Старая песня пра галоўнае

- 11:59Навіны рэгіёнаў

У кавер-версіі, якую стварылі на песню “Шукаю цябе” з кінафільма “31 чэрвеня” настаўнікі гомельскай сярэдняй школы № 30, сёння больш за 18 тысяч праглядаў на канале YouTube.

У школе ёсць музычнае аддзяленне. Настаўнікі так засумавалі па вучнях, што вырашылі прызнацца ў сваіх пачуццях і знялі для іх кліп. Да таго ж заахвоцілі спяваць нават выкладчыкаў фізкультуры. У праекце ўдзельнічалі больш за 30 чалавек, працавалі каля двух тыдняў.

Дырэктар установы Наталля Кандрацьева расказвае, што звычайна ў канцы навучальнага года ў іх бываюць справаздачныя канцэрты і апошні званок праходзіць у суправаджэнні некалькіх хароў і вакальных калектываў, у тым ліку і настаўніцкіх:

— У сувязі з эпідэмічнай сітуацыяй мы пазбаўлены магчымасці парадаваць дзяцей, бацькоў і сябе. Вось і ўзнікла ідэя, каб усім падняць настрой. Настаўнік па вакале Аліна Гаравая прапанавала ідэю, яе падтрымалі ўсе музыканты — у нас жа творчы калектыў. Падключыліся філолагі, якія рэдагавалі тэкст.

Сучасныя тэхналогіі, размяшчэнне па сацыяльных сетках і ў групах месенджара — і песня пайшла ў масы. За суткі кранальны кліп, апублікаваны ў “Аднакласніках”, набраў дзясяткі лайкаў і рэпостаў. Далей ужо кіраўніцтву школы ўсе тэлефанавалі і прасілі дазвол на тое, каб размясціць на розных рэсурсах. Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Святлана Пайкова гаворыць, што першымі песню ацанілі вучні:

— А потым па групах хутка разышлася наша перапеўка. Вучні і бацькі былі такія шчаслівыя. Сталі пісаць у месенджарах: “Мы так сумуем па настаўніках, а вы тут так добра праспявалі. Мы і не ведалі, якія вы артысты”. А артысты самі ў шоку. Урэшце мы вырашылі, што зробім такі ж пазітыўны праект да пачатку навучальнага года.

Педагогі ў роліку заклі­каюць не адчайвацца і абяцаюць, што неўзабаве ўсё бу­дзе добра. Паглядзець супрацьвіруснае відэа на канале YouTube цяпер можна і па QR- кодзе:

Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Фота аўтара.