумленная праца, душэўнасць маладога спецыяліста былі заўважаны ў калектыве настаўнікаў і адміністрацыі школы, таму ўжо праз тры гады работы А.М.Шынялёву аднагалосна выбралі старшынёй пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі, а крыху пазней зацвердзілі на пасадзе намесніка дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце.

Ініцыятыўнага педагога хутка ўключылі ў рэзерв на пасаду старшыні райкама прафсаюза адукацыі і навукі. У 2014 годзе на справаздачна-выбарнай канферэнцыі работнікаў Адукацыі і навукі дэлегаты выбралі Алену Шынялёву сваім лідарам.

Стварэнне належных умоў для работы і адпачынку настаўнікаў, выплата заробкаў, прэмій, аказанне матэрыяльнай дапамогі, пытанні аховы працы, строгае выкананне працоўнага заканадаўства, а таксама далейшае працаўладкаванне педагогаў, якія страцілі работу ў час аптымізацыі школ, — над усім гэтым працуе Алена Мікалаеўна.

Быхаўская раённая арганізацыя Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі, якую ўзначальвае А.М.Шынялёва, сёння аб’ядноўвае 33 пярвічныя прафсаюзныя арганізацыі. Толькі ў 2018 годзе з прафсаюзнага бю­джэту аказана матэрыяльная дапамога 160 членам прафсаюза. Разгледжана таксам 57 вусных і 174 пісьмовыя звароты работнікаў сістэмы адукацыі, праве­дзены маніторынг па пытаннях кантрактнай формы найму з мэтай прадухілення і ўстаранення парушэнняў дзеючага заканадаўства.

Алена Шынялёва — надзвычай справядлівы чалавек, таму яе пастаянна хвалюе жыццё і лёс усіх членаў прафсаюза, яна стараецца пачуць кожнага, зразумець яго і дапамагчы не толькі словам, але і справай. Пры гэтым у рабоце з людзьмі яна заўсёды прытрымліваецца прынцыпу: усё павінна адпавядаць дзеючаму заканадаўству, быць прымальным з прафесійнага і чалавечага пункту гледжання.

Прафсаюзны лідар клапатліва ста­віцца да ветэранаў працы, асабліва да тых, хто перажыў жахі Вялікай Айчыннай вайны. Яна разумее, што патрыятычны, выхаваўчы і настаўніцкі вопыт мінулых пакаленняў каштоўны і сённяшняму педагогу вельмі неабходны, таму разам са сваім актывам усяляк імкнецца ўмацоўваць гэтае вельмі важнае сувязнае звяно ў моцным ланцугу адукацыйнага працэсу, прапагандуючы жыццёвы, сямейны, працоўны вопыт педагагічных дынастый, таленавітых маладых настаўнікаў, самых дастойных ветэранаў педагагічнай працы.

— Жыццё прафсаюзнага лідара асаблівае. У ім многа знаходак і ўдач, часам няўдач, сумненняў, пра якія прыходзіцца не забываць нават у нерабочы час. Але што да Алены Мікалаеўны, то яна ніколі не пасуе перад цяжкасцямі. Яе зацягвае творчы вір падзей, дзе многа розных, часам нечаканых сітуацый і паваротаў, а іншы раз няма калі і азірнуцца, няма калі спыніцца, асэнсаваць, прааналізаваць сутнасць справы. І тады яна, упэўненая ў сабе (не блытаць з самаўпэўненасцю), зараджае сваёй энергіяй і прымушае ўсіх, уключаючы ветэранаў, заставацца маладымі душой, думкамі, рабіць яшчэ больш, яшчэ лепш. Зносіны з гэтым чалавекам заўсёды дораць навакольным зарад бадзёрасці і аптымізму. Менавіта такі ў нас прафсаюзны лідар — прынцыповы і ў той жа час душэўны чалавек, — гаворыць старшыня Савета ветэранаў педагагічнай працы Людміла Банадысева.

Алена Шынялёва не па чутках ведае, наколькі загружаны, а іншы раз і эмацыянальна выпусташаны сучасны настаўнік, таму клапаціцца пра яго проста неабходна, да гэтага вымушае само жыццё. Зыходзячы з яго аб’ектыўных рэалій, не толькі адукацыйны працэс, але і турызм, спорт, краязнаўства, розныя віды творчасці пастаянна знахо­дзяцца ў шырокім полі зроку.

Прафсаюзны лідар упэўнена, што сённяшні работнік, незалежна ад роду яго дзейнасці, не толькі павінен, але і абавязаны быць у добрай фізічнай форме, заставацца жыццярадасным, прыходзіць на работу толькі з добрым настроем і, стараючыся не страчваць яго на працягу дня, з такім жа настроем вяртацца дадому. Тады ад такога работніка будзе жаданы вынік у працы, ды і ў сям’і.

Алена Мікалаеўна ўпэўнена, што людзі павінны часцей мець зносіны адно з адным, таму ў пярвічных прафсаюзных арганізацыях праходзяць мерапрыемствы, якія аб’ядноўваюць, спрыяюць духоўнаму, інтэлектуальнаму супрацоўніцтву членаў прафсаюзаў, для іх арганізоўваецца вольны час: водныя паходы на байдарках, турыстычныя злёты, штогадовыя спартакіяды, паездкі па гістарычных месцах, наведванне тэатраў, канцэртаў, агляды мастацкай самадзейнасці, спартыўна-аздараўленчыя мерапрыемствы. Часта Алена Мікалаеўна — арганізатар такіх мерапрыемстваў, прымае непасрэдны ўдзел у іх правядзенні, што з’яўляецца добрым прыкладам для пераймання.

Радасна, што галіновы прафсаюз дапамагае набываць абанементы на наведванне басейна, трэнажорнай залы, арганізоўвае перыядычныя сустрэчы са спецыялістамі па розных кірунках здаровага ладу жыцця.

Можна назваць яшчэ шмат добрых спраў Алены Шынялёвай, але яна сціпла гаворыць, што пералічваць іх наўрад ці варта. У гэтым няма неабходнасці. Яна проста стараецца якасна і добрасумленна выконваць свае абавязкі, патрабуючы ад падначаленых такога ж стаўлення да справы. Абыякавых, нейтральных людзей старшынямі прафсаюзных камітэтаў у сістэме адукацыі Быхаўшчыны даўно не выбіраюць. Гэтую работу неабходна не толькі любіць, але і выконваць яе, не лічачыся з асабістым часам.

Сяргей ЛЕЎЧАНКА.
Фота аўтара.