Стараннасць і працавітасць стануць пропускам у шчаслівае жыццё

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка накіраваў прывітанне выпускнікам устаноў агульнай сярэдняй адукацыі краіны.

Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.

“Празвінеў апошні школьны званок. Адзінаццаць гадоў назад ён паклікаў на першы ўрок малых, а сёння выпраўляе ў дарослае жыццё юнакоў і дзяўчат. Зараз думкі, планы і мары кожнага з вас накіраваны ў будучыню. Якім яно будзе, шмат у чым залежыць ад выбару прафесійнага шляху і рэалізацыі свайго прызвання. Куды б ні вёў гэты выбар, памятайце: вы патрэбныя сваёй Радзіме”, — гаворыцца ў прывітанні.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў Беларусі шмат зроблена для таго, каб маладыя людзі маглі раскрыць на роднай зямлі свае таленты, стаць паспяховымі, адчуваць сябе па-сапраўднаму шчаслівымі і ўпэўненымі ў заўтрашнім дні. “Але аўтарамі ўласнага лёсу застаяцеся вы. Стараннасць і працавітасць будуць пропускам у шчаслівае жыццё. Ва ўмовах прафесійнай канкурэнцыі вышыні дасягнуць самыя адукаваныя, кампетэнтныя і крэатыўныя”, — звярнуў увагу прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што важна не толькі стаць высакакласным спецыялістам, але і адбыцца як асобе, сталай і адказнай, прынесці карысць людзям і ўпісаць свае дасягненні ў гісторыю роднай Беларусі. “Стаўце амбіцыйныя мэты, спяшайцеся насустрач марам. Няхай лёс будзе да вас добразычлівым, жыццё — яркім, цікавым і мірным!” — пажадаў ён выпускнікам.

Апошні званок для выпускнікоў празвінеў учора ў школах Беларусі. У гэтым навучальным годзе ў краіне функцыянуюць 3067 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, у якіх навучаюцца 994,5 тысячы навучэнцаў. У 9-х класах вучацца 85 тысяч хлопчыкаў і дзяўчынак, у 11-х — 58 тысяч.

Упершыню ў гэтым годзе на рэспубліканскім узроўні было праведзена свята “Апошні званок”, якое прайшло ўчора ў комплексе “Мінск-Арэна”. У ім прынялі ўдзел выпускнікі 11-х класаў Мінска, а таксама з рэгіёнаў — па 100 лепшых выпускнікоў з усіх абласцей. 600 выпускнікоў прыбылі з Мінскай вобласці — усяго больш за 8 тысяч чалавек.

Наперадзе — экзамены і выпускныя вечары з уручэннем атэстата сталасці. Навучэнцы 9-х класаў будуць здаваць тры абавязковыя выпускныя іспыты: рускую і беларускую мовы (дыктоўкі), матэматыку (кантрольная работа). Навучэнцы 11-х класаў выканаюць кантрольную работу па матэматыцы, напішуць пераказ па беларускай або рускай мове (па выбары вучня), а таксама здадуць замежную мову і гісторыю Беларусі ў вуснай форме. Выпускныя вечары пройдуць 9 чэрвеня.

Падрыхтавала Вольга ДУБОЎСКАЯ.